«У мяне ёсць надзея на беларусаў»: Андрэй Куціла пра тое, як здымаў «Лісты» пра зняволенне, выгнанне і супраціў
Фільм «Лісты» Андрэя Куцілы пра рэпрэсіі ў Беларусі, зняволенне і выгнанне ўжо атрымаў чатыры прэміі на еўрапейскіх фестывалях, што адкрыла яму дарогу да доўгага спісу «Оскара». Рэжысёр расказаў «Белсату» пра пяць гадоў працы над стужкай, як удалося пераўтварыць гісторыі і лісты беларускіх палітвязняў у фільм і тое, чаму ён адгукаецца замежным гледачам.

Андрэй Куціла на фотасесіі, прысвечанай ягонаму дакументальнаму фільму «Лісты з краіны маўчання» (Letters From The Silenced Country), у межах 83-га Венецыянскага міжнароднага кінафестывалю. Венецыя, Італія, 9 верасня 2026 года. Фота: Aurore Marechal / Getty Images
Кінафільм «Лісты» паказвае сучасную Беларусь праз асабістыя гісторыі асобаў, якія перажылі пераслед, зняволенне ці вымушанае выгнанне. У ёй спалучаюцца лісты, сведчанні, дакументальныя і архіўныя кадры, запісы камераў назірання і анімацыя на аснове турэмных малюнкаў.
Сярод герояў – былая палітзняволеная студэнтка Кася, якая малюе ў турме; былы следчы Андрэй Астаповіч, які пакінуў сістэму і выехаў у Польшчу; Алесь, які хаваецца ў Беларусі, каб пазбегчы разлукі з дачкою. Гісторыя палітвязня Вітольда Ашурка, якога забілі ў турме, раскрываецца праз фотаздымкі, дасланыя яму за краты сяброўкай. У фільме выкарыстоўваюцца анімацыя, фотаздымкі і відэа з Беларусі і Польшчы.
Прэм’ера адбылася ў верасні на Венецыянскім кінафестывалі, дзе стужка атрымала Golden Globes Impact Prize for Documentary – узнагароду, заснаваную ў партнёрстве з Artemis Rising Foundation. На фестывалі DOK Leipzig у Нямеччыне фільм атрымаў яшчэ дзве ўзнагароды: «Залатога голуба» за найлепшы поўнаметражны дакументальны фільм міжнароднага конкурсу і прэмію MDR за найлепшы ўсходнееўрапейскі дакументальны фільм.
Апошнюю на сёння ўзнагароду ўручылі фільму ў Берліне 11 лістапада: стужка атрымала Берлінскую прэмію свабоды (Berlin Freedom Award) у катэгорыі «Барацьба за дэмакратыю» ў межах праграмы Stories of Freedom Берлінскага тыдня свабоды. «Лісты» таксама ўвайшлі ў кароткі спіс Еўрапейскай кінапрэміі.
«Мова, якою фільм гаворыць пра нашую лакальную трагедыю»
– Як, на тваю думку, «Лісты» успрымаюцца гледачамі? Што паспрыяла таму, што фільм быў заўважаны і ўзнагароджаны на фестывалях?
– Перш за ўсё, універсальнасць. З мовы, якою фільм гаворыць пра нашыя лакальныя праблемы, пра нашую лакальную драму і трагедыю, вырастае ўніверсальны ўзровень. Дзякуючы, напэўна, той форме, якую мы шукалі гадамі… мастацкаму падыходу для кожнага героя і кожнай гісторыі.
Кожны змест атрымаў сваю форму. Гісторыя Вітольда атрымала яе, бо Воля Быкоўская дасылала яму лісты, сядзела перад маніторам, бачыла сваё жыццё, і дасылала ўсё, што можна было даслаць:фотаздымкі і тэксты – усё, што магло прайсці цэнзуру.
Гісторыя Андрэя Астаповіча – пра чалавека, следчага, які палову жыцця дапытваў людзей, а калі аказаўся ў Польшчы, ужо яго дапытвалі, спраўджвалі, ці ён тая асоба, якой варта давяраць.
Гісторыя Касі зрабілася анімаванаю. Калі чалавек праз прызму мастацтва ўспрымае сябе і навакольную рэчаіснасць, спрабуе гэта адбіць у рысунках, тут просіцца анімацыя.
У выніку мы паспрабавалі выйсці на ўніверсальны ўзровень, і таму гледачы ідуць, пераказваюць адно аднаму, што варта паглядзець.
Гісторыя не толькі пра Беларусь, а пра свет і небяспеку, якая можа сёння навісаць і над краінамі з дэмакратычным кіраўніцтвам. У наш час папулізму гэта, як мне здаецца, адгукаецца шмат у каго за мяжой.

Кадр з фільму «Лісты» Андрэя Куцілы. Крыніца: europeanfilmawards.eu
– Ты бачыў, як рэагавалі гледачы? Якая была рэакцыя?
– Цяжка. Спачатку людзі доўга маўчаць, ім трэба ператравіць, не адразу хочацца размаўляць. Таму мы зрабілі паўзу пасля цітраў, каб даць гледачам магчымасць крыху выйсці з гэтага стану, а пасля ўжо пачаць размаўляць з імі.
Людзей шмат што цікавіць. Калі ёсць галоўныя героі, якія могуць быць на паказе, ёсць пытанні, скіраваныя да іх. Да Касі, часам да Андрэя, якія шмат пра што могуць расказаць.
У мяне пытаюцца пра генезіс праекту, чаму лісты, ці можна было ўсё ў лістах паказаць і як праект нараджаўся. Даводзіцца тлумачыць, што сёння, магчыма, праект было б цяжка зрабіць. Перадусім таму, што больш суворая цэнзура, таму мы пераключаемся на маналогі, якія застаюцца ў форме лістоў, у іх інтанацыях, шукаем розныя формы, але застаёмся ў пачатковай канцэпцыі.
Мы нават друкуем лісты іншых палітзняволеных, якія не бралі ўдзелу ў праекце, каб выйсці за межы фільму і каб людзі засталіся з чымсьці ў руках. Там ёсць лісты і праваабаронцы Насты Лойкі, і нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, блогера Ігара Лосіка. Гэтыя тэксты крыху эмацыйна і інфармацыйна цягнуць гісторыю далей, даюць зразумець людзям, што нічога не змянілася.
Не заўсёды замежная аўдыторыя разумее рэгіянальны кантэкст: тое, што адбываецца ў Беларусі, звязанае з Расеяй і вайною ва Украіне. Нават замарожванне вайны не зробіць рэгіён бяспечным і дэмакратычным без развязання палітычнай праблемы ў Беларусі. Таму рана ці позна нам давядзецца развязаць і яе.

Кадр з фільму «Лісты» Андрэя Куцілы. Крыніца: europeanfilmawards.eu
– Што для цябе было самае складанае падчас праекту?
– Самае складанае – пошук формы. Як можна апавесці гісторыю пра лісты ў кіно? Кіно – гэта больш візуальныя вобразы.
Пасля, калі знайшлася форма для кожнай гісторыі, складанасць была ў тым, каб іх сумясціць, каб яны ўсе запрацавалі, зайгралі, гарманічна ўвайшлі адна ў адну і стварылі цэласнасць.
Вось гэта і было самае складанае, калі адсунуць у бок псіхалагічна-эмацыйны складнік.

Кадр з фільму «Лісты» Андрэя Куцілы. Крыніца: europeanfilmawards.eu
– Падрыхтоўка гэтага праекту пачалася пяць гадоў таму. Ці змянялася яго канцэпцыя?
– Мы ўсе мяняемся. Спачатку было, можа, больш надзеі… і невядомасці. Але я ніколі не меў ілюзіяў у такім сэнсе, што я праз год-два скончу праект, і мы ўсе вернемся ў Беларусь.
Праект таксама мяняўся, мяняліся героі. Кася, якой было 19, калі яна ў турму трапіла, знаходзіць сябе і вучыцца. Андрэй зрабіў свой выбар, адышоў з BYPOL, пасля BELPOL. Ён зразумеў, што заставацца ў кантэксце змагання, не маючы рэальных рычагоў уплыву, шкодна для псіхікі.
І гісторыя Вітольда змянілася. Усе мы падазравалі, што Вітольда катавалі, і ён з гэтай прычыны памёр, але не было доказаў. Цяпер выйшлі на волю сведкі, і мы маем стоадсоткавую ўпэўненасць. Цяпер не ўзнікае пытання, што ты ў фільме беспадстаўна вінаваціш кагосьці ў злачынствах.
Але ў самой Беларусі мала што змянілася за гэты час. Па сутнасці, нейкія дробязі, крыху дэкарацыі, але сістэма працуе. Раней яна не спраўлялася, але цяпер адаптавалася.
У нашым фільме герой кажа: «Беларусь проста заходзіць пад лёд, яна сцішваецца». Раней супраціў быў больш відавочны. А цяпер тое, што яго не відаць на вуліцах, не значыць, што людзі з гэтым пагаджаюцца. І адна з нашых мэтаў была ў тым, каб паказаць гэта ссярэдзіны, каб гледачы зразумелі, што нічога не скончанае. Яно проста зайшло пад лёд.
– Ці задаволены ты ўзнагародамі «Лістоў» і тым, як іх прымаюць на фестывалях?
– Вельмі задаволены. Гэта пачатак дарогі для фільму, і гэта максімальна, што можна яму зычыць. Прэм’еры на фестывалі кшталту Венецыі, а пасля працяг на фестывалі ў Ляйпцыгу і Берліне. Як можна быць незадаволеным? Гэта адкрывае магчымасць лепшай дарогі да гледача ў будучыні.
Усе задаволеныя, хто прыняў удзел і так ці інакш нам дапамагаў. Хтосьці прыйшоў на адзін дзень, хтосьці на два, на месяц, хтосьці ўсе пяць гадоў працаваў, але гэты вынік – сукупнасць намаганняў каманды.
– Чаго чакаеце ў бліжэйшай будучыні? Якія яшчэ фестывалі наперадзе? Сапраўды ёсць шанец на «Оскар»?
– Ёсць механізмы, якія адкрываюць гэтую сцежку да доўгага спісу на «Оскар». І галоўная ўзнагарода «Залаты голуб» у Ляйпцыгу – адзін з іх. Пасля гэтага няма патрэбы арганізоўваць, напрыклад, камерцыйныя паказы з продажам квіткоў на тэрыторыі Амерыкі, каб мець магчымасць пазмагацца за «Оскар».
Фільму трэба яшчэ прайсці вялікую дарогу, зрабіць, напэўна, шмат высілкаў, каб пра яго даведаліся і галасавалі. Але сцежка ўжо аўтаматычна адкрытая.
Праўда, мне як аўтару больш важна, каб фільм ішоў далей тут, у Еўропе. І гэта будзе. У нас паказы на фестывалях у Талліне, у Берліне, будуць на вельмі важным фестывалі ў Амстэрдаме.
І далей мы ўжо маем шмат запрашэнняў на фестывалі. Пасля ўжо будзе паказ на тэлебачанні, у тым ліку на «Белсаце».

Кадр з фільму «Лісты» Андрэя Куцілы. Крыніца: europeanfilmawards.eu
– Атрымліваецца, што маеце расклад на найбліжэйшыя паўгода, дзе будзеце прэзентаваць фільм?
– Так, і запрашэнні даходзяць. Хтосьці загадзя высылае, калі ўжо вельмі ўпэўнены, што хоча мець фільм на фестывалі, рэзервуе яго за 4–5 месяцаў. Ужо з Аўстраліі, даволі важнага фестывалю дакументальнага кіно Antenna, запрасілі фільм.
Мы не ведаем дакладна, колькі будзе запрашэнняў. Гэтым займаюцца сэйлз-агенты, яны выбіраюць, раячыся з прадзюсарамі, лепшую опцыю для фільму. Каб і да гледача дайсці, каб увага была шырэй, каб пра гэта пісалі.

Андрэй Куціла (пяты злева) з калегамі на фотасесіі, прысвечанай дакументальнаму фільму «Лісты з краіны маўчання» (Letters From The Silenced Country), у межах 83-га Венецыянскага міжнароднага кінафестывалю. Венецыя, Італія, 9 верасня 2026 года. Фота: Aurore Marechal / Getty Images
– Ці дае табе твой фільм надзею на тое, што ўсё зменіцца да лепшага?
– Мне падаецца, варта падзяліць надзеі: надзею на змены ў Беларусі ці надзею на тое, што людзі паспяхова выйдуць з‑за кратаў і з’едуць, знойдуць лепшае жыццё па-за межамі Беларусі.
У мяне ёсць надзея на беларусаў, на людзей. Бо я з імі сустракаюся, бачу іхны патэнцыял, і розум, і годнасць. Таму ідэя ў тым, каб шукаць надзею і падтрымку ў тых, хто побач. Бо калі глядзець толькі на сістэму, яе будзе мала.
@bajmedia