Даведка аб несудзімасці можа стаць важным доказам пераследу. Як атрымаць яе з‑за мяжы
Адно з першых правоў падазраванага — ведаць, у чым яго падазраюць, і мець на руках афіцыйны дакумент пра справу. Беларускі рэжым парушае гэтае права: беларусы часта не ведаюць, што супраць іх узбуджаная крымінальная справа. Сілавікі распачынаюць крымінальныя справы і нават праводзяць працэсуальныя дзеянні, не паведамляючы пра гэта самому чалавеку.
Даведка аб несудзімасці можа стаць важным доказам пераследу. Юрыстка «Вясны» Віка Рудзянкова тлумачыць, як атрымаць яе з‑за мяжы і чаму з гэтым лепш не цягнуць.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Вясна
«Прадстаўнікі рэжыму часта вядуць працэсуальныя крымінальныя дзеянні, не паведамляючы чалавеку пра справу і не выдаючы нікіх папер. Пакуль гэта так, даведка аб несудзімасці застаецца адным з нешматлікіх працуючых спосабаў высветліць інфармацыю пра крымінальны пераслед у адносінах да вас.
Раней мы распавядалі, як даведацца пра ўзбуджаную крымінальную справу ў Беларусі. Таксама даведку аб несудзімасці можна атрымаць, калі вы не ў Беларусі.
У нас ёсць падставы меркаваць, што хутка гэтай магчымасці можа не стаць, бо праваабаронцы назіраюць, як улады ўсё мацней абмяжоўваюць доступ да інфармацыі пра рэпрэсіі. Таму не адкладайце!» — кажа Віка Рудзянкова.
У чым каштоўнасць даведкі аб несудзімасці?
Даведка аб несудзімасці можа паказваць, ці прыцягваўся чалавек да крымінальнай адказнасці раней. Але вельмі важна, што таксама ў ёй могуць напісаць і пра распачатыя крымінальныя справы — варта менавіта гэта запытваць.
Юрыстка падкрэслівае, што гэта важны і сур’ёзны доказ пераследу ў Беларусі ва ўмовах, калі супрацоўнікі самі не паведамляюць людзям пра крымінальны пераслед і не выдаюць ніякіх папер, але пры гэтым праводзяць працэсуальныя дзеянні.
«Першае права падазраванага — ведаць, у чым яго падазраюць і мець афіцыйную паперу пра крымінальную справу. Дзяржава мусіць забяспечыць гэтае права любымі магчымамі спосабамі, а не наадварот перашкаджаць. Менавіта гэта зараз і адбываецца», — заўважае Віка Рудзянкова.
Акрамя пісьмовага ці асабістага звароту, даведку аб несудзімасці яшчэ можна атрымаць гэтымі спосабамі, магчымымі з‑за мяжы.
1. Праз амбасаду / консульства Беларусі
Звярніцеся ў дыпламатычнае прадстаўніцтва Беларусі ў краіне, дзе вы знаходзіцеся. Прыклад інструкцыі: пасольства ў ЗША
Важна: падчас візіту ў вас не могуць забраць пашпарт. Падрабязнасці ў матэрыяле «Зеркала».
Бонус: там жа таксама можна атрымаць даведку аб забароне на выезд з Беларусі, што можа быць ускосным, але ўсё яшчэ афіцыйным, а таму важкім доказам пераследу. Але гэтай менавіта магчымасцю скарыстацца можна толькі да 23 студзеня 2027 года, бо Лукашэнка ўжо падпісаў адпаведны ўказ.
У консульстве ці консульскім аддзеле амбасады прымаюць заяву і перадаюць запыт у Беларусь, а з‑за гэтага вытворчасць даведкі можа займаць некалькі тыдняў.
2. Праз партал «Обращения.бел»
Для рэгістрацыі акаўнта патрабуецца беларуская сім-карта, якая рэгіструецца толькі на пашпарт. Юрыстка адзначае, што прасіць кагосьці аформіць такі кабінет лепш у самым крайнім выпадку, таму што кабінет прывязаны да канкрэтнай асобы. Апроч гэтага, праваабаронцам вядомы выпадак пагрозы пераследу памочніку з сім-картай, таму тут ёсць рызыка рэпрэсій.
Адзначым, што сайт «Обращения.бел» не адчыняецца за межамі Беларусі: каб на яго зайсці патрэбны VPN з беларускім IP-адрасам.
3. Праз адваката
Адвакат можа зрабіць такі запыт наўпрост для аказання юрыдычнай дапамогі. Дамову з адвакатам усё яшчэ можна заключыць альбо анлайн, альбо праз любую асобу ў Беларусі – у вашых інтарэсах.
Важна: даверанасць у гэтым выпадку неабавязковая.
4. Праз натарыуса
Напрыклад, для пасведчання пагадненняў ці здзелак.
За любымі пытаннямі, суправаджэннем ці кансультацыяй звяртайцеся да праваабаронцаў «Вясны» на @zvarot96 (Telegram) або email [email protected]
@bajmedia