• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Свабода выказвання ці публічны данос? Дзе заканчваецца крытыка і пачынаецца шантаж

    Рэгулярныя скандалы, ініцыяваныя шэрагам актывістаў дыяспары, становяцца ўсё больш адчувальнымі. У ход пайшлі ўжо не толькі абразы, але і пагрозы. Даволі рэалістычныя, улічваючы, што ў паслужным спісе хейтэраў ужо ёсць чалавек, які атрымаў палітычны прысуд пасля скандальных публікацый. Але як вызначыць мяжу паміж свабодай меркаванняў і злоўжываннем правам?

    Замест вобшукаў і рэпрэсій унутры краіны, у эміграцыі нярэдкай справай сталі маштабны кібербулінг, доксінг і спробы дыскрэдытацыі праз публічныя даносы, плёткі і знявагі.

    Адна з найбольш заўважных персон на гэтым полі — Алеся Пархоменка, актывістка, самапрызначаная дэмакратычная амбасадарка Беларусі на Кіпры. Пра яе «беларуска-беларускую вайну» дастаткова падрабязна напісалі «Наша Ніва» і «Еўрарадыё». З апошнім медыя ў Алесі Пархоменка даўнія канфліктныя стасункі, у якіх яна ў выразах дакладна не стрымліваецца. Разам з паплечнікамі-аднадумцамі Пархоменка то «выкрывае» мінулае галоўнага рэдактара «Еўрарадыё» Яўгена Казарцава (той калісьці працаваў на «Спутник»), то распаўсюджвае звесткі пра журналіста Тараса Тарналіцкага, якія той лічыць абразамі і паклёпам.

    У лістападзе Пархоменка пагражала былой палітзняволенай журналістцы Кацярыне Андрэевай. Напярэдадні «Наша Ніва» напісала пра блогерку Крысціну Васіну, якую пасадзілі пасля публічных даносаў беларускіх эмігрантаў Сяргея Пятрухіна, Ксеніі Пляшковай і Алесі Пархоменка. Пляшкова нават тэгала ГУБАЗіК, звяртаючы ўвагу на асобу Васінай. Андрэева ў сацсетках падтрымала абурэнне даносчыкамі. У адказ на гэта Пархоменка заявіла, што перадавала грошы на падтрымку сям’і Андрэевай, пакуль тая сядзела пяць з паловай гадоў за кратамі. «Дык вось, я прапаную ёй вярнуць мне грошы, або я апублічу чэкі і па яе віне пацерпяць іншыя», — напісала Пархоменка і дала тры дні на выкананне свайго патрабавання.

    Актывістка Алеся Пархоменка выказала пагрозы ў бок журналісткі Кацярыны Андрэевай

    Для кіпрскай актывісткі характэрны лексікон і гамафобны булінг: у расследаванні «Нашай Нівы» зафіксавана, што Пархоменка ўжывала ў сацсетках такія выразы, як «тактычная шлюха», «кар’ерная прастытутка», «вусатая пакіданка», а таксама патрабавала ад кіраўніцтва «Еўрарадыё» «ўціхамірыць сваіх супрацоўнікаў нетрадыцыйнай арыентацыі» і лаялася ў каментарах.

    Адзін з ланцугу скандалаў 

    Як кажа ў гутарцы з БАЖ журналіст Тарас Тарналіцкі, адзін з аб’ектаў атак вышэйпазначаных актывістаў, на ягонай працы гэта ўсё асабліва не адбілася: «Я сябе нармальна адчуваю. У мяне былі ў жыцці нашмат больш складаныя абставіны».

    Кінакрытык Тарас Тарналіцкі

    Кінакрытык Тарас Тарналіцкі на Медыякэмпе «Кропкі сувязі». Літва, жнівень, 2026. Фота: БАЖ

    Чаму Тарналіцкі патрапіў у фокус увагі гэтых, «хутчэй, актывістаў, сітуатыўных саюзнікаў, якіх аб’ядноўвае крытыка Офіса Святланы Ціханоўскай і беларускіх медыя»? Паводле журналіста, гісторыя пачалася ўвосень 2025-га.

    «На «Еўрарадыё» быў стрым, ужо другі, з удзелам Алесі Пархоменка. Яна распавядала пра жыццё беларускай дыяспары на Кіпры, у тым ліку закранула фонды дапамогі былым палітвязням. Паводле Пархоменка, праваабарончыя фонды пакінулі вызваленых без абяцанай падтрымкі, называла канкрэтныя прозвішчы экс-палітвязняў, — расказаў Тарас Тарналіцкі. — Я звязаўся з гэтымі людзьмі і арганізацыямі.

    У большасці выпадкаў суразмоўцы абвяргалі тое, пра што распавядала Пархоменка. Вынікі праверкі былі апублікаваныя «Еўрарадыё» ў лістападзе 2025 года. Я з ёй звязваўся перад публікацыяй, прасіў каментар, кантакты іншых людзей, бо падчас стрыму яна казала і пра іншых пацярпелых ад недапамогі фондаў. Але назваць гэтых людзей і ці сапраўды яны існуюць, яна не змагла. Яна потым пісала скаргу і мне, і галоўнаму рэдактару Яўгену Казарцаву, патрабавала апублікаваць яе меркаванне. Падстаў для гэтага не было — людзі, якіх яна называла пацярпелымі, пацвердзілі, што атрымалі падтрымку ад фондаў».

    Потым Алеся Пархоменка разам з актывісткай Ксеніяй Пляшковай, якая жыве ў Швейцарыі, пачалі сумесную крытыку дэмсіл:

    «Крытыкаваць — гэта не праблема, але пачаліся абразы на мой адрас. У шматлікіх паведамленнях мяне называлі «п….сам», то-бок проста скарыстоўвалі гамафобную лаянку. Тое самае Пархоменка пісала ў Face­book, называла мяне журналістам «нетрадыцыйнай арыентацыі». У лютым 2026 года я папярэдзіў яе, што калі не ўбачу выбачэнняў, буду падаваць у суд. Яна мяне заблакавала, але і выдаліла ўсе гэтыя допісы, што праўда, скрыншоты я зрабіў».

    Да суда справа не дайшла, бо «юрыст БАЖ распавёў мне пра свабоду меркаванняў, складанасці такіх зыскаў, а таксама пра неабходнасць дакладных звестак наконт месца яе пражывання».

    «Але ж, як я потым даведаўся, агульнае заканадаўства Еўрасаюза дае магчымасць падаваць у суд па месцы жыхарства пазоўніка. То-бок я мог падаць на яе заяву ў Варшаўскую пракуратуру, прынамсі, справа магла б быць заведзеная, — кажа Тарас Тарналіцкі. — Я не збіраўся з ёй моцна судзіцца, я проста хачу, каб гэтыя яе абразы не прайшлі проста мімаходзь. Ну а цяпер, як мы ўсе бачым, так бы мовіць, дзейнасць Алесі Пархоменка пашырылася, хаўруснікаў больш стала, падключыўся Сяргей Ціханоўскі. І зараз яны атакуюць безліч актывістаў, былых палітзняволеных, журналістаў і іншых».

    Заява з нагоды ціску на медыя

    Паводле журналіста, пасля таго, як на «Нашай Ніве» выйшаў матэрыял пра дзейнасць Пархоменка з яго каментаром выданню, «літаральна праз суткі даведаўся, што мяне дадалі ў спіс украінскага «Міратворца»:

    «Тое ж раней было з Яўгенам Казарцавым, сітуацыі падобныя. Я ўжо напісаў абскарджванне ў «Міратворац». Калі спатрэбіцца, дашлю яшчэ ліст з пацверджаннем ад «Прэс-клуба», БАЖ, бо я тройчы ездзіў у камандзіроўку ва Украіну ўжо пасля пачатку вайны — у 2024‑м, 2025‑м і 2026 годзе. У мяне ёсць публічная пазіцыя наконт Украіны, яшчэ на пачатку вайны я запісваў і відэа, і падпісваў лісты. Сітуацыя, канешне, не вельмі прыемная, але, мяркую, яна вырашыцца».

    Тарас Тарналіцкі кажа, што пагрозы кшталту дэананімізацыі, якія агучваюцца на адрас журналістаў у выгнанні з боку Пархоменка, Ціханоўскага і прыхільнікаў, на яго не ўплываюць.

    «Наконт сябе не хвалююся, я падпісваюся сваім псеўданімам, якім карыстаюся даўно, яшчэ ў Беларусі. Сваякі ў мяне непублічныя, — кажа Тарас Тарналіцкі. — Але гэта мой асабісты досвед. Што ж тычыцца пагроз на адрас сваякоў Кацярыны Андрэевай, сястры Франка Вячоркі, іншых, то гэта фактычна публічныя даносы. Па сутнасці, спроба звярнуць увагу сілавікоў на гэтых людзей, каб яны пацярпелі. Гэта проста крымінальныя ўчынкі, гэтыя людзі дакладна парушаюць законы. Мяркую, Пархоменка чакае крымінальная адказнасць, асобныя альбо калектыўныя іскі. Справа ідзе да таго, каб вырашаць пытанне ў юрыдычнай плоскасці, бо чалавек не разумее слоў. Трэба такога чалавека спыняць, усё ж такі прыводзіць да адказнасці за тое, што яна робіць і ўвогуле ўжо зрабіла. А што яна яшчэ можа зрабіць — невядома, таму што не да канца зразумела яе матывацыя».

    Сам Тарас Тарналіцкі не выключае для сябе варыянта звароту ў суд:

    «Усім гэтым людзям, якія зараз распаўсюджваюць паклёпы і абразы ў публічнай прасторы, — ад Пятрухіна і Пляшковай да Пархоменка —  трэба нагадваць законы дэмакратычнага грамадства. Здаецца, яны гэта дрэнна разумеюць, думаюць, што тут можна ўсё. Значыць, трэба тлумачыць».

    «Трэба тлумачыць», але гэта не так проста 

    Алег Агееў, намеснік старшыні БАЖ і кіраўнік Прававога цэнтра БАЖ, кажа пра складанасці ў прыцягненні да адказнасці ў такіх справах:

    «Беларуская дзяржава цісне на журналістаў неправавымі сродкамі і выкарыстоўвае ўсю магутнасць свайго патэнцыялу для нанясення шкоды. Тут жа трэба ўлічваць, што рызыкі з боку дзяржавы і рызыкі, што сыходзяць з боку трэціх асоб, адрозніваюцца па наступствах — прыватныя асобы не маюць магчымасцяў дзяржавы і абавязкаў дзяржавы. Пры гэтым усе прыватныя асобы маюць права на сваё ўласнае меркаванне і права на распаўсюд інфармацыі.

    Гэтае права не абсалютнае і, канешне, злоўжываць гэтым правам таксама магчыма. У цывілізаваных прававых сістэмах ёсць механізмы па стрымліванні злоўжывання сваім правам на свабоду меркаванняў і правам на распаўсюд інфармацыі. Але трэба разумець, што ўсе гэтыя механізмы носяць характар разгляду прыватных спрэчак».

    Алег Агееў

    Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў падчас Медыякэмпу «Кропкі сувязі». Літва, жнівень, 2026. Фота: БАЖ

    Алег Агееў звяртае ўвагу на тое, што частка краін ЕС дэкрыміналізавала дыфамацыю (паклёп і абразы):

    «На практыцы гэта азначае, што ні пракуратура, ні паліцыя на заяву аб паклёпе ці абразе рэагаваць не будуць увогуле, бо па законе гэта прыватная справа двух асоб, дзяржава ў яе не ўмешваецца. Адпаведна застаецца механізм цывільнай спрэчкі ў судзе з аплатай усіх судовых выдаткаў, аплатай адвакатаў. Гэта доўга, марудна і без гарантыі на абарону сваіх правоў».

    Разам з тым, зазначае Алег Агееў, «сёння ёсць некаторыя моманты, дзе можна заўважыць і тэарэтычна падазраваць, што ў аўтараў ёсць нейкая супраца з беларускімі спецслужбамі»:  

    «Гэта ўжо зусім іншая справа — гэта не пра свабоду выказвання. Канешне, усё гэта патрабуе доказаў. Але калі ў нейкім кейсе праз нейкія публічныя дзеянні можна заўважыць, што адзіны бенефіцыяр — гэта выключна беларускі КДБ, а ўсім іншым проста наносіцца шкода, то тады трэба глядзець на тое, як даказваць сувязі з беларускімі спецслужбамі. З улікам таго, што Беларусь сёння — гэта суагрэсар і саюзнік Расійскай Федэрацыі. Дзейнасць беларускіх спецслужбаў наносіць шкоду нацбяспецы як мінімум тых дзяржаў, з якімі яна мае агульную мяжу.

    Вось тут і адрозненне паміж свабодай выказванняў і мэтанакіраванай дзейнасцю на карысць беларускіх спецслужбаў. Калі доказаў няма, то трэба да гэтага ставіцца як да дзейнасці трэціх асоб. Калі такія доказы ёсць, то адпаведна ёсць нагода, каб інфармаваць пра гэта адпаведныя спецслужбы тых дзяржаў, дзе знаходзіцца той чалавек, які такую дзейнасць ажыццяўляе».

    Алег Агееў нагадвае: ні ў адной нармальнай прававой сістэме ніхто не дасць стоадсоткавую гарантыю, што суд вынесе менавіта чаканае рашэнне.

    «Суд выносіць рашэнне на карысць таго боку, хто больш аргументавана даказаў сваю пазіцыю.

    Ізноў жа, нават у Еўрасаюзе няма агульнага падыходу да такіх спраў. Напрыклад, у Літве дыфамацыя часткова крыміналізаваная. І мы бачылі, калі паліцыя разглядала звароты, у тым ліку датычна беларускіх медыя. Але, напрыклад, на Кіпры яна цалкам дэкрыміналізаваная. Там няма артыкулаў, паводле якіх пракуратура ці паліцыя магла б прыцягнуць да адказнасці чалавека за тое, што той піша ў інтэрнэце адносна іншых людзей.

    Там замест дзяржавы людзі павінны самі ісці ў суд і за свае грошы. Чалавек, які мяркуе, што яго абразілі ці распаўсюдзілі не адпаведную рэчаіснасці інфармацыю, павінен сам за свае грошы адстойваць сваё парушанае прыватнае права».

    «У суд звяртацца трэба» 

    Мы таксама звярнуліся па меркаванне да Кацярыны Дзяйкала — юрысткі-міжнародніцы, эксперткі Беларускага Хельсінкскага камітэта:

    «Пачну з таго, што гэта размова пра пошук балансу паміж свабодай слова адных і абаронай гонару, годнасці і бяспекі іншых. Стандарт свабоды слова абараняе ў тым ліку некаторыя грубыя ды абразлівыя выказванні, асабліва калі гаворка ідзе пра абмеркаванне пытанняў, якія маюць грамадскі інтарэс. Пры гэтым адрозніваюць ацэначныя меркаванні (іх не трэба даказваць) і паведамленні пра факты — вось іх трэба даказваць, таму ілжывыя сцвярджэнні пра факты не абараняюцца свабодай слова. Таксама свабодай слова не абараняюцца пагрозы, даносы, умяшанне ў прыватнае жыццё і дзеянні, якія ствараюць рэальную небяспеку для чалавека або яго сям’і».

    Кацярына Дзейкала

    Кацярына Дзяйкала. Фота: Даніэль Анохін

    Кацярына Дзяйкала асабліва падкрэслівае:

    «Калі мы гаворым пра такія рэчы, як пазначэнне ў допісах ГУБАЗіК або іншае прыцягненне ўвагі беларускіх сілавікоў, а таксама пагрозы зрабіць гэта, як і пра любыя іншыя пагрозы ці публічны распаўсюд персанальных даных, — гэта ўжо не проста пераслед у інтэрнэце і гэта выходзіць за межы грамадзянскай спрэчкі пра рэпутацыю. Такія дзеянні трапляюць у сферу крымінальнага права і, у залежнасці ад юрысдыкцыі, могуць кваліфікавацца як розныя крымінальныя злачынствы. Асабліва калі ўлічваць, што гаворка ідзе не проста пра сілавыя органы, а пра інструменты палітычных рэпрэсій варожай дзяржавы. Таму такія дзеянні ніяк нельга лічыць правамернай спробай публічна паведаміць пра нейкія супрацьпраўныя дзеянні. Гэта запалохванне і пагроза бяспецы чалавека».

    Што можна рабіць?

    Юрыстка кажа, што ў такіх выпадках абавязкова трэба выкарыстоўваць комплексны падыход:

    «Звяртацца са скаргамі да платформаў, прыцягваць публічную ўвагу да такіх паводзін, а таксама выкарыстоўваць прававыя механізмы ў залежнасці ад цяжкасці такіх дзеянняў. Калі гаворка ідзе пра спрэчку адносна рэпутацыі, гэта грамадзянскія пазовы.

    Паводле права ЕС, калі і адказчык, і пацярпелы жывуць у розных дзяржавах ЕС, пазоў можа быць пададзены як па месцы жыхарства адказчыка, так і па месцы знаходжання «цэнтра інтарэсаў» пазоўніка. Гэта асабліва датычыцца выпадкаў парушэння правоў у інтэрнэце.

    Гэта значыць, калі пацярпелы бок — журналіст, які жыве ў Польшчы, то ён можа звярнуцца ў польскі суд. Гэта агульнае правіла на ўзроўні ЕС. Трэба глядзець, як яно прымяняецца ў канкрэтных юрысдыкцыях, але ў цэлым гэта абавязковая норма для ўсіх дзяржаў-удзельніц Еўрасаюза».

    Адзінае пытанне — якое права будзе прымяняцца, гэта значыць, на падставе якога права польскі суд будзе разглядаць справу, звяртае ўвагу Кацярына Дзяйкала. Ад гэтага можа залежаць мноства нюансаў, якія паўплываюць на вынік разгляду. Усё гэта трэба ўдакладняць у мясцовых юрыстаў, а таксама ацэньваць усе выдаткі і перавагі звароту ў той ці іншы суд.

    «Калі ж гаворка ідзе пра больш цяжкія формы парушэнняў, звязаныя з пагрозамі, трэба неадкладна звяртацца ў паліцыю ў краіне пражывання», — зазначае юрыстка.

    «Што да валіднасці доказаў (надзейнасці і дарэчнасці доказаў), то тут лепш звяртацца да мясцовых юрыстаў, бо ўсе правілы, якія датычацца ацэнкі доказаў у грамадзянскіх справах, вызначаюцца працэсуальным правам краіны, у судзе якой разглядаецца справа, — кажа Кацярына Дзяйкала. — Адзінае, што варта ўлічваць: проста скрыншоты з тэкстам, на якіх не відаць часу на вашай прыладзе або старонцы, — слабы доказ. Трэба захоўваць усе доказы такім чынам, каб было бачна як мага больш ідэнтыфікацыйных прыкмет, а таксама захоўваць допісы цалкам».

    «Ці трэба звяртацца ў суд? Я лічу, што безумоўна трэба. Так, з аднаго боку, гэта патрабуе і часу, і грошай, і эмацыйных сіл. Часам чалавек проста не адчувае ў сабе сіл гэтым займацца. Але з іншага боку, калі такія сілы ёсць, абавязкова трэба гэта зрабіць. Гэта стварае практыку, якая, у сваю чаргу, мае значэнне для іншых — патэнцыйных ахвяр і парушальнікаў, а таксама выводзіць усе гэтыя разборкі ў інтэрнэце на ўзровень канкрэтнай прававой працэдуры. Гэта павышае ўзровень прававой культуры і ў цэлым мае своеасаблівы асветніцкі эфект для грамадства, калі справа датычыцца публічных асоб і мае грамадскую цікавасць, — лічыць Кацярына Дзяйкала. — Але важна таксама разумець, што вы не абавязкова выйграеце справу. У цэлым жа, калі мы жывём у краінах, дзе прававая сістэма працуе належным чынам, трэба ёй карыстацца».

    Даведка:

    Арганізацыі па абароне правоў чалавека (ЕСПЧ, АБСЕ, Рада Еўропы) шмат гадоў заклікаюць усе еўрапейскія дзяржавы цалкам выключыць паклёп і абразу з крымінальных кодэксаў.

    Унутры Еўрасаюза няма адзінага кодэкса — кожная краіна мае свае законы, таму сітуацыя падзяляецца на дзве групы.

    Краіны з поўнай дэкрыміналізацыяй дыфамацыі: Ірландыя, Эстонія, Кіпр, Румынія, Мальта цалкам скасавалі крымінальныя артыкулы за дыфамацыю, у гэтых юрысдыкцыях абраза ці паклёп разглядаюцца выключна як грамадзянска-прававая спрэчка. Паліцыя і дзяржаўная пракуратура прынцыпова не прымаюць такія заявы і не праводзяць расследаванняў.

    У астатніх краінах ЕС артыкулы за абразу ці паклёп фармальна застаюцца ў Крымінальным кодэксе. Аднак, згодна з прэцэдэнтным правам ЕСПЧ, патрабаванне рэальнага турэмнага тэрміну за словы лічыцца несуразмерным. У большасці выпадкаў такія справы альбо закрываюцца, альбо перанакіроўваюцца ў грамадзянскія суды, альбо абмяжоўваюцца штрафамі.

    Калі дыфамацыя разглядаецца ў грамадзянскім парадку, то пазоўнік сам мусіць наняць адваката, аплаціць судовыя зборы і сабраць доказы (скрыншоты, экспертызы тэксту).

    Суд ацэньвае рэальную шкоду рэпутацыі. Стандарты ЕС забараняюць прызначаць надзвычай вялікія штрафы, якія могуць фінансава знішчыць адказчыка.

    Суды ЕС выразна падзяляюць суб’ектыўнае меркаванне/ацэначнае меркаванне (якое ахоўваецца свабодай слова) і сцвярджэнне пра факты, якое мусіць быць даказаным або абвергнутым.

    Прынцып «цэнтра інтарэсаў». Пры знявагах у інтэрнэце чалавек можа звярнуцца ў суд той краіны ЕС, дзе знаходзіцца «цэнтр яго асноўных інтарэсаў» або дзе публікацыя нанесла найбольшую шкоду яго рэпутацыі, а не толькі па месцы фізічнага пражывання аўтара допісу.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.