• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Іспанскі фотажурналіст аднавіў тэхніку, знішчаную расійскім дронам

    Іспанскі фотажурналіст Дыега Эрэра падзякаваў у сацсетцы X усім, хто дапамог сабраць грошы на новае прафесійнае абсталяванне пасля расійскай атакі на ягоны аўтамабіль у Славянску. Фатограф вярнуўся да працы ва Украіне і працягвае дакументаваць наступствы расійскіх удараў па Данеччыне.

    іспанскі фотажурналіст Дыега Эрэра

    Знічшаная тэхніка іспанскага фотажурналіста Дыега Эрэра. 24 верасня 2026 года. Фота: Дыега Эрэра з сацсеткі Х

    У акаўнце ў X Дыега Эрэра з’явіліся новыя здымкі са Славянска і Краматорска. На фотаздымках — параненыя мірныя жыхары пасля расійскіх удараў і пашкоджаныя будынкі.

    Як паведамляла іспанскае выданне El Español, напад адбыўся 24 верасня ў Славянску Данецкай вобласці. Эрэра ехаў у аўтамабілі разам са шведскім калегам Мустафам Джанам, калі пачуў, як украінскія вайскоўцы спрабуюць збіць расійскі FPV-дрон. Журналісты спынілі машыну і схаваліся ў супермаркеце.

    Неўзабаве беспілотнік урэзаўся ў іх аўтамабіль, які не меў маркіроўкі прэсы. Абодва журналісты не пацярпелі. Аднак машына і фотатэхніка Эрэры згарэлі. Агонь таксама знішчыў ягоны працоўны ноўтбук і сродкі абароны.

    Пасля атакі фатограф звярнуўся да падпісчыкаў па фінансавую дапамогу, каб набыць новае абсталяванне і працягнуць працу ва Украіне. Эрэра працуе як незалежны журналіст і публікуе свае матэрыялы, у прыватнасці, ў турэцкім інфармацыйным агенцтве Anadolu.

    На напад адрэагаваў Нацыянальны саюз журналістаў Украіны.  Грамадская арганізацыя «Інстытут масавай інфармацыі» таксама абвінаваціла Расію ў сістэматычных злачынствах супраць журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі. Паводле звестак арганізацыі, пра якія паведаміла El Español, за чатыры гады і сем месяцаў расійскага ўварвання ва Украіну было зафіксавана 977 такіх выпадкаў.

    У 2024 годзе Дыега Эрэра атрымаў Міжнародную прэмію караля Іспаніі ў галіне журналістыкі ў намінацыі «Фатаграфія». Узнагароду яму прынёс фотарэпартаж для часопіса 5W пра смерць і жыццё ў нястачы ва ўмовах вайны, распачатай расійскім уварваннем ва Украіну.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.