Еўрапейскі альянс інфармацыйных агенцтваў выключыў ТАСС са свайго складу
Расійскае інфармацыйнае агенцтва ТАСС канчаткова выключылі з Еўрапейскага альянсу інфармацыйных агенцтваў (EANA).

Рашэнне было прынята 13 лістапада падчас генеральнай асамблеі EANA ў Ларнацы (Кіпр), паведамляе Укрінформ. Адначасова новым паўнапраўным удзельнікам аб’яднання стала нацыянальнае інфармацыйнае агенцтва Літвы ELTA.
Паводле звестак Чэшскага інфармацыйнага агенцтва (ČTK), падчас тайнага галасавання прапанову Укрінформу аб выключэнні ТАСС з EANA падтрымалі 19 з 20 прысутных агенцтваў-членаў. Адзін дэлегат устрымаўся, ніхто не быў супраць.
ČTK адзначае, што вынікі галасавання істотна адрозніваюцца ад двух папярэдніх спроб выключыць ТАСС у 2022 і 2023 гадах, калі не было атрымана неабходнай большасці ў тры чвэрці галасоў для прыняцця прапановы.
ТАСС мела магчымасць растлумачыць сваю пазіцыю перад галасаваннем, але агенцтва ёю не скарысталася.
Членства ТАСС у Альянсе было прыпынена 27 лютага 2022 года. З таго часу ТАСС не мела права ўдзельнічаць у сустрэчах, канферэнцыях або агульных сходах.
Выключэнне ТАСС з EANA пракаментавала афіцыйная прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава. Яна заявіла, што Еўрапейскі альянс інфармацыйных агенцтваў паддаўся «мілітарысцкаму псіхозу, у які паглыбляецца Еўрасаюз стараннямі свайго кіруючага класа».
Еўрапейскі альянс інфармацыйных агенцтваў быў заснаваны ў 1956 годзе. Ён аб’ядноўвае больш за 30 вядучых еўрапейскіх інфармацыйных агенцтваў і спрыяе іх супрацоўніцтву, прафесійнай незалежнасці, свабодзе СМІ і абароне грамадскіх інтарэсаў.
Нагадаем, што ў маі 2026 года Саюз журналістаў Расіі быў выключаны з Міжнароднай федэрацыі журналістаў з‑за супрацоўніцтва з дзяржавай і стварэння ўласных аддзяленняў на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях.
@bajmedia