• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Маштабаванне ці лакалізацыя. Як беларускія рэгіянальныя медыя пераасэнсоўваюць працу ў выгнанні

    Вымушаная рэлакацыя і страта фізічнай прысутнасці ў сваіх гарадах пасля 2020 года паставілі незалежныя рэгіянальныя СМІ Беларусі перед фундаментальным выбарам: зліцца з агульнанацыянальнай інфаплынню ці шукаць новыя формы працы з рэгіёнамі. Досвед BGme­dia з Брэста і «Медыя-Палессе» дэманструе два розныя шляхі адаптацыі.

    вокладка рэгіёны СМІ

    Ілюстрацыя створана БАЖ з выкарыстаннем Gem­i­ni

    Пераход у лічбавую прастору

    Вымушаная эміграцыя і страта фізічнай прывязкі да свайго першаснага рэгіёна стала для незалежных беларускіх медыя ключавым выклікам апошніх гадоў. Аднак досвед трансфармацыі «Брэсцкай газеты» ў BGme­dia дэманструе, як прымусовае выгнанне канвертавалася ў стратэгічны драйвер развіцця. Страціўшы магчымасць працаваць «у полі» ў сваім горадзе, рэдакцыя пераадолела геаграфічныя абмежаванні і ператварылася з лакальнага выдання ў мультыплатформенны цэнтр маніторынгу рэгіянальнага жыцця ўсёй Беларусі.

    Эвалюцыя фармату медыя адбывалася праз грунтоўныя структурныя змены. У 2002–2021 гадах выданне працавала ў класічным фармаце друкаванай газеты з лакалізаванай сеткай паштовага распаўсюджвання і падпіскі ў межах Брэста і вобласці.

    Згубіўшы папяровую версію і фізічную прысутнасць праз ціск уладаў (рэдакцыя працуе ў выгнанні ўжо больш за тры гады, а яе галоўны рэдактар Віктар Марчук знаходзіцца за мяжой пяць гадоў), выданне пазбавілася лакальных абмежаванняў. Інфармацыйны прастор інтэрнэту дазволіў пашырыць практыку і вопыт рэдакцыі на ўсе куткі краіны.

    Што характэрна, «Брэсцкая газета» свядома адмовілася ад абстрактнага агульнанацыянальнага палітычнага парадку дня. Выключэннем з’яўляюцца толькі кароткія гарызантальныя відэакаментары галоўнага рэдактара адносна заяў Лукашэнкі. Асноўны ж фокус выдання засяроджаны на маніторынгу штодзённага жыцця ў беларускіх рэгіёнах.

    Працоўны працэс журналістаў у выгнанні набыў сваю спецыфіку. У рэдакцыі замацаваліся ўнутраныя зоны адказнасці: журналісты курыруюць вызначаныя рэгіёны і тэрыторыі паводле рэдакцыйнага размеркавання. Дзякуючы пастаяннаму маніторынгу мясцовых праблем і дэталізаванаму аналізу, рэдакцыя сфармавала высокі ўзровень экспертнасці — журналісты выдатна арыентуюцца ў геаграфіі і назвах вуліц гарадоў, у якіх фізічна ніколі не былі, і здольныя віртуальна «правесці па іх экскурсію», кажа Віктар Марчук.

    Віктар Марчук

    Віктар Марчук. Вясна ў Брэсце, 2021 год. Фота: з асабістага архіва

    Паводле Віктара Марчука, такое паглыбленне ў рэгіянальны побыт «дазваляе фіксаваць рэальны стан рэчаў у краіне»:

    «Аналіз навін з рэгіёнаў выклікае шокавую рэакцыю і сведчыць пра паглыбленне сістэмнага крызісу. Тое, што адбываецца зараз у рэгіёнах, гэта вельмі здзіўляе… калі там на працягу некалькі тыдняў каналізацыя цячэ ў падвал кватэрнага дому і ніхто нічога не можа з гэтым зрабіць. Ну ці брылькі над пад’ездамі — дом з трох пад’ездаў, і з іх у адзін дзень два гэтых брылькі абрынаюцца… Ёсць адчуванне, што з кожным днём у беларускай правінцыі сітуацыя ўсё горшае».

    Мультыплатформенная экасістэма: канвертацыя тэкстаў у візуальны кантэнт і глабальны ахоп

    Віктар Марчук зазначае, што новы фармат рэгіянальнага маніторынгу запатрабаваў стварэння адпаведнай мультыплатформеннай інфраструктуры дыстрыбуцыі, здольнай даносіць гэтую інфармацыю да чытача праз цэнзурныя бар’еры.

    Ва ўмовах татальнай цэнзуры і блакавання вэб-сайтаў унутры Беларусі, на думку Марчука, адзіным эфектыўным спосабам утрымання сувязі з аўдыторыяй становіцца сеткавая дыверсіфікацыя і трансфармацыя тэкставага кантэнту ў кароткія візуальныя фарматы. 

    Менавіта кароткія відэафарматы (Shorts, Reels, Tik­Tok) ў 2024 годзе сталі ключавой прарыўной тэхналогіяй для абыходу дзяржаўных сеткавых блокаў. Алгарытмы рэкамендацыйных сістэм сацыяльных платформаў дазваляюць дастаўляць кантэнт карыстальнікам унутры краіны нават без абавязковага выкарыстання VPN, што робіць візуалізацыю галоўным інструментам прарыву інфармацыйнай блакады.

    BGme­dia выбудавала экасістэму, дзе базавыя тэкставыя артыкулы з сайта адаптуюцца відэамантажорамі і відэажурналістамі пад патрабаванні сучасных сацыяльных платформаў.

    Значная частка заходзіць праз VPN (Нарвегія на 1‑м месцы па трафіку BGme­dia). Што ёсць: YouTube-канал (тут і пра міжнародны парадак дня — Беларусь, Расія, вайна ва Украіне), які чапляе, паводле Марчука, і расійскую аўдыторыю; два каналы Tik­Tok, больш прысвечаныя беларускай рэгіянальнай павестцы.

    «На адным з каналаў у нас 157 000 падпісчыкаў, мы вельмі добра ахопліваем Беларусь праз фармат кароткіх відэа», — кажа галоўны рэдактар.

    Таксама маецца два акаўнты ў Insta­gram, адзін міжнародны, другі — выключна беларускі. «Распрацоўваем Reels для розных сегментаў аўдыторыі, робім кароткія відэаролікі на базе тэкставых артыкулаў, і магу сказаць пра мільённыя прагляды ва ўсіх нашых сетках», — зазначае Марчук.

    «Змагаемся і з расійскай прапагандай. У нашым YouTube-канале мы свядома выйшлі на міжнародную праблематыку, асвятляючы падзеі ў Расіі і вайну ва Украіне. Мы выкарыстоўваем свой рэсурс для адваротнага ўплыву на расійскую аўдыторыю», — тлумачыць журналіст.

    Сярэднемесячны паказчык агулам складае каля 40 мільёнаў праглядаў (сярэдняе арыфметычнае за восем месяцаў працы), а на беларускаарыентаваных платформах доля карыстальнікаў з Беларусі складае ад 75% да 95%.

    Віктар Марчук

    Віктар Марчук. Лазенкі, 2023 года. Фота: з асабістага архіва

    Такая высокая папулярнасць кароткага відэафармату і мільённыя прагляды патрабуюць ад рэдакцыі забеспячэнне лічбавай бяспекі аўдыторыі ва ўмовах татальнага пераследу іншадумства ў Беларусі. Праца з інфармацыяй «з палёў» патрабуе ад каманды строгага выканання пратаколаў канфідэнцыйнасці, каб не раскрываць крыніцы.

    Выданне цалкам перанакіравала каналы камунікацыі ў закрыты сегмент і адмовілася ад публічных каментароў: «Любая публічная актыўнасць карыстальніка пад матэрыяламі незалежнага медыя стварае прамую пагрозу яго дэананімізацыі сілавымі структурамі».

    Ці ўплывае на рэальны стан рэчаў?

    На думку Віктара Марчука, так, нягледзячы на выгнанне і рэпрэсіі, функцыі інструмента грамадскага кантролю часам працуюць:

    «Пасля публікацый дзяржаўныя структуры часта вымушаныя аператыўна вырашаць бытавыя праблемы маленькіх гарадоў, напрыклад, заасфальтаваць вуліцу, адрамантаваць дах ці аднавіць вадазабеспячэнне, — распавёў Віктар Марчук. —

    Вось улады запланавалі музычны фестываль у запаведнай зоне. BGme­dia разам з іншымі незалежнымі медыя апублікавала шэраг матэрыялаў пра экалагічную пагрозу для пушчы. І пайшоў шырокі грамадскі рэзананс, праз які арганізатары былі вымушаныя адмяніць імпрэзу. Праз пэўны час улады паўторна паспрабавалі правесці фестываль. Пасля новай хвалі публікацый мерапрыемства вынеслі за межы пушчы — за чатыры кіламетры ад запаведнай зоны».

    З іншага боку, BGme­dia, як і іншыя СМІ ў экзылі, востра адчуваюць недахоп рэсурсаў:

    «Былі ў нас такія перыяды ў мінулым годзе, калі на працягу трох месяцаў увогуле ў нас не было падтрымкі. То-бок так здарылася, што адны праекты скончыліся, другія яшчэ не пачаліся. Быў такі вельмі цяжкі перыяд, але неяк пратрымаліся».

    «Але ўсё ж мы не зусім памянялі канцэпт. Так, мы раней працавалі з Брэсцкім рэгіёнам, а зараз гэтую практыку і нашы веды распаўсюдзілі на ўсю краіну. Зараз мы дакладна бярэм рэгіянальную павестку са ўсёй краіны, маніторым усю краіну і выключна падзеі ў рэгіёнах. Нават палітычныя падзеі на ўзроўні краіны нас амаль не цікавяць. Галоўная інфармацыя ідзе з рэгіёнаў», — падкрэсліў Віктар Марчук.

    «Медыя-Палессе». Пра захаванне рэгіянальнай оптыкі, місію і аўдыторыю

    Галоўная рэдактарка «Медыя-Палессе» Святлана Гарда, наадварот, канцэнтруецца на захаванні здабытага:

    «Наша міссія застаецца нязменнай ужо амаль 15 гадоў: заўсёды свежыя навіны для жыхароў Палесся і яго выхадцаў. Акцэнт, як і было раней, робім на мясцовы кантэнт. Бо не можам згубіць давер аўдыторыі.

    Тыя, хто ў рэгіёне, жадаюць ведаць праўдзівыя навіны і рэгіянальныя, і замежныя, у прыватнасці па вайне ва Украіне, а не лухту, прыпраўленую прапагандай, з дзяржаўных СМІ. Тых, хто ў замежжы, наш кантэнт набліжае да радзімы».

    IX з'езд ГА "БАЖ"

    Святлана Гарда. Фота: БАЖ

    Што праўда змяніліся героі публікацый, хутчэй, рэдакцыя вымушана абіраць:

    «Парадак дня змяніўся: распавядаем толькі гісторыі тых, для каго гэта бяспечна. А гісторыі эмігрантаў-палешукоў вельмі розныя, вельмі цікавыя. Нашымі суразмоўцамі былі не толькі землякі, якія жывуць непадалёк, у Польшчы ды Літве, але і ў Злучаных Штатах, Новай Зеландыі. Рубрыка «Палешукі» — адна з самых нашых адметных».

    Паводле Святланы Гарды, з рэгіянальнай павесткай выданне працуе, як і працавала раней:

    «З той розніцай, што няма прамых каментароў чыноўнікаў. Але пра тое, што робіцца ва ўладзе, цяпер можна давадацца з Telegram-каналаў, сайтаў розных структур. Нашыя суаўтары сёння — чытачы. Яны дасылаюць пытанні на пошту, дзеляцца праблемамі ў сацсетках. І больш за тое — яны вярнуліся да каментавання. Узнятыя нашым, хоць і «экстрэмісцкім» медыя праблемы, часта атрымліваць рэзананс — і ўлады вымушаныя рэагаваць».

    Але рэдакцыйная праца, безумоўна, змянілася за гады ад 2020-га:

    «Раней, напрыклад, вельмі папулярнымі былі рэпартажы: прыйшоў, пабачыў, напісаў. Цяпер наўзамен прыйшло відэа. Ролікі дасылаюць нам непасрэдна чытачы, альбо выкарыстоўваем соцсеткі. Колькасць ролікаў у гэтым годзе вырасла ў дзесятак разоў. Нягледзячы на прызнанне «экстрэмістамі» і не па адным разе, нашы групы у сацсетках прырастаюць. Тут карыстальнікі пачуваюць себе больш бяспечна. Вывучаем аўдыторыю, кантэнт пераўпакоўваем з улікам патрабаванняў».

    Што да перспектыў, то Святлана Гарда кажа, што рэгіянальным выданнем рэальна заставацца нават у экзылі:

    «Калі ёсць журналісцкі вопыт, напрацаваныя сувязі і, безумоўна, жаданне рухацца наперад. У рэгіянальных выданняў ёсць будучыня і перспектыва — гэта можна прааналізаваць і па замежных медыя. У лакальнай інфармацыі патрэба будзе заўсёды».

    Два шляхі адной трансфармацыі

    Досвед BGme­dia і «Медыя-Палессе» паказвае два ключавыя вектары, па якіх рухаецца беларуская рэгіянальная журналістыка ў эміграцыі.

    З аднаго боку, страта папяровай версіі і лакальнай падпіскі здымае тэрытарыяльныя абмежаванні: як адзначае Віктар Марчук, набыты гадамі досвед працы з рэгіёнам дазваляе рэдакцыям прапанаваць чытачам маштабны маніторынг бытавога і сацыяльнага жыцця ўсёй краіны.

    З іншага боку, стратэгія Святланы Гарды пацвярджае важнасць захавання вузкаканкрэтнай лакальнай оптыкі — на яе думку, вернасць палескай тэматыцы трымае давер землякоў унутры краіны і аб’ядноўвае дыяспару.

    Адметнай рысай абодвух падыходаў стала перанастройка інфармацыйных каналаў. Ва ўмовах блакавання вэб-сайтаў і пераследу іншадумства ключавой тэхналогіяй дастаўкі інфармацыі ў Беларусь сталі кароткія відэафарматы.

    Нягледзячы на адсутнасць фізічнага доступу да чыноўнікаў і працу з‑за мяжы, незалежныя рэгіянальныя медыя захавалі ў пэўнай ступені функцыю інструмента грамадскага кантролю, прымушаючы мясцовыя ўлады рэагаваць на рэзананс.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.