• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    16 кастрычніка — дзевятая гадавіна забойства мальтыйскай журналісткі Дафны Каруаны Галіцыі

    Еўрапейская і Міжнародная федэрацыі журналістаў праводзяць цягам тыдня акцыі памяці журналісткі. БАЖ далучаецца да іх. Дафна Каруана Галіцыя набыла вядомасць праз свае антыкарупцыйныя расследаванні, фактычна, была адзінай журналісткай-расследавальніцай на Мальце. 16 кастрычніка 2017 года яе аўто падарвалі. 

    Акцыя памяці Дафны Каруаны Галіцыі. Фота: AFP

    Акцыя памяці Дафны Каруаны Галіцыі. Фота: AFP

    Дафна Каруана Галіцыя (Daphne Caru­a­na Gal­izia) — мальтыйская журналістка і палітычная аглядальніца, якая спецыялізавалася на расследаваннях карупцыі і сувязяў высокапастаўленых мальтыйскіх чыноўнікаў з арганізаванай злачыннасцю.

    Працавала журналісткай у штодзённай газеце Times of Mal­ta. Тэмамі яе журналісцкіх расследаванняў былі карупцыя ва ўрадзе, кумаўство, «крышаванне», абвінавачанні ў адмыванні грошай, а таксама сувязі паміж мальтыйскай індустрыяй азартных гульняў і арганізаванай злачыннасцю.

    Стала вядомай праз Панамскія дакументы. У 2016 годзе яна абвінаваціла прэм’ер-міністра краіны Джозэфа Муската ў тым, што ён разам з жонкай выкарыстоўваў афшорныя банкаўскія рахункі, каб схаваць плацяжы ад кампаній, звязаных з сям’ёй прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева.

    Журналістка даследавала магчымую датычнасць мальтыйскіх палітыкаў да лівійска-італьянскай аферы, звязанай з кантрабандай дызельнага паліва. Да аперацый па кантрабандзе гаручага, верагодна, былі датычныя лівійскія гандляры людзьмі і члены сіцылійскай мафіі.

    16 кастрычніка 2017 года Дафна выехала з дому, праз некалькі секунд прагрымеў выбух. Журналістка загінула на месцы. Бомбу, закладзеную у аўто, прывялі ў дзеянне дыстанцыйна з дапамогай мабільнага тэлефона.

    Дафна Каруана Галіцыя

    Дафна Каруана Галіцыя. Фота: ©Pip­pa Zam­mit Cuta­jar

    Урад Мальты абвясціў узнагароду ў памеры мільёна еўра за інфармацыю, якая б дапамагла знайсці злачынцаў, заснавальнік Wik­iLeaks Джуліян Асанж абвясціў узнагароду ў памеры 20 тысяч еўра за інфармацыю пра забойства Дафны Каруаны Галіцыі.

    У 2019‑м на Мальце быў затрыманы ўплывовы бізнесмен Ёрген Фенек. Меркавана, ён быў уладальнікам кампаніі, праз якую адмываліся грошы палітыкамі, згаданымі ў расследаваннях Каруаны Галіцыі.

    Пасля пратэстаў некалькі чыноўнікаў, у тым ліку чальцы ўраду, былі вымушаныя сыйсці ў адстаўку.

    Трое мужчын былі асуджаныя за забойства журналісткі, але не замоўца ці замоўцы. Так, зусім нядаўна, 2 верасня 2026 года суд прысяжных на Мальце апраўдаў Ёргена Фенека, якога падазравалі ў замове забойства.

    Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) асудзіла няздольнасць прыцягнуць да адказнасці арганізатара забойства Дафны Каруаны Галіцыі.

    Ёрген Фенек

    Ёрген Фенек пасля апраўдальнага прысуду. Фота: AFP

    EFJ сумесна з Міжнароднай федэрацыяй журналістаў (IFJ) і іншымі праваабарончымі арганізацыямі традыцыйна праводзіць і падтрымлівае акцыі памяці мальтыйскай журналісткі Дафны Каруаны Галіцыі.

    Галоўным мерапрыемствам сёлета стане мітынг каля амбасады Мальты ў Бруселі 16 кастрычніка. Журналісты збіраюцца, каб ушанаваць памяць Дафны, заявіць, што «журналістыка — не злачынства», і запатрабаваць ад уладаў Мальты рэальнай абароны прэсы і барацьбы з беспакаранасцю:

    «Праз дзевяць гадоў мы ўспамінаем журналістку Дафну Каруану Галіцыю.

    16 кастрычніка мы збярэмся каля амбасады Мальты ў Бруселі, каб ушанаваць памяць Дафны, аддаць належнае яе спадчыне і ўзгадаць яе мужную працу ў якасці журналісткі.

    Яе забойства застаецца суровым напамінам пра небяспекі, з якімі могуць сутыкацца журналісты, калі праводзяць расследаванні і публікуюць матэрыялы ў грамадскіх інтарэсах. Незалежна ад вынікаў асобных судовых працэсаў, напады на журналістаў не павінны заставацца беспакаранымі.

    Мы выказваем салідарнасць сям’і Дафны, яе калегам і ўсім журналістам на Мальце і па ўсёй Еўропе, якія працягваюць адстойваць права грамадства ведаць праўду.

    Дафна не забытая.

    Журналістыка — не злачынства».

    Акрамя вулічных акцый, EFJ накіроўвае сваіх прадстаўнікоў для ўдзелу ў міжнародных панэльных дыскусіях і круглых сталах. Напрыклад, у Парыжы напярэдадні гадавіны забойства арганізавалі адкрытую сустрэчу з удзелам прадстаўнікоў EFJ, Еўрапарламента і арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» (RSF), падчас якой абмеркавалі незавершаныя судовыя працэсы і пагрозы для журналістаў-расследавальнікаў у Еўропе.

    Еўрапарламент пры падтрымцы медыйнай супольнасці штогод у сярэдзіне кастрычніка праводзіць урачыстую цырымонію ўручэння журналісцкай прэміі імя Дафны Каруаны Галіцыі ў Страсбургу.

    У межах акцый памяці EFJ рэгулярна выступае суаўтарам адкрытых лістоў і зваротаў, патрабуючы ад урада Мальты прыняць Нацыянальны план дзеянняў у галіне свабоды СМІ, рэфармаваць заканадаўства аб абароне гонару і годнасці (у тым ліку супрацьстаяць стратэгічным судовым пазовам супраць грамадскага ўдзелу — SLAPP) і прыцягнуць да адказнасці ўсіх без выключэння заказчыкаў забойства.

    БАЖ далучаецца да акцыі памяці Дафны Каруаны Галіцыі. Беларуская медыясупольнасць памятае і нагадвае пра свае чорныя даты.

    Дагэтуль нераскрытым застаецца знікненне журналіста Дзмітрыя Завадскага.

    Відэааператар тэлеканала ОРТ Дзмітрый Завадскі знік 7 ліпеня 2000 года. У той дзень ён паехаў у аэрапорт сустракаць свайго калегу і сябра Паўла Шарамета — з таго часу яго ніхто не бачыў. На аўтастаянцы каля аэрапорта знайшлі машыну журналіста, але ў ёй не выявілі слядоў барацьбы. Дзмітрыю Завадскаму было толькі 27 гадоў.

    Дзмітрый Завадскі. Фота: БАЖ

    27 лістапада 2003 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прыняў рашэнне аб прызнанні зніклага журналіста памерлым. Аднак цела Дзмітрыя Завадскага дагэтуль не знойдзенае. Да гэтага часу невысветлена, хто замовіў забойства беларускага журналіста і дзе ён пахаваны.

    Родныя Дзмітрыя Завадскага і дэмакратычная супольнасць лічаць яго знікненне  справай рук «эскадрона смерці», чыімі ахвярамі раней сталі палітыкі Віктар Ганчар, Юрый Захаранка і бізнесовец Анатоль Красоўскі. Расследаванне іхняга знікнення таксама не дало вынікаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.