• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суд у Кіеве пачаў разгляд справы Іны Кардаш

    Украінскі суд адмовіўся вызваліць грамадзянку Беларусі журналістку Іну Кардаш з‑пад варты.

    Суд у Кіеве пачаў разгляд справы Іны Кардаш

    Іна Кардаш. Фота з яе старонкі ў Face­book

    Пячорскі раённы суд Кіева пачаў разгляд справы супраць беларускай грамадзянкі журналісткі Іны Кардаш паводле падазрэньня ў шпіянажы на карысьць Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

    Як стала вядома Свабодзе з інфармаваных крыніц, на паседжаньні 6 кастрычніка (яно не было пазначана ў раскладзе суду і адбывалася без журналістаў. — РС) суд прызнаў абвінаваўчы акт адпаведным патрабаваньням Крымінальнага працэсуальнага кодэксу Ўкраіны і прызначыў яго разгляд.

    На гэтым этапе судзьдзя Алег Салаўёў, згодна з працэдурай, вызначанай Кодэксам, мог вызваліць Іну Кардаш з‑пад варты і закрыць справу. Аднак ён гэтага не зрабіў. Пракурор на судовым паседжаньні паведаміў, што ў выніку расьсьледаваньня «падставаў для зацьверджаньня пагадненьня зь сьледзтвам і закрыцьця крымінальнай справы няма».

    Разглядаючы пытаньне аб далейшым трыманьні Кардаш у сьледчым ізалятары, судзьдзя ўзяў пад увагу рызыкі, пералічаныя абвінавачваньнем.

    Сярод іх называліся:

    • імавернасьць распаўсюду тэндэнцыйнай ці непраўдзівай інфармацыі пра абставіны крымінальнай справы, што можа сфармаваць перадузятую грамадзкую думку і паўплываць на аб’ектыўнасьць судовага працэсу,
    • разгалошваньне зьвестак дасудовага сьледзтва і матэрыялаў судовага вядзеньня,
    • інфармацыйны ўплыў на сьведкаў, экспэртаў і іншых удзельнікаў справы, іх публічная дыскрэдытацыя і ціск на іх,
    • аднаўленьне сувязі з 2 іншымі асобамі — грамадзянамі Беларусі, а таксама іншымі прадстаўнікамі спэцыяльных службаў Беларусі для ўзгадненьня супольных дзеяньняў, накіраваных на ўхіленьне ад крымінальнай адказнасьці, а таксама перадачы ім зьвестак, атрыманых пры азнаямленьні з матэрыяламі крымінальнай справы.

    Такім чынам, Іна Кардаш будзе знаходзіцца пад вартай сама меней да 4 сьнежня. Наступнае паседжаньне прызначылі на 1 сьнежня.

    Пакуль не зразумела, у якім складзе суд будзе разглядаць яе справу зьмястоўна. Згодна з украінскім заканадаўствам, абвінавачаны можа патрабаваць разгляду сваёй справы калегіяй з трох судзьдзяў.

    Іне Кардаш інкрымінуюць ч. 1 артыкулу 114 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (перадача або збор іншаземцам з мэтай перадачы іншаземнай дзяржаве, іншаземнай арганізацыі або іх прадстаўнікам зьвестак, якія ёсьць дзяржаўнаю таямніцаю). Ёй пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або безь яе.

    Што папярэднічала

    Іну Кардаш затрымалі сёлета 21 студзеня і выставілі ёй падазрэньні ў шпіянажы на карысьць Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

    На момант затрыманьня Іна Кардаш ужо працавала ў Каардынацыйным штабе ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны. Паводле сьледзтва, яна кантактавала з КДБ праз грамадзяніна Беларусі, які «ўсьвядомлена для яе ажыцьцяўляў канфідэнцыйную супрацу з спэцслужбамі Беларусі».

    20 красавіка стала вядома, што суд арыштаваў кватэру Іну Кардаш, каб забясьпечыць вядзеньне крымінальнай справы.

    Расьсьледаваньне справы мела закончыцца 20 чэрвеня.

    У пачатку траўня кіраўнік сакратарыяту Каардынацыйнага штабу ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Багдан Ахрыменка паведаміў, што Менск зьвяртаўся да Кіева наконт абмену Іны Кардаш.

    «Такі сыгнал быў, але, акрамя размоваў, пакуль нічога няма. Мы адкрытыя для прапановаў. Мы не зацікаўленыя ў тым, каб утрымліваць замежных злачынцаў у нашай краіне, марнаваць на іх бюджэтныя сродкі ў той час, калі нашы незаконна асуджаныя грамадзяне знаходзяцца за кратамі ў нечалавечых умовах. Калі ў камунікацыі зьявяцца практычныя прапановы, мы іх разгледзім», — сказаў Багдан Ахрыменка ў інтэрвію агенцтву «Укрінформ».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.