• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Еўрапейскіх журналістаў і палітыкаў атакуюць хакеры, звязаныя з ФСБ

    Эўрапейскія журналісты і палітыкі сталі мішэнямі новай хвалі кібэратакаў, за якімі, імаверна, стаіць расейская ФСБ.

    Еўрапейскіх журналістаў і палітыкаў атакуюць хакеры ФСБ

    Фота: Sora Shi­maza­ki / pexels.com

    Сярод тых, каго спрабавалі ўзламаць, — вядомы журналіст-расьсьледавальнік Хрыста Грозеў, адзін з аўтараў «Панамскага архіву» Бастыян Обэрмаер і супрацоўнікі францускай газэты Le Monde.

    Пра гэта паведамляе «Настоящее время» са спасылкай на Le Monde.

    17 лістапада трое журналістаў Le Monde атрымалі ў мэсэнджары Sig­nal запрашэньні на відэаканфэрэнцыю, прысьвечаную вайне Расеі супраць Украіны. Паведамленьні нібыта прыходзілі ад знаёмых людзей, аднак спасылкі вялі на падробленыя старонкі, створаныя для крадзяжу зьвестак аўтарызацыі і атрыманьня доступу да перапіскі.

    18 лістапада пра аналягічную спробу ўзлому паведаміў Хрыста Грозеў. Ён атрымаў запрашэньне нібыта ад нямецкага калегі, зь якім не кантактаваў некалькі гадоў. Журналіст заўважыў у ангельскім тэксьце выразы, падобныя да даслоўнага перакладу з расейскай мовы. Праверка паказала, што спасылка вядзе на фальшывую старонку Google Meet, а затым — на падробленую форму ўваходу ў Telegram.

    Падобнае паведамленьне атрымаў і нямецкі журналіст Бастыян Обэрмаер. 19 лістапада пра спробу ўзлому заявіў таксама дэпутат парлямэнту Францыі Эрык Баторэль.

    Паводле Le Monde, кампанія пачалася як мінімум у сярэдзіне кастрычніка. Яе мішэнямі сталі журналісты, палітыкі і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, зьвязаныя з падтрымкай Украіны. Зламысьнікам ужо ўдалося атрымаць доступ да акаўнту кіраўніка адной з кампаній у сфэры кібэрбясьпекі.

    Аналітык Google Джон Халтквіст мяркуе, што за атакамі стаіць групоўка UNC5792, вядомая таксама як Fron­tier Bliz­zard і Sen­try Bear. Амэрыканскія ўлады зьвязваюць яе з памежнай службай ФСБ Расеі.

    ЗША прапануюць узнагароду да 10 мільёнаў даляраў за інфармацыю пра гэтую хакерскую групоўку.

    Асноўнымі мішэнямі групоўкі лічацца дзяржаўныя чыноўнікі, вайскоўцы і журналісты, якія маюць дачыненьне да Ўкраіны.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.