• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Міліцыянты распытвалі суседзяў былога журналіста Сяргея Скулаўца, ці бывае той на радзіме

    На мінулым тыдні, 13 і 14 кастрычніка, міліцыянты з райцэнтра Івацэвічы наведаліся ў вёску Ябланка, дзе ўжо тры гады стаіць без гаспадара хата былога журналіста «Белсата» Сяргея Скулаўца.

    Сяргей Скулавец

    Сяргей Скулавец у ЗША. Фота: з сацсетак

    «У аўторак міліцыянты пагрукаліся да маіх суседзяў а сёмай раніцы. Канешне, тыя былі ў поўным шоку ад такога неспадзяванага візіту. Распытвалі, ці прыязджаю я ў вёску і ў Беларусь увогуле, дзе працую, ці падтрымліваюць яны са мною кантакты. Падрабязнасцей суседзі не ведаюць, таму і адказаць нічога не змаглі. Але назаўтра да іх прыехалі зноў, праўда, ужо а восьмай раніцы. Зноў пыталіся пра тое самае і прасілі хаця б назваць краіну, дзе я зараз знаходжуся. І гэта самае дзіўнае: я абсалютна не хаваюся і адкрыта пішу ў сацсетках пра сваё жыццё», — распавёў БАЖ Сяргей Скулавец.

    Паводле ягоных слоў, сілавікі і раней прыязджалі ў вёску, каб распытваць ягоных суседзяў. Але рабілі гэта ўдзень, а не з самага ранку. Пытанні тады былі тыя самыя.

    «Гэтым разам прыязджалі зусім маладыя хлопцы. Такое ўражанне, што ім далі загад апытаць людзей, а яны нічога пра тое, што было раней, і не ведаюць», — мяркуе былы журналіст.

    На стэндзе каля РАУС у Івацэвічах ужо другі год вісіць абвестка, што Сяргея Скулаўца шукае міліцыя, бо супраць яго заведзена крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса РБ («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

    Пра яго цяперашняе месца знаходжання міліцыянты распытвалі раней маці Сяргея і ягоную бабулю, якой было 86 гадоў. Праз некалькі тыдняў пасля таго, як сілавікі прыязджалі з ператрусам  дадому да бабулі і распытвалі пра ўнука, жанчына памерла. Сваякам былога журналіста сілавікі тады тлумачылі, што ягоная крымінальная справа «звязаная з “Белсатам”».

    Да чэрвеня 2023 года Сяргей Скулавец жыў пад Івацэвічамі, займаўся фермерствам і адначасова непублічна супрацоўнічаў з тэлеканалам «Белсат». Пасля таго, як яго папярэдзілі, што чакаецца чарговая хваля рэпрэсій у дачыненні да журналістаў, Скулавец разам з сям’ёй з’ехаў з Беларусі. Зараз яны жывуць у ЗША.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.