«Нас фактычна каралі тэлебачаннем». Былыя палітзняволеныя — пра «Вектар» у гомельскай жаночай калоніі
У гомельскай жаночай калоніі № 4 зняволеныя мусілі рэгулярна глядзець тэлеперадачы студыі «Вектар». Паводле ўспамінаў вызваленых адтуль, прагляды маглі займаць некалькі гадзін на дзень. У праграме былі фільмы пра Другую светавую вайну, савецкае кіно, прапагандысцкія сюжэты, ток-шоу, серыялы, а часам – перадачы пра здароўе, мастацтва і прыроду.

Ілюстрацыйная выява, згенеравана ШІ. Крыніца: Гомельская Вясна
Былыя палітзняволеныя па-рознаму ўспамінаюць гэты досвед. Адны называлі «Вектар» катаваннем і марнаваннем часу, іншыя адзначаюць, што сярод абавязковых праглядаў трапляліся і цікавыя фільмы. Але амаль усе звяртаюць увагу на прымусовасць, вялікую колькасць ваеннага і прапагандысцкага кантэнту, а таксама на тое, што зняволеныя не маглі самі вырашаць, як правесці свой вольны час.
«Трэба было сядзець і глядзець»
Алена Лазарчык лічыць, што «Вектар» быў зусім непатрэбны зняволеным.

Алена Лазарчык. Фота: Telegram-канал «Баста!»
«Ён на халеру не патрэбен. Лепш бы ў людзей было больш вольнага часу. А так адна прапаганда, якую, дарэчы, ніхто і не слухаў, і не глядзеў. Так адбывалі «нумар», – кажа яна.
Каб не прысутнічаць на праглядах, Алена старалася знаходзіць сабе іншыя заняткі. Ёй падабалася быць дзяжурнай. Яна таксама добраахвотна хадзіла працаваць на прымысловую зону.
«Я ў гэты час прыбірала. А яшчэ на “промку” хадзіла. Добраахвотна. Каб толькі гэтага не бачыць. І радавалася прафуліку, бо таксама можна было пайсці на вуліцу на праверку і не бачыць і не слухаць гэтай лухты», – расказвае былая зняволеная.
Прапаганда за кратамі. «Няма цара, акрамя Лукашэнкі, і Тур прарок яго»
Святлана (імя зменена), якая правяла ў калоніі некалькі гадоў, успамінае, што ў яе атрадах прагляд быў строга абавязковым.
«Абавязковы прагляд тэлеперадач студыі «Вектар» у гомельскай жаночай калоніі займаў гадзіну і 50 хвілін у буднія дні і каля трох гадзін у адзіны выходны – нядзелю. Магчыма, раней было па-іншаму, і ў нейкіх атрадах некаторы час захоўваліся больш лаяльныя парадкі. Але ў тых атрадах, дзе была я, прагляд быў строга абавязковы. Ні чытаць, ні пісаць, ні размаўляць падчас прагляду было нельга», – кажа яна.
Такім чынам, пры і без таго насычаным дні асуджаныя мусілі аддаваць «Вектару» значную частку вольнага часу.
Асобна Святлана згадвае жанчын, якія не хадзілі на фабрыку: пенсіянерак, тых, хто быў у адпачынку або на “бальнічным”. Яны мусілі глядзець адну і тую ж праграму двойчы – па гадзіне і 50 хвілін у першую змену і столькі ж у другую.
«Праграмы выбіраліся максімальна нудныя, практыкаваліся бясконцыя паўторы», – адзначае яна.
Паводле Святланы, у некаторых атрадах зняволеныя маглі паспрабаваць пераключыць канал, але гэта было звязана з рызыкай калектыўнага пакарання. Нават калі такое ўдавалася, замест «Вектара» часам уключалі праграму «Мужское и женское», якую яна таксама не лічыць добрай альтэрнатывай.
Вайна і прапаганда – амаль штодня
Марына Золатава падзялілася фрагментам са сваёй кнігі пра жанчын у турме, у якім распавядае пра тэлеперадачы «Вектара». Паводле яе, значную частку эфіру займалі ідэалагічныя матэрыялы і фільмы пра Другую светавую вайну.

Марына Золатава. Фота: Радыё Свабода
Яна згадвае вялікую колькасць сюжэтаў пра Вялікую Айчынную вайну: пра тое, як «мы перамаглі», як «у нас хочуць скрасці нашу Перамогу», але «мы яе не аддамо». Паказвалі і шмат ваенных фільмаў – ад класічных стужак кшталту «Обыкновенного фашизма» і «Иди и смотри» да сучасных расійскіх серыялаў.
Паводле Золатавай, ваеннай тэматыкі было так шмат, што яна выклікала ў зняволеных адваротную рэакцыю. Пры гэтым у фільмах пра вайну часам паказвалі канцлагеры, і жанчыны знаходзілі паралелі паміж тым, што адбывалася на экране, і ўласным досведам: прымусовая праца, бессэнсоўныя правілы, жорсткасць.
«Так што, бяздумна эксплуатуючы ваенную тэму, ідэолагі дабіліся хутчэй супрацьлеглага эфекту», – робіць выснову Золатава.
Яшчэ адну вялікую частку праграмы складалі прапагандысцкія сюжэты пра падзеі 2020 года. У іх паўтаралі, што краіну хацелі зламаць, але яна выстаяла, перамагла і стала мацнейшай.
Часам паказвалі інтэрв’ю з ужо вызваленымі палітвязнямі. Сярод іх былі Паліна Шарэнда-Панасюк, Дар’я Лосік, Юрый Зянковіч, а таксама першыя публічныя выступы Сяргея Ціханоўскага пасля вызвалення. Паказвалі і так званыя гучныя расследаванні, прысвечаныя палітычным справам.
Золатава звярнула ўвагу і на тое, як рэагавалі на такія перадачы іншыя зняволеныя. Паводле яе назіранняў, некаторыя ўспрымалі тэлевізійную інфармацыю без крытычнай ацэнкі: калі нешта сказалі па тэлевізары, значыць, гэта праўда. Яны паўтаралі азначэнні «здраднікі», «ворагі народа», «тэрарысты», а таксама абвінавачанні на адрас палітвязняў.
«Глядзелі ў напрамку тэлевізара, але адключаліся»
Святлана кажа, што ў 2023 – 2024 гадах сітуацыя з праграмамі была асабліва цяжкай. Паводле яе, тады ў асноўным паказвалі дакументальныя фільмы або вельмі старыя савецкія стужкі пра Другую светавую вайну і “генацыд беларускага народа”, а таксама прапагандысцкія матэрыялы АНТ, якія маглі паўтарацца зноў і зноў.
«У некаторыя больш светлыя перыяды адзін з двух «Вектараў» прысвячалі нейкаму серыялу, пераважна расійскаму і не заўсёды якаснаму. Аднак мы ўжо былі згодныя глядзець што заўгодна, толькі не пра вайну», – успамінае яна.
Прыкладна з сярэдзіны 2024 года, паводле Святланы, сітуацыя крыху змянілася: за падбор перадач стаў адказваць іншы чалавек, праграмы зрабіліся больш разнастайнымі, паўтораў стала менш. Часам паказвалі дакументальныя фільмы пра прыроду і мастацтва.
У 2025 – 2026 гадах у праграме з’явілася больш перадач пра здароўе і псіхалогію. Напрыклад, інтэрв’ю з лекарамі розных спецыяльнасцяў і матэрыялы некаторых расійскіх блогераў.
Але, паводле Святланы, гэта не змяніла агульнага ўражання ад прымусовых праглядаў.
«Ці быў ад гэтага выхаваўчы эфект? Дакладна не. Відавочна, што аддзел выпраўленчай работы хацеў выхаваць патрыётаў, але ад такой перадазіроўкі «генацыду» і прапаганды нават у «асуджаных за злачынствы неэкстрэмісцкай накіраванасці», у «белых бірак», ад тэмы Вялікай Айчыннай вайны пачынаўся нервовы цік», – кажа яна.
Святлана згадвае і выпадковыя адукацыйныя перадачы, якія маглі выклікаць у некаторых зняволеных толькі здзіўленне. Напрыклад, матэрыялы пра тое, чым двухступны апостраф адрозніваецца ад амфібрахія.
«Ці лічу я гэта катаваннямі? Вось без усялякай іроніі – так», – кажа былая палітзняволеная.
Яна тлумачыць гэта тым, што ў калоніі чалавек заняты з раніцы да вечара. Значная частка ўмоўна вольнага часу сыходзіць на дзяжурствы і вырашэнне бытавых пытанняў – памыцца, памыць рэчы. Таму амаль дзве гадзіны, якія трэба было сядзець і слухаць паўтаральны кантэнт, рабіліся дадатковай маральнай нагрузкай.
Ірына Слаўнікава таксама лічыць, што «Вектар» быў патрэбны найперш адміністрацыі.

Ірына Слаўнікава. Фота: БАЖ
«Яго прыдумалі, каб у адміністрацыі было больш вольнага часу і ім не трэба было сачыць за намі. Сабралі чатыры разы на дзень разам – і сядзім, нешта глядзім пад прымусам», – кажа яна.
Яна звяртае ўвагу і на ўмовы прагляду: у адным памяшканні збіралі шмат людзей, а крэслаў на ўсіх не хапала. Жанчынам даводзілася прыносіць зэдлікі са сваіх секцый. Сярод іх былі пажылыя і хворыя.
«Збольшага людзі проста глядзелі ў напрамку тэлевізара, але цалкам адключаліся і нічога не ўспрымалі з таго, што ім паказвалі», – успамінае Слаўнікава.
Яна згадвае лекцыі з дрэннай якасцю выявы і гуку, калі часам немагчыма было разабраць, што гавораць. На яе думку, гэта былі мерапрыемствы «для птушачкі»: правялі, адсправаздачыліся, але ніхто не вымяраў, ці быў ад іх нейкі выхаваўчы эфект.
Раней, калі ў памяшканнях яшчэ не было камер, падчас «Вектара» можна было пачытаць кнігу або напісаць ліст родным. Пасля ўсталявання камер гэта забаранілі. І нават калі тэлевізар не працаваў, жанчыны мусілі сядзець і глядзець у чорны экран.
Калі за сон падчас «Вектара» адпраўлялі ў ШІЗА
Алена Гнаук параўноўвае правілы падчас «Вектара» з пагрозай пакарання за любы крок убок.

Алена Гнаук. Фота: Брестская газета
«Вектар» – вельмі цікавае мерапрыемства. Па тыпе: «Крок улева, крок управа – расстрэл!» Бо нам за гэты час не дазвалялася выходзіць на вуліцу, каб падыхаць свежым паветрам. Нават да сябе, у секцыю, зайсці было забаронена. Бо гэта магло скончыцца чарговым пакараннем», – расказвае яна.
У сваім чацвёртым атрадзе Алена ведала Віку – жанчыну з інваліднасцю другой групы па псіхаэмацыйным стане. Паводле яе слоў, Віку неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА за тое, што яна засынала падчас «Вектара».
«Напэўна, аднастайныя перадачы яе расслаблялі і хілілі да сну», – мяркуе Алена.
Паліна Шарэнда-Панасюк, якая расказвае пра свой досвед у калоніі ў 2021 годзе, таксама называе «Вектар» катаваннем. Для яе галоўнай праблемай былі прымус, адсутнасць выбару і недахоп вольнага часу.

Паліна Шарэнда-Панасюк. Скрын відэа: malina_by / YouTube
«Хочаш – не хочаш, усе абавязаны там знаходзіцца. Вольнага часу і так катастрафічна бракуе, а тут яшчэ штодня ад яго адбіраць гадзіну-дзве. Выйсці можна толькі ў прыбіральню», – успамінае яна.
Паводле Паліны, зняволеныя не маглі самі выбіраць, што глядзець. Але асуджаныя маглі на свой страх і рызыку пераключыць з “Вектара” на звычайнае тэлебачанне. Пульт ад тэлевізара быў толькі ў «абраных» людзей, якія ўключалі праграмы на свой густ.
«Нізкаякасныя расійскія серыялы, такія ж нізкаякасныя ток-шоу. Асабліва «на ўра» ішлі ток-шоу са сваркамі, бойкамі. Гэта што да пытання адукацыйнага эфекту. Без канца слухалі «Пой, Кавказ». Ну і прапаганда, хаця навіны ўключалі рэдка. Дзевяноста працэнтаў тэлебачання – расійскі кантэнт з адпаведнымі наратывамі, русіфікацыя», – кажа яна.
Паліна адзначае, што некаторыя зняволеныя выкарыстоўвалі час на «Вектары» для чытання кніг, напісання лістоў або нават сну. Яна лічыць, што адміністрацыя не ставіла сабе нейкай асобнай выхаваўчай мэты.
«Там усё падпарадкоўваецца адной мэце – прывучыць людзей да несвабоды, да падпарадкавання. Таму нават быццам бы «добрая справа» – даць людзям паглядзець тэлевізар – пераўтваралася ў прымус, навязанасць, бессэнсоўнасць. «Вектар» не любілі, бо ён адбіраў самае каштоўнае – вольны час для сябе», – падсумоўвае яна.
Прапаганда, якая выклікала адваротную рэакцыю
Ларыса Шчыракова таксама ўспамінае, што ваенны кантэнт паказвалі не толькі напярэдадні памятных дат, але і круглы год.

Ларыса Шчыракова. Фота: з яе старонкі ў Facebook
«Збольшага «Вектар» быў проста катаваннем для нервовай сістэмы. Вельмі шмат фільмаў пра вайну не толькі да пэўных дат, але круглы год, нон-стоп. Уявіце сабе: вы мусіце штодня глядзець сцэны забойстваў, гвалту, жорсткасці, людскога гора. Для жаночай псіхікі гэта было вельмі цяжка», – кажа яна.
Ларыса неаднаразова звярталася да прадстаўнікоў адміністрацыі і мясцовых псіхолагаў з просьбай паменшыць колькасць такіх матэрыялаў.
«Колькі разоў я пра гэта казала: «Пашкадуйце нас, зменшыце дазіроўку гэтага ваеннага кантэнту, сіл няма гэта трываць». Ад мяне адмахваліся, як ад надакучлівай мухі», – успамінае былая палітзняволеная.
Пасля ваеннага кантэнту найбольш непрыемнымі для Ларысы былі прапагандысцкія фільмы і перадачы.
«Проста выварочвала ад гэтага кантэнту – хлуслівага, маніпулятыўнага. Калі ты бачыш на экране знаёмых табе людзей, якіх лічыш шчырымі патрыётамі, сумленнымі грамадзянамі краіны, а на іх выліваюць вёдры бруду і маны, гэта вельмі цяжка», – расказвае яна.
Ранішні «Вектар» часам удавалася прапусціць дзякуючы прафілактычнаму ўліку. Гэта працэдура, падчас якой асуджаныя, што стаялі на прафілактычным уліку, павінны былі ў 9:45 пашыхтавацца на лакальным участку. Праверка супадала з часам прагляду, таму жанчыны з радасцю ішлі на вуліцу, каб не сядзець перад тэлевізарам.
Беларуская прапаганда перайшла з унутраных на знешніх ворагаў. Што гэта азначае для медыя?
«Былі, канешне, і цікавыя матэрыялы. Мне запомніўся дакументальны фільм пра беларускага мастака Ігара Бархаткова. Цікава было паслухаць культурнага, разумнага чалавека, творцу, пабачыць яго карціны з беларускай прыродай ды вясковымі краявідамі. А фонам гучала цудоўная класічная музыка – Моцарт, Бах, Шапен. Я, каб мне не перашкаджалі атрымліваць асалоду ад фільма, села пад самы тэлевізар і глядзела. Гэты фільм, да маёй найвялікшай радасці, паказалі два разы», – успамінае Ларыса.
Яна не лічыць, што прымусовыя прагляды маглі змяніць погляды зняволеных.
Паводле Ларысы, жанчыны часта проста рабілі выгляд, што глядзяць і слухаюць. Аднойчы пасля дакументальнага фільма з пяці серый пра аперацыю «Баграціён» і мастацкага фільма на гэтую ж тэму яна спытала некалькіх жанчын, што яны запомнілі.
«Дык яны не маглі ўзгадаць ні года, ні ходу той аперацыі, якой нас месяц пічкалі», – расказвае Ларыса.
«Мужское – женское» і рэдкія добрыя фільмы
Наталля Дуліна лічыць, што змест «Вектара» мог бы быць цалкам прымальным, калі б не бясконцыя перадачы пра вайну і людзей з алкагольнай залежнасцю, якіх наведваюць мясцовыя ўчастковыя.

Наталля Дуліна. Фота: Белсат
«Яшчэ адзін жах – перадача «Мужское – женское», ці як там яна называлася? Памыйка яшчэ тая! Гэта было сапраўды невыносна, асабліва тое, што адны і тыя ж перадачы час ад часу паўтаралі, відаць, праз недахоп кантэнту», – кажа Наталля.
Як пенсіянерцы, якая не хадзіла на працу, ёй даводзілася глядзець «Вектар» двойчы на дзень.
Разам з тым Наталля адзначае, што сярод перадач былі і сапраўды цікавыя. Ёй запомніўся замежны, магчыма, вытворчасці BBC, дакументальны фільм пра творчасць Фабержэ. Таксама паказвалі навукова-папулярныя фільмы і праграмы, некаторыя мастацкія стужкі былі вельмі добрымі. Асабіста ёй не хапала класічнай музыкі і перадач пра жывёл.
Марына (імя зменена) таксама ўспамінае, што сярод абавязковых праглядаў здараліся фільмы, якія мелі для зняволеных значэнне.
«Вектар» – гэта катаванне, але ў суботу былі фільмы, якія мы ў нядзелю абмяркоўвалі ў клубе, і гэта было адзінае шчырае мерапрыемства. Гэта называецца: святло шукайце ў цемры. «Вектар» – поўная цемра, дзе былі пробліскі святла», – кажа яна.
Калі ў Марыны з’явілася магчымасць займацца прыборкай падчас «Вектара», яна рабіла гэта з задавальненнем – абы не сядзець у зале.
«Ідэя не кепская, але не ў такой колькасці»
Наста Лойка лічыць, што сама па сабе ідэя адукацыйнага тэлебачання ў калоніі не абавязкова дрэнная. Калонія афіцыйна называецца папраўчай установай, і яе часта крытыкуюць за тое, што яна толькі ізалюе людзей, але не працуе з імі. Таму «Вектар» мог бы стаць адной з формаў такой працы.

Наста Лойка. Фота: Ірына Арахоўская
Аднак, на думку Насты, праблема ў тым, як гэта было арганізавана ў ПК‑4.
«Асноўная праблема – прагляд кантэнту займае шмат вольнага часу, і гэта ініцыятыва самой калоніі, якая, наколькі я ведаю, не прадугледжана правіламі ўнутранага распарадку. Каб гэта было поўгадзіны ці гадзіна на дзень, у зняволеных было б болей вольнага часу. Такім чынам, не рэалізоўваецца права асуджаных на вольны час, каб зрабіць нешта для сябе», – кажа яна.
Наста адзначае, што жанчыны, адказныя за «Вектар», стараліся зрабіць праграму лепшай: падбіралі сучасныя серыялы, душэўныя фільмы на нядзелю. Паводле яе, было відаць, што яны сапраўды спрабавалі нешта данесці да іншых.
Але сама Наста ў звычайным жыцці амаль не глядзіць тэлебачанне і рэдка глядзіць фільмы. Таму прымусовая прысутнасць перад экранам давалася ёй асабліва цяжка.
«Неабходнасць прысутнічаць, глядзець у экран без магчымасці адмовіцца ад гэтага – для мяне была вельмі цяжкай. Часта кантэнт быў трыгерны, бо, напрыклад, у нейкіх серыялах быў гвалт, і гэта мяне траўмавала. Ці з беларускага тэлебачання нам паказвалі перадачы, дзе было відавочнае распальванне варожасці», – расказвае яна.
Былі і матэрыялы, якія жанчынам падабаліся. Напрыклад, у нядзелю паказвалі віншавальны «Вектар» з нагоды дзён народзінаў, з музычнымі кліпамі. Гэта было цікава. Некаторыя серыялы таксама дапамагалі пераключыцца.
Аднак часам змест перадач выглядаў асабліва недарэчным у турэмных умовах.
«Для мяне было здзекам, калі яны ўключалі праграмы пра тое, наколькі важна адмовіцца ад цукру і наколькі гэта шкодна. І гэта гавораць ва ўмовах, дзе мы не можам кантраляваць сваё харчаванне. Гэта сапраўды выглядала як здзек», – кажа Наста.
Яна адзначае, што навязаны кантэнт выклікаў супраціў. У некаторых атрадах, калі была магчымасць пераключыць канал, зняволеныя рабілі гэта і не глядзелі «Вектар».
«Ідэя «Вектара» не кепская, але не ў такой колькасці і з больш стратэгічнай праграмай», – лічыць яна.
Наста называе «Вектар» імітацыяй папраўчага працэсу, якая дазваляла адміністрацыі ў справаздачах паказваць, што яна працуе з асуджанымі.
На яе думку, больш эфектыўнымі маглі б быць групавыя тэрапіі раз на тыдзень або інтэрактыўныя заняткі. Пры гэтым кантэнт павінны падбіраць прафесіяналы, а не самі асуджаныя.
«Нас фактычна каралі тэлебачаннем», – падсумоўвае Наста.
«Мы амаль ніколі не глядзелі»
Ганна Папай правяла ў ПК‑4 менш за год – у 2025 годзе. Яна ўспамінае, што ў яе атрадзе «Вектар» амаль ніколі не глядзелі.

Ганна Папай. Фота: Politzek.me
«Тыя, хто быў адказны за пульт тэлевізара, заўсёды пераключалі на іншыя праграмы, якія ішлі па тэлебачанні. «Вектар» быў нецікавы, і глядзець яго мы практычна ніколі не хацелі», – кажа яна.
Паводле Ганны, каля 90 працэнтаў фільмаў былі альбо пра вайну, альбо вельмі старымі савецкімі, нават даваеннымі.
«Не разумею, навошта нам паказваць так шмат старога савецкага кіно. Гэта што, была прапаганда Савецкага Саюза, як там раней добра жылося?» – задаецца пытаннем былая палітзняволеная.
Яна таксама памятае фільм-нарэзку з інтэрв’ю Сяргея Ціханоўскага, які паказалі пасля яго вызвалення.
«Гэта было вельмі непрыгожа зроблена. Сяргея паказалі нейкім неадэкватам, на яго было сорамна глядзець. Відаць, яны гэтым хацелі сказаць: «Паглядзіце, за каго вы збіраліся галасаваць у 2020 годзе», – мяркуе Ганна.
Акрамя таго, паказвалі грамадска-палітычныя праграмы – напрыклад, «Клуб рэдактараў», аўтарскія перадачы Ігара Тура і Ксеніі Лебедзевай. Ганна называе іх прапагандысцкімі: у іх расказвалі, як добра жыць у Беларусі і якая цудоўная ўлада.
З карыснага Ганна згадвае некалькі псіхалагічных перадач і матэрыялы пра жаночае здароўе. На яе думку, такога кантэнту магло б быць больш.
Такім чынам, успаміны былых зняволеных паказваюць, што «Вектар» у калоніі № 4 быў не проста тэлепраграмай. Для жанчын гэта былі абавязковыя гадзіны перад экранам, якія забіралі і без таго абмежаваны вольны час. У эфіры суседнічалі прапаганда, ваенныя фільмы, старыя савецкія стужкі, ток-шоу і рэдкія матэрыялы, якія сапраўды маглі зацікавіць або прынесці карысць.
Але нават тыя, хто згадвае добрыя фільмы і перадачы, падкрэсліваюць: галоўнай праблемай была не толькі якасць кантэнту, але і немагчымасць адмовіцца ад прагляду.
@bajmedia