Выстава БАЖ «Непачутыя галасы» ў Гамбургу. «Краіна, дзе журналістам затыкаюць рот, робіцца турмой»
Падчас Гамбургскага тыдня свабоды прэсы праходзіць выстава БАЖ «The Unheard Voices» («Непачутыя галасы»), прысвечаная беларускім медыйшчыкам, якія знаходзяцца за кратамі. Выставу асацыяцыі дапоўніла мастацкая кампанента, створаная творцамі, які знаходзяцца ў экзылі ў Нямеччыне.

Выстава БАЖ «Непачутыя галасы» ў Гамбургу. Фота: lookby.media
У Гамбургу ў межах Тыдня свабоднай прэсы адбыліся маштабныя мерапрыемствы, прысвечаныя рэпрэсіям супраць беларускіх журналістаў і транснацыянальнаму ціску на незалежныя медыя.
Арганізатарам удалося аб’яднаць традыцыйную экспазіцыю Беларускай асацыяцыі журналістаў з мастацкай інсталяцыяй беларускіх творцаў, што жывуць у Берліне (імёны іх не называюцца з пытанняў бяспекі), ператварыўшы праект у паўнавартасны беларускі медыйны тыдзень беларускай у Германіі.
Ад няведання да ўсведамлення
Ідэя пашырыць фармат выставы ўзнікла з досведу зносінаў з нямецкай медыясупольнасцю. Як расказала БАЖ былая палітзняволеная, ініцыятарка правядзення выставы, журналістка Ксенія Луцкіна, яшчэ год таму падчас інтэрв’ю нямецкім СМІ яе часта прасілі гаварыць выключна пра вядомых палітвязняў:
«У мяне быў момант, калі я сказала: «А вы не хацелі б пагаварыць пра вашых калег, журналістаў і журналістак, якія за кратамі?». А нямецкія медыйшчыкі мне кажуць: «А мы і не надта нешта ведаем».

Ксенія Луцкіна падчас адкрыцця выставы БАЖ «Непачутыя галасы» ў Гамбургу. Фота: lookby.media
Галоўнай мэтай праекта, зазначыла Ксенія Луцкіна, было праінфармаваць як мага шырэйшую аўдыторыю, бо для многіх жыхароў Германіі маштабы пераследу журналістаў у Беларусі ўсё яшчэ застаюцца невядомымі:
«Для большасці гэта навіна, што нешта такое ўвогуле можа адбывацца ў Еўропе ў ХХІ стагоддзі».
Мастацкае пераасэнсаванне
Дзякуючы падтрымцы нямецкага боку ў Гамбургу ўдалося пашырыць традыцыйную выставу БАЖ «Непачутыя галасы».

Выстава БАЖ «Непачутыя галасы» ў Гамбургу. Фота: lookby.media
Беларускія берлінскія творцы стварылі адмысловую мастацкую інсталяцыю. Экспазіцыю БАЖ дапоўнілі аб’екты, якія візуалізавалі падаўленне свабоднай прэсы ў Беларусі, у тым ліку фрагмент са стрыму 2020 года ды фота тых часоў.
«Мая мэта была паказаць — і я так сфармулявала гэта для нямецкага боку, — што краіна, у якой незалежным журналістам затыкаюць рот, фактычна ўся ператварылася ў турму. Бо ў нас, калі ты сядзіш у турме, адзінай крыніцай інфармацыі была дзяржаўная прапаганда. Цяпер дзяржава спрабуе зрабіць тое ж самае з усёй краінай», — тлумачыць Ксенія Луцкіна.
Дыскусія пра транснацыянальныя рэпрэсіі і адказнасць
Адкрыццё выставы суправаджалася экспертнай дыскусіяй пра пераслед беларускіх медыя і яго трансфармацыю ў транснацыянальныя рэпрэсіі супраць журналістаў у эміграцыі.
Мадэратарам дыскусіі выступіла Джэма Пёрцген (Deutsche Welle, taz). У абмеркаванні ўдзельнічаў кіраўнік НАУ Павел Латушка, які выступіў з ключавым дакладам пра рэпрэсіі супраць беларускіх медыя і транснацыянальны ціск. Таксама ўдзельнічалі Ксенія Луцкіна, беларускі юрыст-міжнароднік, дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Леанід Марозаў, Аліс Бота з выдання Die Zeit, аўтарка кнігі «Die Frauen von Belarus» (2021), пра беларускіх жанчын у 2020 годзе, якая, паводле Луцкіной, карыстаецца вялікім попытам у нямецкіх чытачоў.

Павел Латушка і Ксенія Луцкіна на выставе ў Гамбургу. Фота: lookby.media
Як кажа Ксенія Луцкіна, нямецкія журналісты і наведвальнікі праяўлялі вялікую цікавасць да дэталяў:
«Усе, і гэта вельмі радуе, уважліва чыталі таблічкі пад выявамі. У прыватнасці, шмат каго цікавіла, чаму на стэндах пазначаныя імёны суддзяў, якія выносілі прысуды. Павел Латушка падрабязна патлумачыў аўдыторыі, чаму неабходна фіксаваць гэтыя імёны, каб у будучыні прыцягнуць вінаватых да прававой адказнасці за парушэнні правоў чалавека».

Аліс Бота на выставе БАЖ у Гамбургу. Фота: lookby.media
«Хачу адзначыць, что выстава сапраўды зацікавіла немцаў. У нядзелю тут было столькі людзей! Яны доўга затрымліваліся каля стэндаў, уважліва чыталі гісторыі кожнага журналіста, дзівіліся суровасці турэмных тэрмінаў і ўдакладнялі прычыны пераследу, — распавяла Ксенія Луцкіна. — Мне было прыемна, што людзі заходзяць і чытаюць гісторыі кожнага журналіста… Яны сядзелі, запісвалі, ківалі галовамі і жахаліся».

Джэма Пёрцген на выставе БАЖ у Гамбургу. Фота: lookby.media
Можна сказаць, тэма беларускіх палітвязняў-журналістаў стала адной з цэнтральных падчас Тыдня свабоднай прэсы ў Гамбургу, зазначыла экс-палітзняволеная.
«Таксама зазначу, што мы надрукавалі адмысловыя буклеты да выставы — веды пра тое, што адбываецца з незалежнымі журналістамі ў Беларусі, трэба пашыраць.
Там у брашурах не толькі пра тэрміны калоніі, там і пра транснацыянальны пераслед, і пра спісы ў базе росшуку Расіі, і пра спробы вярбоўкі, карацей, мы паспрабавалі сцісла пашырыць веды немцаў пра гэта ўсё.
Здаецца, нешта атрымалася. Будзем і надалей распавядаць пра тое, што адбываецца са свабодай слова ў Беларусі», — сказала Ксенія Луцкіна.

Выстава БАЖ «Непачутыя галасы» ў Гамбургу. Фота: lookby.media

Выстава БАЖ «Непачутыя галасы» ў Гамбургу. Фота: lookby.media
Як ставаралася выстава «Журналісты: бязгучны рэжым»
На момант з’яўлення выставы ў Беларусі за кратамі было больш за сорак журналістаў і журналістак.
Уся віна гэтых людзей палягала ў тым, што яны сумленна выконвалі сваю працу, збіралі і распаўсюджвалі грамадска важную і праўдзівую інфармацыю. Лукашэнкаўскі рэжым забраў у журналістаў свабоду, прафесію, дом, сям’ю, сяброў, калег і кінуў за краты.
Сёння ў зняволенні застаецца 15 супрацоўнікаў медыя — яны пазбаўленыя магчымасці быць побач са сваімі роднымі, выхоўваць дзяцей, даглядаць бацькоў, займацца любімай справай і прыносіць карысць грамадству. Яны — вязні сумлення.
Беларуская асацыяцыя журналістаў заклапочаная тым, каб факты пераследу і рэпрэсій супраць журналістаў не згубіліся ў інфармацыйнай прасторы і не ператварыліся ў белы шум, стварыла праект «Журналісты: бязгучны рэжым».
Ідэі візуалаў прапанавыны дзвюма беларускімі мастачкамі — Касяй Будзько і Кацярынай Мяць, якія добра знаёмыя з тым, што значыць быць журналістам у Беларусі.
Кожная праца суправаджаецца тэкстам, які адлюстроўвае роспач ад раптоўнага знікнення звычайных клопатаў і недасяжнасці простага паўсядзённага жыцця для палітычных вязняў.
У ідэі Касі Будзько — візуальнае вяртанне журналістаў у блізкую да іх рэчаіснасць. Мастачка пераносіць фотаздымкі журналістаў у сучасныя гарадскія ландшафты, дзе яны калісьці жылі, кахалі, працавалі, марылі. Эмацыйны кантраст паміж будзённасцю гарадскога жыцця і трагедыяй асобнага чалавека вяртае бачнасць зняволеных журналістаў. Яны — у турме. Але іх постаці працягваюць прысутнічаць у жыцці горада, у памяці людзей, у гісторыі Беларусі.
Ідэя Кацярыны Мяць прысвечана захаванню асабістай цэласнасці і чалавечай годнасці. Натхнёная метафарай мазаікі, мастачка паказвае, як чалавек у няволі праз ізаляцыю і адарванасць ад свету паўстае замкнёным і разабраным. Але каляровыя здымкі ўтрымліваюць памяць і даюць надзею на вяртанне святла ў жыццё кожнага палітвязня.
У свае творы мастачка дадала элемент глітчу — тэхналагічнай памылкі, якая адлюстроўвае несправядлівасць самога факта зняволення: турма для журналістаў — гэта збой рэчаіснасці. Гэты эфект візуальна падкрэслівае хісткасць сувязі паміж чалавекам і светам, якога пазбавілі палітвязняў. А таксама падкрэслівае патрэбу ў намаганнях аднавіць поўную карціну жыцця гэтых людзей, не даць знікнуць іх імёнам і гісторыям.
«Журналісты: бязгучны рэжым» — гэта візуальны супраціў маўклівай палітычнай тэхналогіі выцяснення. Ён аднаўляе прысутнасць тых, каго беларускія ўлады шэсць гадоў імкнуцца выкрасліць з публічнай прасторы, з прафесіі, з жыцця.
Справа БАЖ — не даць ніводнага шанцу дыктатуры ўсталяваць бязгучны рэжым. Будзем гаварыць, крычаць, нагадваць, дэманстраваць гэты боль усяму свету і ўсімі даступнымі нам спосабамі.
@bajmedia