• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аліна Коўшык: «Мы ўсе адна кніга. Нельга вырваць ні старонкі эміграцыі, ні старонкі Беларусі»

    «Мы ўсе адна кніга». Гэтаю метафараю галоўная рэдактарка «Белсату» Аліна Коўшык апісвае сённяшнюю беларускую супольнасць, падзеленую межамі, але не каштоўнасцямі. У размове з прафесаркай Ягелонскага ўніверсітэту ў Кракаве Дамінікай Каспровіч падчас фестывалю «Культура ў выгнанні» яна паразважала пра мову, эміграцыю, незалежныя медыі і доўгі шлях Беларусі да пераменаў.

    Аліна Коўшык пра мову, эміграцыю, незалежныя медыі

    Галоўная рэдактарка «Белсату» Аліна Коўшык. Варшава, Польшча. 8 снежня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    Дамініка Каспровіч: Як бы ты расказала палякам пра сучасную Беларусь, не выкарыстоўваючы прозвішча Лукашэнкі і слова «пратэсты»?

    Аліна Коўшык: Для мяне Беларусь ніколі не была роўная аднаму чалавеку. Беларусь значна большая. Думаю, мая беларуская ідэнтычнасць пачала фармавацца яшчэ ў дзяцінстве. Некалькі гадоў мы жылі ў Нямеччыне, дзе служыў мой бацька. Аднойчы я спытала ў мамы, на якой мове гаворыць яе сяброўка-ўкраінка. Маці адказала: па-ўкраінску, бо яна ўкраінка. Немцы гавораць па-нямецку, бо яны немцы. Тады я запытала: а мы хто? Беларусы. І адразу паўстала іншае пытанне: чаму ж мы гаворым па-расейску?

    Пазней я прасіла купляць мне беларускія кнігі і чытаць іх перад сном. Думаю, мая беларускасць нарадзілася праз сустрэчу з іншымі культурамі. Нешта падобнае адбываецца цяпер і з многімі беларусамі ў эміграцыі. Шмат хто адчуў сябе большым беларусам менавіта пасля выезду з краіны.

    Мы вельмі сціплы народ. Нам часта не стае ўмення заявіць пра сябе так, як гэта робяць іншыя. Таму сёння асабліва важна гаварыць пра беларускую культуру, мову і гісторыю без комплексаў і з пачуццём гонару.

    2020 год стаў для беларусаў годам абуджэння і нацыянальнай салідарнасці. Мы даведаліся, што нас большасць. Мы адчулі сілу ўзаемнай падтрымкі, і гэтая салідарнасць жыве дагэтуль.

    Эміграцыя, аднак, нясе і рызыкі. Яна можа ўмацоўваць ідэнтычнасць, але можа яе і размываць. Толькі ад нас залежыць, ці будзем мы далей развіваць сваю культуру і мову, ці паступова растворымся ў іншых грамадствах.

    Дамініка Каспровіч і Аліна Коўшык падчас фестывалю «Культура ў выгнанні». Фота: Paweł Mazur / Insty­tut Kul­tu­ry Willa Decjusza

    ДК: Як гаварыць пра беларускую ідэнтычнасць так, каб не выключаць расейскамоўных беларусаў?

    АК: У нас ёсць добрая формула: «Няма лішніх беларусаў». Кожны беларус важны. Для мяне галоўнае не тое, на якой мове чалавек гаворыць сёння. У маёй сям’і таксама гаварылі па-расейску.

    Мой шлях да беларускай мовы быў паступовым. Важным момантам было нараджэнне дзіцяці, калі я зразумела, што хачу, каб яго роднай мовай была беларуская.

    Беларуская мова сёння мае асаблівае значэнне, бо яна выразна акрэслівае нашу культурную прастору. Але людзі, якія пакуль не карыстаюцца ёю штодня, не становяцца ад гэтага горшымі беларусамі. Наша задача не дзяліць, а аб’ядноўваць. Можна пачынаць з некалькіх словаў на дзень, з кніг для дзяцей ці размовы з сябрамі. Гэта ўжо крок наперад.

    Мне вельмі падабаецца думка Віктара Марціновіча пра беларускую мову як пра сакрэтны код. Нават тыя, хто не карыстаецца ёю штодзённа, звычайна яе разумеюць. Таму «Белсат» прынцыпова стварае кантэнт па-беларуску.

    ДК: Хто сёння мае права расказваць пра Беларусь: людзі ўнутры краіны ці беларусы ў эміграцыі?

    АК: Для мяне гэта простае пытанне. Мы ўсе адна кніга. Калі вырваць старонкі пра эміграцыю або пра людзей, якія засталіся ў Беларусі, гісторыя стане няпоўнай.

    Тыя, хто жыве ў Беларусі, маюць непасрэдную сувязь з зямлёй і рэальнасцю краіны. Мы ў эміграцыі маем магчымасць свабодна гаварыць, выдаваць кнігі, развіваць культуру без цэнзуры. Абедзве часткі патрэбныя адна адной.

    Беларусь для мяне не проста тэрыторыя на мапе. Гэта тое, што мы нясём з сабой. Не ўсе вернуцца дадому, але гэта не робіць кагосьці лепшым або горшым. У кожнага свая місія.

    Я не згодная з думкаю, што сучасная Беларусь выгарала. Яна проста змяняецца. І мы не маем права адмаўляцца ад яе толькі таму, што сёння яна выглядае інакш, чым хацелася б.

    Каля 85 % аўдыторыі «Белсату» знаходзіцца ў Беларусі. Гэта значыць, што беларусы ўнутры краіны працягваюць шукаць незалежную інфармацыю, цікавяцца гісторыяй, культурай і жыццём грамадства.

    Ньюзрум тэлеканалу «Белсат». Варшава, Польшча. 23 студзеня 2025 года. Фота: Белсат

    ДК: Як змяняецца «Белсат»?

    АК: Медыі сёння перажываюць маштабную трансфармацыю. Змяняюцца платформы, фарматы, паводзіны аўдыторыі. Але адна рэч застаецца нязменнай: рашэнне ствараць кантэнт па-беларуску.

    Для мяне беларуская мова ніколі не была мэтай сама па сабе. Гэта сродак камунікацыі. Наша сапраўдная мэта – вольная, дэмакратычная і паспяховая Беларусь.

    Мы ўсё больш увагі надаём гісторыі і культуры. Новыя праекты «Белсату» прысвечаныя беларускай спадчыне, гістарычнай памяці, агульным старонкам гісторыі Беларусі і яе суседзяў. Нам важна дапамагаць беларусам лепш разумець саміх сябе.

    Беларусы гістарычна вельмі еўрапейскі народ. Гэта бачна і па нашай гісторыі, і па тым, як хутка мы навучаемся жыць і працаваць у іншых еўрапейскіх краінах.

    Зараз мы працуем і над анімацыйным серыялам пра ціхі супраціў. Пра тое, як людзі могуць захоўваць годнасць нават тады, калі адкрыты пратэст становіцца немагчымым.

    ДК: Дзе праходзіць мяжа паміж журналістыкай і інфармацыйнай вайной?

    АК: Я заўсёды кажу, што прапаганду немагчыма перамагчы прапагандаю. Адзіны шлях – сумленна рабіць сваю працу. Сёння галоўныя этычныя пытанні звязаныя з бяспекай крыніц і герояў. Як паведаміць пра важную падзею і пры гэтым не падвесці чалавека пад рэпрэсіі? Пра гэта мы думаем штодня.

    Практычна кожны супрацоўнік «Белсату» рызыкуе. Амаль два дзясяткі людзей, звязаных з каналам, прайшлі праз турмы. Ціск працягваецца і цяпер.

    Мы жывём ва ўмовах інфармацыйнай вайны. Яна вядзецца не толькі супраць Беларусі, але і супраць Польшчы, Літвы, Украіны, усёй Еўропы. Мы бачым спробы дэзінфармацыі, распальвання канфліктаў паміж народамі і атакі на дэмакратычныя інстытуты.

    Дамініка Каспровіч і Аліна Коўшык падчас фестывалю «Культура ў выгнанні». Фота: Paweł Mazur / Insty­tut Kul­tu­ry Willa Decjusza

    ДК: Што б ты адказала тым, хто ставіць пад сумнеў неабходнасць фінансавання «Белсату»?

    АК: Адкажу вельмі проста: гадавы бюджэт «Белсату» прыкладна адпавядае кошту аднаго танка Leop­ard і нават не ў еўрах, а ў злотых.

    Мы прызвычаіліся гаварыць пра ваенную бяспеку, але інфармацыйная бяспека сёння не менш важная. Усе мы знаходзімся на фронце гібрыднай вайны. Інфармацыя зрабілася адным з галоўных інструментаў абароны.

    «Белсат» неўзабаве адзначыць дзевятнаццацігоддзе. Гэта найбуйнейшая незалежная беларуская інстытуцыя па-за межамі краіны. Мы падтрымліваем мову, культуру, грамадзянскую супольнасць і супрацьстаім дэзінфармацыі. Чым мацнейшая беларуская ідэнтычнасць, тым цяжэй яе разбурыць.

    ДК: Ці існуе стомленасць ад беларускай тэмы?

    АК: Думаю, не. Проста Беларусь ужо не знаходзіцца ў цэнтры сусветнай увагі, як у 2020 годзе. Але гэта не азначае, што барацьба скончылася.

    Я заўсёды кажу: беларуская рэвалюцыя не прайграла, яна проста яшчэ не перамагла

    Таталітарныя сістэмы будуюцца дзесяцігоддзямі. Таму і змены патрабуюць часу. Нашая задача – захоўваць мову, культуру, гісторыю і нацыянальную памяць. Гэта інвестыцыя ў будучыню.

    ДК: Што з сучаснай беларускай культуры ты параіла б сёння польскаму гледачу і чытачу?

    АК: Перш за ўсё творы Альгерда Бахарэвіча, асабліва раман «Сабакі Еўропы». Гэта важная кніга не толькі для беларусаў, але і для ўсёй сучаснай Еўропы.

    Варта чытаць Алеся Бяляцкага, звярнуць увагу на паэзію Вольгі Гапеевай, адкрываць сучасную беларускую музыку. Цікавыя новыя імёны з’яўляюцца і на незалежнай сцэне, і ў фальклорных праектах.

    Беларуская культура сёння знаходзіцца на вельмі высокім узроўні. Мне хацелася б, каб яе часцей бачылі і лепш ведалі за межамі Беларусі.

    На завяршэнне Аліна Коўшык падкрэсліла, што беларуская культура можа стварацца як унутры краіны, так і ў эміграцыі, на розных мовах і ў розных жанрах. Галоўнае – каб яна заставалася часткай агульнай беларускай гісторыі і дапамагала захоўваць сувязь паміж людзьмі па абодва бакі мяжы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.