Беларускія журналісты салідарныя з украінскімі калегамі
У офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў прайшла сустрэча кіраўніцтва арганізацыі з прэзідэнтам Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны Сяргеем Таміленкам.

Барыс Гарэцкі, Аляксандр Фядута, Сяргей Таміленка і Андрэй Бастунец у офіса БАЖ. Фота БАЖ
Падчас сустрэчы прадстаўнікі БАЖ пацвердзілі поўную салідарнасць з украінскімі калегамі ва ўсіх пытаннях, у тым ліку, у справе супрацьдзеянні расійскай прапагандзе, абароне журналістаў і журналістак ад расійскіх атак, падтрымцы ўкраінскіх медыя і ў патрабаванні вызвалення ўсіх зняволеных украінскіх журналістаў з расійскага палону.
БАЖ і НСЖУ звязвае цеснае шматгадовае сяброўства і партнёрства, многія гады журналісцкія арганізацыі разам выступаюць з акцыямі салідарнасці, дапамагаюць адно адной на міжнародным і нацыянальным узроўні. БАЖ, як і многія іншыя журналісцкія арганізацыі свету рашуча асуджае напад Расіі на Украіну.

Салідарнасць з украінскімі калегамі. Фота БАЖ
— Пасля пачатку паўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну БАЖ з асаблівай сілай працягвае падтрымліваць сваіх калег, а таксама дзякуе калегам за салідарнасць з беларускімі медыямі, беларускімі журналістамі і журналісткамі за кратамі.
Для беларускіх калег салідарнасць з украінцамі сёння – гэта не проста словы, а штодзённае інфармаванне аўдыторыі пра падзеі ва Украіне, гэта і асабістыя лёсы многіх з нас, звязаныя з Украінай, і праца беларускіх журналістаў і журналістак на перадавой праўды побач з украінскімі калегамі, — гаворыць намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі, які таксама мае ва Украіне журналісцкую акрэдытацыю.

Сяргей Таміленка і Аляксандр Фядута ў офісе БАЖ. Фота БАЖ
Цікава, што да сустрэчы з Сяргеем Таміленкам у БАЖ далучыўся адзін з заснавальнікаў арганізацыі, былы палітычны зняволены Аляксандр Фядута. Ён быў вызвалены з‑за кратаў летась у снежні і акурат апынуўся ў той групе зняволеных, якая была вывезеная ва Украіну.
@bajmedia