«Еўрарадыё»: Падставаў, каб дадаваць Тарналіцкага ў базу «Міратворац», няма
Рэдакцыя «Еўрарадыё», дзе працуе журналіст Тарас Тарналіцкі, выпусціла паведамленне ў падтрымку свайго калегі. «Журналіста «Еўрарадыё» Тараса Тарналіцкага дадалі ва ўкраінскую базу «Міратворац». Але падставаў для гэтага няма, мы будзем гэта абскарджваць і даб’емся поспеху», — падкрэсліваюць у медыя.

Журналіст Тарас Тарналіцкі на Медыякэмпе «Кропкі сувязі». Літва, жнівень, 2026. Фота: БАЖ
У рэдакцыі зазначаюць, што Тарас Тарналіцкі ў кантэксце вайны ва Украіне публічна займае праўкраінскую пазіцыю:
«Ён дапамагаў украінскаму войску і ўцекачам, якія беглі ад поўнамаштабных баявых дзеянняў у першыя дні вайны. Пасля 24 лютага 2022 года ён неаднаразова бываў у службовых камандыроўках у Кіеве і ў Львове.
А тое, што адбываецца, тлумачыцца проста: праз сваіх агентаў і «карысных ідыётаў» нашае выданне працягвае атакаваць КДБ».
У чэрвені 2026 года ў гэтай жа базе знайшлі імя галоўнага рэдактара «Еўрарадыё» Яўгена Казарцава. Тады на партале, які фіксуе прыкметы злачынстваў супраць нацыянальнай бяспекі Украіны, з’явілася картка з яго асабовымі звесткамі.
«На «Міратворцы» тэкст напісаны маімі дзвюма «прыхільніцамі», якія ўжо некалькі месяцаў атакуюць мяне ўсімі магчымымі шляхамі. Яны і донарам («Еўрарадыё») пісалі, і ў Facebook нешта. Дарэчы, я ж дзеля бяспекі працаваў ананімна гэтыя гады, але яны зрабілі аўтынг, бо ім відавочна ўсё роўна на бяспеку іншых», — каментаваў тады БАЖ сітуацыю спадар Казарцаў.
Ён адразу накіраваў у «Міратворац» зварот, у якім абгрунтаваў, чаму лічыць напісанае хлуснёй і маніпуляцыяй. У ліпені 2026 года імя Казарцава было прыбранае з базы.
Нагадаем, што сам «Міратворац» не раз трапляў у скандалы. Сайт пазіцыянуе сябе як «інтэрнэт-прадстаўніцтва Цэнтра даследаванняў злачынстваў супраць асноў нацыянальнай бяспекі Украіны, міру, бяспекі грамадзян», але важна падкрэсліць, што гэты праект не мае дачынення да дзяржаўных органаў Украіны. Ён спецыялізуецца на публікацыі асабістых дадзеных людзей, натуральна, без іх згоды, што супярэчыць украінскаму заканадаўству і міжнародным прававым нормам. Так, 10 траўня 2016 года былі апублікаваныя персанальныя дадзеныя журналістаў, сярод якіх аказаліся рэпарцёры сусветных СМІ, такіх як AFP, Al Jazeera, Le Monde, BBC, Reuters, Forbes. У выніку скандал атрымаў шырокі рэзананс за межамі Украіны.
У кастрычніку 2019 года маніторынгавая камісія ААН па правах чалавека заклікала Вярхоўную Раду ініцыяваць закрыццё «Міратворца» з‑за размяшчэння на ім персанальных дадзеных людзей і тым самым стварэння пагрозы іх бяспецы. 11 лютага 2021 года Еўрапейскі парламент заклікаў Украіну «рэзка асудзіць і забараніць дзейнасць экстрэмісцкага сайта «Міратворац», які распальвае нянавісць і стварае напружанне ў грамадстве і злоўжывае персанальнымі дадзенымі соцень людзей, уключаючы журналістаў, палітыкаў і членаў груп меншасцяў». Аднак сайт працягвае працаваць і сёння.
Тарас Тарналіцкі — беларускі журналіст і кінакрытык. Прафесійную дзейнасць пачаў у 2008‑м годзе. За гэтыя гады супрацоўнічаў з больш як 40 выданнямі ў Беларусі, Украіне, Расіі і краінах Еўрапейскага Саюза. Апошні час працуе карэспандэнтам для «Еўрарадыё» і партала «Будзьма беларусамі». Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў і Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI.
@bajmedia