• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Пасля гэтай кнігі ўжо цяжка сказаць: «Мы не ведалі». Іна Карней пра «Інкамунікада. Катаванне адзінотай» на фэсце ў Вільні

    Кніга журналіста, былога палітзняволенага Ігара Карнея «Інкамунікада. Катаванне адзінотай» выйшла напрыканцы гэтага лета. Прэзентацыі ў межах этапаў літаратурнага фэсту PRADMOVA праводзіць Іна Карней, жонка Ігара. З‑за маруднасці партугальскай бюракратычнай сістэмы сам аўтар не можа пакуль выязджаць за межы краіны.

    Карней, кніга

    Кніга Ігара Карнея «Інкамунікада. Катаванне адзінотай». Фота: Face­book

    Ігар Карней выправіў сваю жонку Іну Карней на віленскі этап фестывалю PRADMOVA, што прайшоў на мінулых выходных, прэзентаваць сваю кнігу «Інкамунікада. Катаванне адзінотай», бо сам фізічна выбрацца нікуды не можа «з прычыны даволі банальнай: няма легальных дакументаў для перамяшчэння».

    Карней, кніга

    Ігар Карней са сваёй кнігай «Інкамунікада. Катаванне адзінотай». Фота: Face­book

    Затое Ігар зрабіў завочную аўтограф-сесію:

    «Літаральна напярэдадні адлёту ў Іны абвастрылася маркетынгавая крэатура. То-бок, каб не прымітыўна навязваць прадукт патэнцыйнаму пакупніку, у якога ад багацьця выбару літаральна разьбягаюцца вочы, а хоць неяк яго ачалавечыць. Напрыклад, простай закладкай з аўтарскай рэплікай.

    Карней, кніга

    Ігар Карней падпісвае закладкі да кнігі. Фота: Face­book

    Таму ўвечары наразаў кардонныя палоскі, а раніцай прыдумляў пафасныя лозунгі за Беларусь. Трэба сказаць, з непрывычкі завочная аўтограф-сесія дык і выматала – адным махам пад 70 пажаданак. Ды яшчэ ў эксклюзіўным варыянце, каб не паўтарыцца. Ну, а сама ініцыятарка ўжо аздабляла артэфакты ў нацыянальным стылі. Падаецца, у выніку  атрымалася шчыра і атмасферна. Гэта я да таго, што нават у маю адсутнасьць нябачная прысутнасьць будзе гарантаваная».

    Карней, кніга

    Закладкі да кнігі з пажаданнямі і подпісамі Ігара Карнея. Фота: Face­book

    Падчас фэсту Іна Карней наведала і БАЖ.

    «Фэст уразіў. Столькі беларусаў, столькі файных выданняў, ды і кніга Ігара прынятая была вельмі — усе 120 асобнікаў, што былі на фэсце, распраданыя», — распавяла Іна Карней.

    Іна Карней, БАЖ

    Іна Карней. Фота: БАЖ

    Чаму Азоры?

    Сям’я пераехала з Беларусі на Азоры, сюды ж пасля вызвалення прыехаў і Ігар.

    «Мы ўжо былі тут у 2003 годзе, ведалі мясцовых беларусаў. А пасля таго, што прыйшло пасля 2020-га, звярнуліся да знаёмага беларуса на Азорах з просьбай знайсці кватэру. Тут 9 выспаў, на якіх жыве ўсяго толькі 125 000 чалавек. Дапамога знаёмых дазволіла хутка прайсці ўсе першасныя фармальнасці ў падатковай і муніцыпалітэце», — кажа Іна Карней.

    Іна Карней, БАЖ

    Іна Карней паказвае на мапе, дзе Азоры. Фота: БАЖ

    Спачатку сям’я жыла ў маленькай кватэры, а пасля зняла першы паверх у вялікім прыватным доме на шэсць сем’яў з уласным басейнам і садам. Дом месціцца за 8 хвілін ад акіяна.

    Іна кажа, што раней здзіўлялася жаданню некаторых людзей перабірацца ў вёскі, а цяпер сама адчувае супакой ад адсутнасці мітусні вялікага горада і прыемнага клімату: «Мне нават Вільня падалася занадта шумным і вялікім месцам».

    Па прыездзе Ігара Іна імкнулася паказаць яму прыгажосць астравоў і акіян: «Але сёлета ён не схадзіў аніразу паплаваць у акіяне. Яму патрэбныя людзі, а не акіян. Ён жыве надзеяй на вяртанне».

    Іна Карней, БАЖ

    Іна Карней. Фота: БАЖ

    Пра легалізацыю і бюракратыю

    «Ад Ігара партугальская дзяржава запатрабавала даведку аб несудзімасці ў Беларусі — яшчэ той абсурд, улічваючы адкуль ён выйшаў. Таму прыйшлося падавацца на міжнародную абарону. Але партугальскія міграцыйныя службы працуюць вельмі павольна, а беларускія кейсы з улікам спецыфікі краіны звяртаюць менш увагі на фоне вялікай колькасці мігрантаў з былых калоній», — распавяла Іна Карней.

    Цяпер у Ігара ёсць часовы від на жыхарства, дзейны да сярэдзіны красавіка, які дазваляе перамяшчацца толькі ў межах Партугаліі. А да гэтага ён, можна сказаць, жыў увогуле без дакументаў і магчымасці працаваць.

    Моўны бар’ер

    У Партугаліі даволі добры ўзровень валодання ангельскай мовы сярод насельніцтва, што да партугальскай, то яна для Іны пакуль застаецца на побытавым узроўні.

    Але вось малодшая дачка Ева пайшла ў партугальскую школу без ведання партугальскай мовы (на пачатку дапамагала англійская). Праз два гады яна паспяхова здала пераходны іспыт па партугальскай мове пасля 9‑га класса на добрую адзнаку.

    Што датычыцца беларускай дыяспары на Азорах, Яна невялічкая, але вельмі згуртаваная.

    «Фармавалася з дзвюх хваляў: першая прыехала каля 10 гадоў таму праз IT, другая — пасля падзей 2020 года. Беларусы трымаюцца разам і рэгулярна ладзяць нейкія беларускія пікнікі, сустрэчы», — кажа Іна Карней.

    Кніга пра турму, ілюстрацыі і лісты з зняволення

    Калі Ігар пачаў пісаць кнігу пра свой турэмны досвед, ён папрасіў жонку зрабіць малюнкі:

    «Не магу сказаць, што так я марыла ўвайсці ў свет кніжнай ілюстрацыі. «Інкамунікада. Катаванне адзінотай» — першая кніга Ігара і мая, а таксама мая першая праца ў якасці ілюстратаркі».

    «Ідэя праілюстраваць кнігу пра турму прыйшла ў галаву Ігару. Любому іншаму чалавеку я б адразу сказала не, проста таму, што гэта цяжка і незразумела. Што тут можна адлюстраваць, калі з таго, што ён расказаў, можна намаляваць хіба што кайданкі і муху? Або дзвюх мух — для гісторыі пра тое, як у адзіночнай камеры можна пасябраваць і размаўляць з любой жывой істотай. Карацей, пагадзіцца на такое можна было толькі дзеля чалавека, якога вельмі моцна любіш», — успамінае Іна Карней.

    Іна шукала мастацкае рашэнне, каб пазбегнуць банальных і траўматычных сімвалаў, «не хацелася мне маляваць ні кайданкі, ні калючы дрот».

    «Як намаляваць турму, калі ты не хочаш маляваць турму? Што ты намалюеш — банальныя кайданкі ці калючы дрот, алюмініевыя міскі? Як перадаць стан: ізаляцыю, несвабоду, прастору, якую чалавек носіць унутры сябе? А потым Ігар паехаў на месяц у Антверпен ў літаратурную рэзідэнцыю ПЭН-цэнтра, я ненадоўга далучылася да яго, і мы актыўна выбіраліся ў музеі. У Каралеўскім музеі прыгожых мастацтваў праходзіла вялікая выстава Рэнэ Магрыта. І там я натрапіла на маленькую ілюстрацыю пад шклом: жаночы сілуэт, струменістыя валасы, усярэдзіне сілуэта — зорнае неба. Чорна-белая ілюстрацыя Магрыта для нейкага часопіса. І я падумала: можа ж быць не неба, а цемра, і не зоркі, а краты. Праз гэта можна адлюстраваць, што адбываецца з чалавекам», — згадвае яна.

    Іна Карней, ілюстрацыі

    Ілюстрацыя Іны Карней да кнігі Ігара. Фота: Face­book

    Кніга пісалася падчас вандровак сям’і і дома:

    «Ігар працаваў над тэкстам штодня, як на звычайнай працы: пасля сняданку ішоў у каморку, сядаў каля пральнай машыны і пісаў, можна сказаць, па працоўным графіку з перапынкам на абед».

    Ігар Карней: Пісаў кнігу ў максімальна аўтэнтычных умовах — у кладоўцы без вокнаў

    Ілюстрацыя Іны Карней да кнігі Ігара. Фота: Face­book

    Ігар піша пра маральныя і фізічныя катаванні. Для самой жа Іны найбольш цяжкім выпрабаваннем былі лісты ад Ігара з турмы:

    «Мне было цяжка іх чытаць. Напрыклад, ён пісаў: «У мяне моцна баліць зуб, я не ведаю, што рабіць, і думаю, што сам яго выдзеру». І вось адчуваеш сваё бяссілле і роспач праз безсэнсоўны гвалт сістэмы, якая пакідае чалавека без медыцынскай дапамогі. І ўсё, што ты можаш зрабіць, — гэта напісаць ліст, які невядома яшчэ ці ён атрымае».

    Ілюстрацыя Іны Карней да кнігі Ігара. Фота: Face­book

    «Думаю, важна што кніга Ігара ўспрымаецца беларусамі як важнае гістарычнае сведчанне і чалавечы дакумент эпохі. Мне вельмі хочацца, каб гэтую кнігу чыталі. Галоўнае ў ёй, вядома, самі гісторыі, а малюнкі дапамагаюць надаць гэтаму досведу яшчэ і візуальную форму, — зазначае Іна Карней. — А яшчэ я хацела б, каб гэтая кніга захавалася як дакумент. Магчыма, калі-небудзь гэтыя сведчанні спатрэбяцца ў судзе, але незалежна ад гэтага яны ўжо фіксуюць тое, што адбывалася і працягвае адбывацца ў беларускіх турмах. Пасля гэтай кнігі проста немагчыма сказаць: «Мы не ведалі».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.