Невядомыя спрабавалі ўзламаць Telegram-акаўнт прэс-сакратаркі Святланы Ціханоўскай
Пра спробы ўзлому Telegram-акаўнта Ганны Красулінай паведаміла служба тэхнічнай бяспекі Офіса Святланы Ціханоўскай у панядзелак, 16 лістапада.

Ганна Красуліна. Фота: І. Завіша
Паводле інфармацыі офіса, масавыя спробы узламаць акаўнты прэс-сакратара Святланы Ціханоўскай Ганны Красулінай у Telegram фіксаваліся з 8 лістапада. У службе бяспекі адзначылі, што тэхнічныя спецыялісты знаходзіліся на сувязі з Ганнай з першых гадзін атакі, а яе акаўнт у Telegram абаронены двухфактарнай аўтэнтыфікацыей.
Аднак у панядзелак, 16 лістапада, раніцай да акаўнта Ганны Красулінай ў Telegram на 4 хвіліны падключылася старонняя прылада.
«Старонняя прылада была адключаная. Ганна цалкам кантралюе доступ да свайго акаўнта. Таксама мы завяршылі ўсе актыўныя сесіі, змянілі пароль і воблачны пароль двухфактарнай аўтэнтыфікацыі (2FA), праверылі іншыя акаўнты Ганны», — паведамілі ў офісе.
Паводле папярэдняй высновы спецыяліста па бяспецы, падключэнне магло стаць магчымым у выніку перахопу сесіі. Якім менавіта чынам гэта адбылося, пакуль невядома.
Цяпер каманда праводзіць унутранае расследаванне. Накіраваны запыт у Telegram з просьбай прадаставіць падрабязную інфармацыю пра актыўнасць у акаўнце. Пра вынікі праверкі паведамяць дадаткова.
@bajmedia