«Усе ведаюць, што грошы заканчваюцца». Што чакае медыя ў выгнанні пасля скарачэння міжнароднай падтрымкі
Амерыканскае фінансаванне амаль знікла, еўрапейскія фонды падхапілі частку выдаткаў, але ўжо папярэджваюць: выратаваць усіх не атрымаецца. Ці чакае незалежныя медыя ў выгнанні новая хваля звальненняў і закрыцця, хто можа замяніць ЗША і на чым рэдакцыі здольныя зарабляць самі — пра гэта гаварылі на міжнародным журналісцкім форуме Breakwater у Гданьску.

Падчас міжнароднага журналісцкага форуму Breakwater у Гданьску. Фота: breakwaterfestival.org
«Мы не хочам адразу ўганяць вас у дэпрэсію», — папярэджвае мадэратар дыскусіі Якуб Парусінскі, сузаснавальнік і дырэктар выдання і даследчага цэнтра для медыяпрафесіяналаў The Fix.
Прысутныя ў бібліятэчнай зале Еўрапейскага цэнтра салідарнасці ў Гданьску гавораць спакойна, жартуюць пра інвестыцыі ў журналістыку і абмяркоўваюць новыя бізнес-мадэлі. Аднак за гэтымі словамі стаіць важнае пытанне: ці змогуць незалежныя медыя перажыць наступныя некалькі гадоў?
«Гэта картачны домік»
Маштаб журналістыкі ў выгнанні цяжка зразумець звонку. Частка каманд свядома не афішуе, дзе працуюць іх журналісты і як яны падтрымліваюць сувязь з крыніцамі. Для звычайнага медыя невядомасць была б правалам, тут жа яна часта ратуе людзей.
На момант дыскусіі The Fix і JX Fund (спецыялізаваны фонд падтрымкі медыя ў выгнанні) налічылі прынамсі 246 незалежных рэдакцый, вымушаных працаваць за межамі сваіх краін. Даследаванне ахоплівае восем медыясупольнасцяў — з Беларусі, Афганістана, Азербайджана, Ірана, М’янмы, Нікарагуа, Расіі і Сірыі.
Цяпер рэдакцыі з гэтых краін раскіданыя па свеце. Частка гэтых выданняў мае аўдыторыі, супастаўныя з буйнымі еўрапейскімі медыя, асабліва на YouTube. Польшча стала адным з галоўных хабаў для журналістаў у выгнанні перадусім дзякуючы беларусам.
Пры гэтым іх становішча парадаксальнае. Медыя павінны быць бачнымі, каб даходзіць да аўдыторыі, павялічваць ахоп, і адначасова хавацца ад уладаў краін, пра якія яны пішуць. Да звычайных рэдакцыйных выдаткаў дадаюцца лічбавая бяспека, абыход блакіровак і новыя каналы дыстрыбуцыі.
Прадстаўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтра нагадаў: у сённяшняй Беларусі небяспечна займацца нават тымі відамі журналістыкі, якія раней здаваліся далёкімі ад палітыкі, так, пад пераслед трапілі нават культурныя і музычныя праекты. Незалежная інфармацыя амаль цалкам ствараецца за мяжой, а на яе месцы ўнутры краіны ўлада будуе зручную для сябе карціну свету. Калі незалежныя медыя знікнуць, прагал запоўняць дзяржаўныя СМІ і рэсурсы, звязаныя з уладай.
Ён прывёў выпадак з аўтобусам, у якім беларускія дзеці ехалі па Бранскай вобласці і які трапіў пад удар беспілотніка. Людзі спрабавалі зразумець, чаму гэта адбылося. Дзяржаўныя ж медыя гадамі хавалі ад іх сапраўдны маштаб вайны.
«Гэта жыццёва важна для беларусаў. Як паветра», — сказаў прадстаўнік БРЦ пра працу незалежных рэдакцый.
Амерыканскія фінансавыя скарачэнні не забілі незалежную журналістыку адразу. Галоўны рэдактар расійскага «Эхо» Максім Курнікаў ацэньвае, што 99% расійскіх незалежных медыя ў выгнанні працягнулі працу. Але цаной сталі звальненні, меншая колькасць расследаванняў і рэгіянальных гісторый, праца без адпачынку і выгаранне тых, хто застаўся.
«Эхо» не атрымлівала сродкаў ад дзяржаўных фондаў ЗША, аднак таксама пацярпела.
«Нашы еўрапейскія донары спрабавалі выратаваць іншых, таму мы атрымалі менш. Гэта як картачны домік: вымаеш адну карту — і ўсё абрушваецца», — патлумачыў Курнікаў.

Выканаўчая дырэктарка JX Fund Марал Екта. Фота: breakwaterfestival.org
Выканаўчая дырэктарка JX Fund Марал Екта папярэджвае: журналісты могуць нейкі час працаваць амаль бясплатна, пакуль канчаткова не знясіляцца. Урадам і фондам зручна бачыць у гэтым адданасць прафесіі, але для самой рэдакцыі такая самаахвярнасць становіцца адкладзеным крызісам.
Наступствы ўжо бачныя, але новая хваля скарачэнняў, імаверна, яшчэ наперадзе.
JX Fund праз недахоп сродкаў пераглядае праграму на 2027 год. Раней фонд праводзіў адкрытыя конкурсы, якія дазвалялі падтрымліваць разнастайныя рэдакцыі, рэгіянальныя медыя і галасы меншасцяў. Цяпер ён разглядае больш выбарачную мадэль: менш партнёраў, больш значная і працяглая дапамога кожнаму.
Тыя, хто трапіць у вузкае кола партнёраў, атрымаюць больш надзейную апору. Астатнія рызыкуюць увогуле застацца па-за праграмай.
Выбіраць толькі паводле колькасці праглядаў у JX Fund не хочуць. Пяць тысяч чытачоў могуць здавацца сціплай аўдыторыяй, але сярод іх бываюць людзі, якія пераносяць інфармацыю далей: журналісты іншых выданняў, даследчыкі, палітыкі, прадстаўнікі міжнародных арганізацый. Фонд глядзіць, якія тэмы знікнуць разам з рэдакцыяй, чые галасы перастануць гучаць і наколькі гэтаму медыя давяраюць.
Асобнае месца тут займаюць расследавальнікі. Яны збіраюць доказы злачынстваў і карупцыі, якія могуць спатрэбіцца праз гады, але рэдка здольныя акупіць такую працу продажам падпіскі.
Ці заменіць Еўропа амерыканскія грошы
Пасля сыходу USAID галоўнай надзеяй стала Еўропа. Еўрасаюз і асобныя еўрапейскія краіны ўзялі на сябе большую ролю, пацвярджае супрацоўнік Бюро Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Айдар Батагараў. Аднак падыход да фінансавання часта застаецца ранейшым: замест доўгатэрміновай падтрымкі рэдакцыі атрымліваюць кароткія праектныя гранты.

Супрацоўнік Бюро Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Айдар Батагараў. Фота: breakwaterfestival.org
На іншай панэлі Breakwater прадстаўнікі еўрапейскіх фондаў гаварылі яшчэ больш адкрыта. Старэйшая праграмная менеджарка Civitates Эстэр Сюч назвала цяперашні момант канцом эпохі, калі незалежныя медыя маглі гадамі абапірацца на некалькіх буйных міжнародных донараў. Сама філантропія стала менш прадказальнай.
На яе думку, у сённяшніх умовах базавы грант павінен даць рэдакцыі час, каб пратэставаць іншыя крыніцы прыбытку і зменшыць залежнасць ад фондаў. Аднак праблема ў тым, што нават у дэмакратычных краінах рынак не здольны аплаціць усю грамадска важную журналістыку.
У Беларусі данат незалежнаму медыя можа прывесці чалавека за краты. Рэклама для «экстрэмісцкіх» рэдакцый фактычна закрытая. Манетызацыя YouTube таксама падштурхоўвае да скандалаў і клікбейту: сур’ёзны аналіз часта прайграе канфлікту, які збірае сотні тысяч праглядаў. Калі рэдакцыя пачынае жыць выключна з манетызацыі платформы, алгарытм паступова робіцца яе сапраўдным галоўным рэдактарам.
Расследаванні, дакументаванне злачынстваў і праца для аўдыторыі ўнутры закрытай краіны маюць вялікую грамадскую вартасць, але слабы камерцыйны патэнцыял. Таму цалкам замяніць амерыканскія гранты падпіскай ці рэкламай не атрымаецца.
Еўрапейскія ўрады маюць і ўласны прагматычны інтарэс падтрымліваць такія рэдакцыі. Медыя ў выгнанні першымі заўважаюць дэзінфармацыйныя кампаніі, ведаюць, як яны нараджаюцца і працуюць. Яны захоўваюць веды пра закрытыя краіны, выяўляюць карупцыю і дапамагаюць збіраць доказы парушэнняў правоў чалавека.
Магчымасці Еўропы не абмяжоўваюцца грантамі. Батагараў раіць падтрымліваць медыйныя хабы, якія даюць рэдакцыям каворкінгі, юрыдычную дапамогу з легалізацыяй і механізмы абароны. Екта прапануе развіваць агульную інфраструктуру: некалькім медыя няма сэнсу асобна ствараць дарагія тэхналогіі абыходу цэнзуры, калі можна дзяліцца распрацоўкамі і выдаткамі.
Яшчэ адзін магчымы канал — імпакт-інвестары. Кіраўніца V‑Ventures Лот Карліер расказала на Breakwater, што іх фонд укладае грошы ў незалежную журналістыку, медыятэхналогіі і штучны інтэлект для медыя. Прыбытак ад тэхналагічных праектаў дазваляе падтрымліваць журналісцкія. Але інвестары чакаюць ад рэдакцыі ўласнага плана развіцця, сфармаванай аўдыторыі і людзей, якія адказваюць за прадукт, тэхналогіі і камерцыйны кірунак.

Кіраўніца V‑Ventures Лот Карліер. Фота: breakwaterfestival.org
Для маленькай каманды, якая ледзь паспявае выпускаць навіны, гэта высокая планка. Таму інвестыцыі дапамогуць асобным моцным праектам, але не зоймуць месца ранейшай грантавай сістэмы.
На чым медыя могуць зарабляць самі
Адказу на пытанне, што ўратуе ўсе медыя, у Гданьску не знайшлі. Устойлівыя выданні збіраюць бюджэт з розных крыніц: падпіскі, данатаў, рэкламы, мерапрыемстваў, камерцыйных паслуг, грантаў і інвестыцый.
Даследаванне Journalism Value Project паказала, наколькі хісткай застаецца незалежная журналістыка ў Еўропе. Палова даследаваных рэдакцый мае бюджэт менш за 200 тысяч еўра на год, чвэрць — менш за 50 тысяч.
Досвед еўрапейскіх выданняў паказвае, што выйсці на самаакупнасць магчыма, але хутка гэта здараецца рэдка. Дырэктар-заснавальнік Center for Sustainable Media Петэр Эрдэлі даследаваў 20 паспяховых незалежных еўрапейскіх выданняў. Большасць камбінавала некалькі фінансавых інструментаў, а 16 былі зарэгістраваныя як камерцыйныя кампаніі, хаця толькі дзве рэгулярна выплачвалі дывідэнды. Астатнія вярталі прыбытак у журналістыку.

Дырэктар-заснавальнік Center for Sustainable Media Петэр Эрдэлі. Фота: breakwaterfestival.org
Удзельнікі форуму называлі некалькі мадэляў, якія ўжо працуюць у розных рэдакцыях.
Падпіска і сяброўства. Грошы ад аўдыторыі ўжо атрымліваюць 80% даследаваных еўрапейскіх медыя, але ў сярэднім яны пакрываюць толькі траціну бюджэту. Пераканаць чалавека заплаціць упершыню складаней, чым пасля павысіць кошт падпіскі. У даследаванні Эрдэлі дзевяць выданняў выкарыстоўвалі пэйвол, восем — змяшаную мадэль, і толькі чатыры пакідалі ўвесь кантэнт адкрытым, разлічваючы на добраахвотныя данаты. Медыяна выхаду на самаакупнасць склала тры гады.
Для беларускіх медыя суцэльны пэйвол можа адрэзаць аўдыторыю ўнутры краіны. Больш рэалістычная мадэль — пакінуць грамадска важныя навіны адкрытымі, а дыяспары прапанаваць сяброўства, закрытыя рассылкі, дадатковыя фарматы і ўдзел у супольнасці.
Кнігі і мерапрыемствы. «Эхо» выдае кнігі і прадае іх праз уласную краму. Таксама каманда ладзіць кінапаказы, лекцыі і сустрэчы ў розных краінах. Кожная такая падзея застаецца рызыкай: арэнду трэба аплаціць загадзя, а поўная зала не гарантаваная. Тут донарскія грошы могуць працаваць як стартавы капітал: аплаціць новы сайт кнігарні ці арэнду залы, каб рэдакцыя пасля зарабляла на продажах і квітках.
Агенцкія паслугі. Рэдакцыі ўжо маюць навыкі, якія можна прадаваць арганізацыям і кампаніям: відэавытворчасць, падкасты, дызайн, даследаванні, фактчэкінг, навучанне і стварэнне кантэнту. Харвацкае выданне Telegram стварыла ўласнае агенцтва, якое стала значнай крыніцай даходу. Аднак для гэтага патрэбная асобная камерцыйная кампетэнцыя. Рэпарцёр, які пасля інтэрв’ю мусіць бегчы шукаць кліентаў, доўга так не вытрымае.
Рэклама. Яна не абавязкова супярэчыць журналістыцы грамадскага інтарэсу. Але рэдакцыі патрэбныя празрыстыя правілы, якія аддзяляюць рэкламу ад рэдакцыйных рашэнняў. Для выданняў, прызнаных у Беларусі «экстрэмісцкімі», такі рынак найперш знаходзіцца за межамі краіны і наўрад ці будзе вялікім. Але нават невялікі даход дадае некалькі тыдняў жыцця, калі затрымліваецца грант.
Прастора для супольнасці. Reform.news адкрывае ў Варшаве бар. На першы погляд, бар і журналістыка мала звязаныя. Сувязь з’яўляецца, калі там праходзяць стрымы і сустрэчы, а само месца збірае вакол медыя беларускую дыяспару. Так выданне атрымлівае пляцоўку, лепш знаёміцца з аўдыторыяй і стварае яшчэ адну касу. Сам па сабе пабочны бізнес лёгка ператвараецца ў дарагую забаўку, папярэдзілі ўдзельнікі дыскусіі. Сэнс з’яўляецца тады, калі ён працягвае медыйны прадукт, збірае супольнасць і адначасова прыносіць даход.
Ад кантэнту да кам’юніці: новыя афлайн- і анлайн-стратэгіі выжывання беларускіх медыя ў выгнанні
Лічбавыя прадукты. Прыкладам можа быць камерцыйны VPN расійскага выдання «Бумага». Аднак большасці рэдакцый не варта пісаць уласную CMS, сістэму рассылкі ці плацяжоў.
Кім Бодэ з кампаніі Automattic (распрацоўшчык папулярных CMS WordPress і Newspack) раіла выкарыстоўваць гатовыя стандартныя інструменты, а ўласныя грошы ўкладаць у журналісцкія прадукты, якіх больш ніхто не зробіць: базы даных, інтэрактыўныя расследаванні, унікальны кантэнт.
Без маркетолагаў і менеджараў журналістыка не выжыве
Амаль усе гэтыя мадэлі патрабуюць пашырыць каманду за межы рэдакцыі. Галоўная рэдактарка OKO.press Магдалена Хшчановіч прызналася, што дзесяць гадоў таму выданне імкнулася мець як мага больш журналістаў і як мага меншы аперацыйны аддзел. Здавалася, што моцныя матэрыялы самі знойдуць дарогу да чытача. Цяпер так не працуе. Нехта павінен вывучаць аўдыторыю, займацца маркетынгам, шукаць грошы і развіваць прадукт.

Галоўная рэдактарка OKO.press Магдалена Хшчановіч. Фота: Mikołaj Maluchnik
Досвед французскага Mediapart паказальны: выданне пачынала амаль выключна як журналісцкі калектыў і праз тры гады ледзь не збанкрутавала. Рост пачаўся пасля найму прадуктовых, тэхнічных і камерцыйных спецыялістаў. Цяпер пры гадавым абароце 28 мільёнаў еўра журналісты складаюць палову каманды.
Беларускім рэдакцыям такія маштабы пакуль могуць здавацца фантастыкай. Урок Mediapart больш просты: калі ніхто не адказвае за даход, ён не з’явіцца сам. Хтосьці мусіць лічыць кошт прыцягнення падпісчыка, вывучаць паводзіны аўдыторыі, шукаць камерцыйныя партнёрствы і адказваць за тое, каб добры матэрыял дайшоў да чытача.
У рэдакцыі таксама павінны шчыра вырашыць, якой яна хоча быць. Невялікая каманда з дзесяці чалавек можа выйсці на ўстойлівую мадэль адносна хутка. Для росту да вялікага медыя спатрэбяцца знешнія інвестыцыі, прафесійны менеджмент і некалькі гадоў, цягам якіх выдаткі будуць апярэджваць даход.
Што рабіць ужо цяпер
Дыскусіі на Breakwater паказалі, з чаго рэдакцыі могуць пачаць ужо цяпер.
Рэдакцыі варта скласці фінансавы план мінімум на тры гады і пралічыць сцэнары пры далейшым змяншэнні грантаў. Замест пошуку аднаго «новага USAID» трэба збіраць партфель з некалькіх крыніц, каб страта адной не разбурала ўсю арганізацыю.
Гранты лепш выкарыстоўваць для інвестыцый, якія пазней прыносяць даход: наладзіць падпіску, пратэставаць платную рассылку, запусціць агенцкі кірунак ці мерапрыемствы для дыяспары. Для гэтага патрэбны асобны чалавек або каманда.
Донарам жа варта аддзяляць журналістыку, якая можа часткова зарабляць, ад працы, што не стане камерцыйнай: расследаванняў, дакументавання рэпрэсій, рэгіянальных гісторый і дастаўкі інфармацыі да аўдыторыі ў Беларусі. Менавіта тут застанецца патрэба ў доўгатэрміновым базавым фінансаванні.
Жыццё па-за донарскімі фондамі. Як беларускім медыя ў экзайле шукаць фінансавую ўстойлівасць
Частку выдаткаў можна дзяліць: разам аплачваць юрыдычныя, бухгалтарскія і тэхнічныя паслугі, распрацоўваць сродкі абыходу блакіровак і абменьвацца тым, што спрацавала. У часы, калі сродкаў менш, супрацоўніцтва робіцца спосабам выжыць.
Камерцыялізацыя, аднак, мае сваю пастку. Марал Екта прывяла прыклад рэдакцыі, якая запусціла прыбытковы Instagram пра здаровы лад жыцця. Зарабляць там аказалася так лёгка, што журналісты пачалі пытацца: навошта ўвогуле займацца складанай журналістыкай?
Будучыня беларускіх медыя, відаць, будзе трымацца на некалькіх апорах: грошах аўдыторыі, камерцыйных прадуктах, еўрапейскай падтрымцы, імпакт-інвестыцыях і грантах для працы, якую рынак не аплаціць.
Грошай будзе менш, а выбар — больш жорсткім. Частка рэдакцый скароціцца, некаторыя могуць знікнуць або аб’яднацца. Галоўная парада з Гданьска гучыць так: пакуль грошы яшчэ ёсць, варта выкарыстаць гэты час і стварыць сістэму, каб наступны матэрыял, эфір ці расследаванне маглі выйсці і пасля таго, як грант скончыцца.
@bajmedia