• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    28 лістапада Паўлу Шарамету споўнілася б 55 гадоў

    Павел Шарамет працаваў журналістам у Беларусі, Расіі і Украіне і ўлады кожнай з гэтых краіны крытыкаваў. У Беларусі ў канцы 1990‑х ён патрапіў за краты, пазней быў пазбаўлены беларускага грамадзянства. У Расіі кар’ера Шарамета складалася паспяхова, але ў канцы нулявых ён пакінуў Першы тэлеканал, бо адмовіўся мірыцца з цэнзурай і ціскам. Апошнія гады жыцця Шарамет жыў і працаваў у Кіеве. 20 ліпеня 2016 года ён быў забіты.

    Павел Шарамет

    Журналіст Павел Шарамет на Міжнародным форуме «Медыя Будучыні» ў Міжнародным мультымедыйным прэс-цэнтры агенцтва «РИА Новости». 27 чэрвеня 2013 года. Фота: Раміль Сітдзікаў, «РИА Новости»

    «Лічыўся персанальным ворагам Лукашэнкі»

    Павел Шарамет нарадзіўся 28 лістапада 1971 года ў Мінску. Скончыў тры курсы гістфака Белдзяржуніверсітэта, затым паступіў на факультэт міжнародных адносін Беларускага эканамічнага ўніверсітэта.

    У 1994–1995 гадах быў аўтарам і вядоўцам штотыднёвай аналітычнай праграмы «Праспект» на беларускім тэлебачанні. Атрымаў у 1995 годзе прэмію Беларускага ПЭН-цэнтра імя Алеся Адамовіча як найлепшы тэлежурналіст Беларусі. Са жніўня 1995 да жніўня 1996 года — галоўны рэдактар «Белорусской деловой газеты».

    Намінант прэміі ТЭФІ Акадэміі расійскага тэлебачання як «найлепшы рэпарцёр» 1999 года, фіналіст ТЭФІ-2001 у намінацыі «Журналісцкае расследаванне» за фільм «Дзікае паляванне».

    У 2002 годзе атрымаў прэмію Парламенцкай асамблеі АБСЕ «За журналістыку і дэмакратыю».

    У 1998 годзе быў асуджаны беларускім судом на два гады ўмоўна за рэпартаж з беларуска-літоўскай мяжы.

    Быў заснавальнікам і каардынатарам папулярнага сайта «Белорусский партизан». У апошнія гады жыў у Кіеве, працаваў у інтэрнэт-выданні «Українська правда», быў вядоўцам на радыё «Вести».

    Павел Шарамет быў сябрам БАЖ з 1997 года. Працуючы на расійскім «Первом канале», ініцыяваў заснаванне прэміі памяці свайго трагічна зніклага калегі Дзмітрыя Завадскага «За мужнасць і прафесіяналізм», якую ўручаў беларускім журналістам разам з БАЖ на працягу некалькіх гадоў.

    Павел Шарамет крытыкаваў улады ўсіх трох краін, у якіх працаваў. Ворагі і ахвочыя прымусіць журналіста замаўчаць сапраўды маглі быць у Беларусі, у Расіі, ва Украіне. У прыватнасці, Шарамет паслядоўна выступаў супраць рэжымаў Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі і Уладзіміра Пуціна ў Расіі, лічыўся персанальным ворагам Лукашэнкі.

    Прайшло 10 гадоў, як журналіста забілі. За гэты час змянілася Беларусь. Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Сотні беларускіх незалежных журналістаў былі вымушаныя пакінуць краіну, а рэдакцыі вучыліся працаваць у выгнанні. Магчыма, Павел Шарамет добра зразумеў бы гэты свет. Ён і сам умеў пачынаць спачатку.

    Ва ўсялякім разе Павел прадбачыў вайну неўзабаве. Вось што ён казаў  12 гадоў таму:

    «Абсалютна перакананы, што глабальныя планы Пуціна — знішчэнне Украіны. Некаторыя людзі супакойваюць сябе тым, што планы Расіі — гэта толькі прабіць калідор на Крым. І калі аддаць яшчэ некалькі раёнаў, то ўсё супакоіцца і мы будзем далей жыць, як і жылі, будзем дэпутатамі, алігархамі… А такога ўжо не будзе! І той, хто не разумее, што жыццё змянілася, горка за гэта паплаціцца. Проста не хочацца, каб за гэта плацілі простыя людзі. І каб за гэта заплаціла ўся краіна».

    За паўгода да смерці Павел Шарамет гаворыць пра зрухі, якія чакаюць увесь рэгіён:

    «Мяркую, што ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі мы на парозе сурʼёзных міжнародных узрушэнняў. Мяжа сутыкненняў будзе праходзіць па мяжы нашага рэгіёна. Украіна абрала еўрапейскі бок і яна будзе па гэты бок сцяны. Расія лічыць, што яна можа самастойна вырашыць свае праблемы. Яна будзе знаходзіцца па іншы бок сцяны і перацягваць туды Беларусь».

    Першы беларускі журналіст, арыштаваны за працу

    Павел Шарамет стаў першым рэпарцёрам у незалежнай Беларусі, якога арыштавалі за прафесійную дзейнасць. Гэта было ў 1997 годзе пасля рэпартажу з беларуска-літоўскай мяжы, які Павел рабіў разам з пазней зніклым аператарам Дзмітрыем Завадскім.

    Павел Шарамет і Дзмітрый Завадскі

    Павел Шарамет (злева) і Дзмітрый Завадскі. Фото: svaboda.org

    У матэрыяле ішла гаворка пра непразрыстасць і кантрабанду. Журналіста затрымалі, ён некалькі месяцаў правёў у СІЗА. Успаміны пра тыя часы Шарамет уключыў у кнігу «Выпадковы прэзідэнт», суаўтарам якой выступаў.

    Вызвалілі журналіста пасля таго, як Лукашэнку фактычна закрылі паветраны калідор у Расію, а Барыс Ельцын, які тады быў прэзідэнтам РФ, запатрабаваў: «Хай Шарамета выпускае».

    «У мяне спыталіся, якія значныя журналісцкія расследаванні можна прыгадаць у гісторыі Беларусі. І першае, што прыйшло на памяць, гэта фільм Паўла Шарамета «Дзікае паляванне». Выдатнае расследаванне яны рабілі разам з Дзмітрыем Завадскім і наконт празрыстасці беларуска-літоўскай мяжы.

    Гэта ўзоры рызыкоўнай якаснай журналісцкай працы Паўла Шарамета. Яны паказваюць яго смеласць і прафесіяналізм. Менавіта гэтыя якасці зрабілі Паўла вядомым журналістам і ў Беларусі, і ў Расіі, і ва Украіне. Дзякуючы свайму таленту Павел меў вялікую колькасць прыхільнікаў, але і вялікую колькасць ворагаў», — казаў пра той рэпартаж і пра Паўла Шарамета старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

    «З Лукашэнкам мы ворагі. Гэтага ніхто з нас не хавае, — прызнаваў яшчэ ў 2004‑м Шарамет. — Я сабе дазваляю ў яго бок усялякія выказванні, ён — усякія дзеянні. Я часта аналізую: чаму ж ён мяне ўсё ж такі не дабіў, не растаптаў канчаткова?».

    «Гістарычная сітуацыя ў Беларусі была такой, так ляглі зоркі, што прэзідэнтам мог стаць чалавек абсалютна да гэтага непадрыхтаваны, які не прайшоў цяжкі палітычны шлях, чалавек, які гэтага не заслужыў. Ім мог быць і не Лукашэнка. Але ў той момант выпадак выкінуў наперад псіхатып Лукашэнкі — змагара з карупцыяй, «рубаха-парня», лысага, коснаязыкага… І народ за яго прагаласаваў. І ён гэтым скарыстаўся», — так успамінаў 1994 год журналіст.

    Што вядома пра расследаванне забойства?

    20 ліпеня 2016 года Павел Шарамет спяшаўся на радыёэфір — ён вёў аўтарскую праграму «Раніца Паўла Шарамета» на «Радио Вести». Да студыі ехаў на аўтамабілі Sub­aru, які належаў ягонай грамадзянскай жонцы, уладальніцы сайта «Українська правда» Алене Прытула.

    У 7:45 у некалькіх сотнях метраў ад дома журналіста, на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцага і Івана Франко ў Кіеве аўтамабіль выбухнуў. Шарамет не загінуў адразу, яму спрабавалі аказаць медычную дапамогу, аднак выратаваць ягонае жыццё не атрымалася — журналіст памёр у машыне хуткай дапамогі.

    Першая экспертыза адразу паказала, што ў машыне спрацавала выбуховая прылада. Магутнасць выбухоўкі, паводле ацэнкі праваахоўнікаў, склала 400–600 грамаў у тратылавым эквіваленце. Пасля высветлілася, што гэта была мадыфікаваная мадэль супрацьпяхотнай міны МОН-50.

    Павел Шарамет

    Так выглядала машына, на якой ехаў Павел Шарамет, пасля выбуху. 20 ліпеня 2016 года. Фота: Sergei Chuzavkov/AP

    Да расследавання падключыліся супрацоўнікі ФБР, па дапамогу да якіх звярнуліся ўкраінскія ўлады. У якасці асноўнай версіі забойства разглядалі помсту за прафесійную дзейнасць. Следства таксама не выключала, што Шарамета маглі забіць у мэтах дэстабілізацыі становішча ва Украіне, праз асабістыя матывы або памылкова (мэтай магла быць грамадзянская жонка загінулага — уладальніца «Українськой правды» Алена Прытула, менавіта на яе аўтамабілі рухаўся Шарамет у момант трагедыі).

    Суд на паўзе

    Журналісты ўкраінскага праекта «Слідство.Інфо» разам з калегамі з міжнароднай сеткі OCCRP з першых гадзін пасля выбуху працавалі на месцы здарэння. Пазней яны выдалі фільм, у якім старанна прааналізавалі падзеі ночы перад забойствам.

    Каманда выявіла як мінімум шэсць сведкаў, якія знаходзіліся на месцы злачынства. Былі апытаныя прадстаўнікі батальёна «Азоў», з якімі ўвечары напярэдадні забойства меў зносіны Шарамет. Яны заяўлялі, што яшчэ тады заўважылі сачэнне. Таксама ў выніку прагляду відэа з камер назірання быў ідэнтыфікаваны аўтамабіль маркі «Шкода».

    На відэазапісе, дзе былі бачныя падазроныя людзі, якія знаходзіліся ноччу каля Sub­aru жонкі Шарамета, журналісты ідэнтыфікавалі былога супрацоўніка СБУ Ігара Усціменку. Пасля забойства спецслужбы выдалілі запісы з сервера, на якім знаходзіліся відэа з камер назірання.

    Напрыканцы 2019 года былі затрыманыя трое падазраваных — лекарка і валанцёрка Юлія Кузьменка, музыка Андрэй Антоненка, вайсковая медсястра Яна Дугар. Следства было завершана ў траўні 2020-га, а праз некалькі месяцаў пачаўся суд.

    Вайна паўплывала на разгляд справы. Некаторыя прысяжныя не змаглі ўзяць удзел з прычыны мабілізацыі і выезду за мяжу. Двое з фігурантаў пайшлі ваяваць.

    Судовыя пасяджэнні па справе Шарамета не праводзіліся з 21 лютага 2022 года. Склад суда быў зменены ў верасні 2023 года. У чэрвені 2023 года стала вядома, што суд, які цягнецца амаль тры гады, пачнецца спачатку са змены складу прысяжных.

    Усе падазраваныя адмаўляюць сваё дачыненне да злачынства і называюць пераслед палітычным. Верагодныя замоўцы забойства названыя не былі, расследаванне ў дачыненні да іх вылучанае ў асобную справу і працягваецца.

    Хто заказчык?

    У інтэрв’ю заснавальніку праекта Gulagu.net Уладзіміру Асечкіну экс-агент ФСБ Расіі Аляксандр Лісянкоў, які пакінуў тэрыторыю РФ і звярнуўся па прытулак у Еўропе, заявіў, што забойства Паўла Шарамета — адна з аперацый расійскіх спецслужбаў.

    Лісянкоў даводзіў, што ўкраінскім уладам і ўкраінскім спецслужбам Шарамет не перашкаджаў і што ва Украіне ў Паўла не было ворагаў нават на побытавым узроўні. Аднак для Масквы і ФСБ ён быў асабістым ворагам, бо даваў праўдзівую інфармацыю і карыстаўся вялікім аўтарытэтам у абедзвюх краінах.

    У 2024 годзе былы кіраўнік МУС Украіны Юры Луцэнка таксама казаў, што заказчыкам забойства Шарамета была расійская ФСБ.

    Луцэнка распавядаў, што разглядалася таксама версія датычнасці да забойства беларускіх уладаў, аднак «пад яе не было ніводнага зразумелага эпізоду». Былы кіраўнік украінскага МУС не верыў, што беларускія сілавікі маглі б самастойна арганізаваць такое забойства.

    «Свята верыў, што праўда можа змяніць свет»

    Канчаткова з расійскім «Первым телеканалом» Шарамет развітаўся ў 2008 годзе пасля публікацыі ў газеце «Ведомости» пра тое, што Расія ідзе па шляху Беларусі. Потым працаваў у часопісе «Огонёк», на тэлеканале РЭН-ТВ, пачаў весці блог у газеце «Українська правда» і працаваў у школе для журналістаў пры гэтым выданні.

    Таксама, паралельна з гэтай працай, у 2005 годзе, Шарамет стварыў сайт «Белорусский партизан», вядомы сваімі крытычнымі матэрыяламі пра дзеячаў беларускіх уладаў.

    У 2010 годзе стаў першым беларусам, якога ўладны рэжым пазбавіў беларускага грамадзянства, афіцыйна растлумачыўшы гэта атрыманнем ім расійскага пашпарта.

    Анэксію Крыма Расіяй у 2014 годзе і падзеі на Данбасе Шарамет назваў «крывавай авантурай і пагібельнай памылкай расійскай палітыкі» і пераехаў ва Украіну.

    Павел Шарамет

    Пратэст Паўла Шарамета супраць забойства Барыса Нямцова. У расійскага пасольства ў Кіеве. 2015 год

    У чэрвені 2015 года запусціў аўтарскі праект «Дыялогі» на ўкраінскім «24 канале». З верасня 2015 года вёў ранішнія перадачы на «Радио Вести», з пачатку 2016-га — будзённую праграму «Раніца Паўла Шарамета» там жа.

    «Павел быў асаблівым чалавекам. Сыходзяць велічыні, асобы вялікага маштабу <…>. Я з велізарнай цеплынёй успамінаю Паўла, у ім сумясціліся велічыні журналіста і чалавека. Мы будзем памятаць яго, гэта не проста наш абавязак, а нармальныя пачуцці чалавека», — казаў журналіст Дзмітрый Наважылаў, які шмат гадоў ведаў Шарамета.

    «Людзі звязвалі з ім вельмі шмат спадзяванняў»

    У нядаўнім інтэрв’ю БАЖ дачка журналіста Ліза Шарамет кажа, што па-сапраўднаму адчула маштаб асобы бацькі толькі нядаўна:

    «Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны я паўтара года пражыла ў Варшаве, і тамака пазнаёмілася з беларусамі — з Гродна, Мінска, іншых гарадоў. І кожны раз, калі людзі пазнавалі маё прозвішча і разумелі, чыя я дачка, адбывалася нешта дзіўнае. Хтосьці літаральна не мог падабраць слоў. Хтосьці расказваў, што жыў у Гродне, калі тата сядзеў у турме, што ўвесь горад тады казаў пра гэта, што паўсюль былі надпісы «Свабоду Шарамету». Некаторыя казалі мне: «Праз шмат гадоў імем твайго бацькі будуць названыя вуліцы».

    Святлана Ціханоўская ускладвае кветкі да помніка Паўла Шарамета

    Святлана Ціханоўская ускладвае кветкі да помніка Паўла Шарамета. Кіеў, 26 траўня 2026 года. Скрыншот відэа Анатоля Лябедзькі

    Менавіта тады я ўпершыню адчула яго маштаб не як майго бацькі, а як чалавека, які сапраўды стаў важнай фігурай у гісторыі і жыцці Беларусі. У Расіі я бачыла зусім іншы бок яго жыцця — журналісцкі, прафесійны. Для мяне яго значнасць хутчэй вызначалася тым, з якімі людзьмі ён меў зносіны, каго прыводзіў дадому, з кім мяне знаёміў. Але толькі маючы зносіны з беларусамі, якія былі дарослымі людзьмі, калі тата працаваў, я зразумела, колькі надзей многія звязвалі менавіта з ім.

    Мне падаецца, людзі ўспрымалі яго як аднаго з тых, хто ўвасабляў ідэю свабоднай, адкрытай Беларусі. Нават пасля таго, як яму прыйшлося з’ехаць з краіны, Беларусь ніколі не пераставала быць цэнтрам яго жыцця. І «Белорусский партизан», і многія іншыя рэчы, якімі ён займаўся ўжо за межамі Беларусі, былі працягам гэтага сталага клопату пра сваю краіну. Ён увесь час думаў аб тым, што яшчэ можна зрабіць для Беларусі».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.