Фільм «Інга», зняты пры ўдзеле «Белсату», атрымаў узнагароду ў Нью-Ёрку
Дакументальны фільм «Інга» польскага рэжысёра Кшыштафа Капчыньскага, створаны ў капрадукцыі з «Белсат Док», атрымаў узнагароду New York Film & Female Actress Award у намінацыі «Рэжысура – кароткаметражны дакументальны фільм».

Кадр з фільму «Інга». Фота: Белсат Doc
Пераможцаў выбірала міжнароднае журы, у якое ўвайшлі Дэньел Алекзандэр Ньютан (Дубай), Іян Дыксан (Сінгапур/Аўстралія), Сузэн Спэнслі-Бэрч і Эмілі Джошуа (Вялікая Брытанія), Пітэр Тамарыбучы (Бостан) і Дэйвід Дулеў (Хэмптанс).
Фільм расказвае гісторыю пяцігадовай Інгі, якая разам са сляпымі бацькамі ўцякае з Украіны ў Варшаву пасля пачатку вайны. У новым горадзе сям’я спрабуе наладзіць жыццё паміж рэальнасцю і марамі, а дзяўчынка робіцца для бацькоў своеасаблівым правадніком у незнаёмым свеце. У пэўны момант бацька вяртаецца ва Украіну, дзе працягваюцца баявыя дзеянні, каб завяршыць няскончаныя справы.
Як адзначае рэжысёр, стужка вырасла з рэальнай гісторыі ратавання: вайна пачалася ў дзень, калі Інзе споўнілася пяць гадоў, і каманда з Варшаўскага ўніверсітэту дапамагла сям’і эвакуявацца. Так з’явіўся фільм пра тое, як можна ўспрымаць свет, нават калі ён «перастае быць бачным».
«Інга» – супольная вытворчасць «Белсату», кампаніі Eureka Media Architekci і Польскага тэлебачання, створаная пры падтрымцы Польскага інстытуту кінамастацтва. Амерыканская прэм’ера стужкі адбылася 16 красавіка на 26‑м Beverly Hills Film Festival – штогадовым міжнародным кінафоруме, які збірае больш за 20 тысяч гледачоў і ўдзельнікаў.
@bajmedia