Ад абяцанняў вызваліць слова да пасадак за яго. Як бяспраўе журналістаў стала ў Беларусі нормай
Лістапад у календары журналістаў — месяц знакавы. 2‑га чысла адзначаўся Міжнародны дзень спынення беспакаранасці за злачынствы супраць журналістаў. Генеральная Асамблея ААН заснавала яго ў 2013 годзе, каб прыцягнуць увагу да забойстваў, нападаў, выкрадання і іншых злачынстваў супраць прадстаўнікоў СМІ, вінаватыя ў якіх часцяком застаюцца без пакарання.

Фота: БАЖ
Для беларускага медыясектара — той яго часткі, што не жадае быць прыслугай пры двары — праблема актуальная больш за тры дзесяцігоддзі.
Адкуль з’явіўся Міжнародны дзень спынення беспакаранасці за злачынствы супраць журналістаў
Дата абраная ў памяць пра французскіх журналістаў Гіслена Дзюпона і Клода Верлона, забітых у Малі 2 лістапада 2013 года.
Паводле звестак ЮНЕСКО, з 2006 па 2025 год у свеце было забіта больш за 1,6 тыс. журналістаў. У 2024–2025 гадах загінула 189 прадстаўнікоў прафесіі.
У Беларусі праблема беспакаранасці злачынстваў у дачыненні да супрацоўнікаў СМІ мае даўнюю гісторыю. Незалежная прэса прэсуецца ўсе гады знаходжання Аляксандра Лукашэнкі ва ўладзе, да якой той ішоў у тым ліку з абяцаннямі даць СМІ волю.
Пасля 2020 года ціск на нелаяльныя СМІ ўзмацніўся ў разы: журналістаў саджаюць на працяглыя тэрміны, рэдакцыі, дзе б яны ні знаходзіліся, абвяшчаюцца “экстрэмісцкімі фарміраваннямі“.
Не далей як 4 лістапада журналістка Кацярына Андрэева, вызваленая, але высланая з краіны, паведаміла пра новую крымінальную справу супраць сябе. 13 лістапада Беларуская асацыяцыя журналістаў апублікавала фатаграфію міліцэйскага стэнда пра злачынцаў, на якім сярод іншых размешчаныя звесткі пра гісторыка і публіцыста Аляксандра Пашкевіча (за “няправільныя“ размовы на сваім ютуб-канале абвінавачваецца паводле арт. 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). 23 лістапада стала вядома пра ўключэнне былой палітзняволенай, намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Ірыны Слаўнікавай у расійскую, а гэта значыць, міждзяржаўную (на тэрыторыі СНД) базу вышуку на запыт Мінска.
Падмурак беспакаранасці ў дачыненні да журналістаў быў закладзены ў 90‑я. Астатняе было ўжо следствам. “Позірк” тлумачыць на прыкладах, якія за столькі гадоў маглі ўжо забыцца, а маладому чытачу — быць невядомымі.
Наколькі вольным было слова да Лукашэнкі?
На пачатку 1990‑х беларуская журналістыка займела новыя магчымасці, якіх была пазбаўленая ў савецкі час. Дзяржаўная манаполія на СМІ аслабла (як аказалася, ненадоўга), інфармацыя стала распаўсюджвацца больш свабодна. Улады перасталі выкарыстоўваць звыклыя рэпрэсіўныя метады супраць іншадумства, з’явіліся незалежныя СМІ, якія адкрыта выказвалі свае погляды.
Аднак гэта не азначала, што журналістыка была цалкам вольная ад ціску. Яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў 1994 года незалежныя выданні сутыкаліся з абмежаваннямі.
Тагачасныя ўлады на чале (дэ-факта) з прэм’ер-міністрам Вячаславам Кебічам спрабавалі прымусіць замаўчаць крытычныя галасы: яны зачышчалі радыёэфір (“Беларуская маладзёжная”, “Крыніца”), забаранялі друкаваць незалежныя газеты (прыпыненне выпуску газеты “Свабода” падчас агульнанацыянальнага страйку ў лютым 1994 года і спартыўнай газеты “Прессбол”, якая актыўна адгукалася на сітуацыю ў краіне, у сакавіку таго ж года).
На пачатку сакавіка ў сваёй кватэры быў знойдзены забітым тэлежурналіст, падарожнік, бард Аляксандр Чуланаў. Злачынства засталося нераскрытым.

Справаздача Фонду абароны галоснасці «Пераслед журналістаў і прэссы на тэрыторыі былога СССР: студзень–сакавік 1994 г.» Крыніцы: «Независимая газета» / «Свободная Грузия» / Нацыянальная парламенцкая бібліятэка Грузіі (nplg.gov.ge). Скрыншот: «Позірк»
Што наабяцаў і што зрабіў Лукашэнка ў першыя гады кіравання
Падчас прэзідэнцкай кампаніі-1994 Аляксандр Лукашэнка публічна выступаў супраць ціску на журналістаў. У тэлеэфіры ён крытыкаваў дзяржаўныя СМІ за прадузятасць: “Тое, што адбываецца сёння на дзяржаўным тэлебачанні… Ідзе хлусня, суцэльная хлусня! Калі ты нядобранадзейны, з табой кантракт не заключаюць. Што гэта за дзікунства?..“
Сярод перадвыбарных абяцанняў Лукашэнкі была ліквідацыя дзяржаўнай манаполіі на СМІ, забарона палітычнай цэнзуры і пераследу журналістаў.
Першыя сведчанні таго, што абяцанні не будуць выкананыя, з’явіліся ўжо ў снежні 1994 года.
Пасля таго як дэпутат Вярхоўнага Савета ад Беларускага народнага фронту Сяргей Антончык падрыхтаваў даклад аб карупцыі ў вышэйшых эшалонах улады, тая самая ўлада забараніла асвятляць яго ў прэсе.
23 снежня некалькі газет, у тым ліку “Советская Белоруссия“, “Звязда“ і “Рэспубліка“, пакінулі на палосах вялікія пустыя месцы (“белыя плямы“) замест тэкста даклада. Наклады “Народнай газеты“ і “Газеты Андрэя Клімава”, якія, як мяркуецца, ужо надрукавалі матэрыял, не выпусцілі з дзяржаўнай друкарні. У пераказе змагла паведаміць пра даклад толькі “Знамя юности”.
У той жа дзень сваёй пасады пазбавіўся галоўны рэдактар газеты “Советская Белоруссия“ Ігар Асінскі — як сцвярджалася ва ўказе прэзідэнта, “за дапушчаныя грубыя парушэнні фінансавай дысцыпліны”. 5 студзеня 1995-га ўрад звольніў галоўрэда свайго друкаванага органа — газеты “Рэспубліка“ Мікалая Керногу; фармальна — “згодна з пададзенай заявай“.
«Зона маўчання»: як трыццаць гадоў вынішчалі беларускае вольнае слова
17 сакавіка 1995 года Лукашэнка адхіліў ад пасады галоўнага рэдактара парламенцкай “Народнай газеты” Іосіфа Сярэдзіча. Нагодай стала публікацыя чытацкага ліста з крытыкай планаў правядзення рэферэндуму аб змене дзяржаўнай сімволікі і статусу беларускай мовы.
Рашэнне было прынятае ўказам прэзідэнта “ў сувязі са скажэннем палітыкі дзяржавы і парушэннем правоў грамадзян у СМІ, у мэтах забеспячэння стабільнасці”.
Пры гэтым прызначаць і звальняць галоўнага рэдактара выдання, заснавальнікам якога з’яўляўся Вярхоўны Савет, Лукашэнка не меў права. Пазней Канстытуцыйны суд прызнаў адхіленне Сярэдзіча незаконным, аднак аднавіць яго на пасадзе не ўдалося.
Праз адзін год і адзін дзень Лукашэнка звольніў і пераемніка Сярэдзіча Мікалая Галко, афіцыйна спаслаўшыся на “неадпаведнасць працы, якая выконваецца”.
Пад нож пайшла тэлепраграма Паўла Шарамета “Праспект”, выпуск якой ад 8 траўня, за шэсць дзён да рэферэндуму, быў зняты з эфіру.
У 1995–1996 гадах улады паслядоўна ўзмацнялі адміністрацыйны кантроль сродкаў масавай інфармацыі. Закон аб друку ад 13 студзеня 1995 года ўвёў абавязковую дзяржаўную рэгістрацыю СМІ і механізм пісьмовых папярэджанняў, пасля якіх выданне маглі закрыць праз суд.
Увосень 1995 года рэгіянальным друкарням загадалі ўзгадняць супрацоўніцтва з недзяржаўнымі газетамі ў Адміністрацыі прэзідэнта і Дзяржкамітэце па друку (папярэднік Міністэрства інфармацыі). “Белорусской деловой газете“, “Народнай волі“ і штотыднёвіку “Імя” давялося друкавацца за мяжой.
Пастанова аб дзяржаўнай інфармацыйнай палітыцы ад 4 студзеня 1996 года прадугледжвала магчымасць перарэгістрацыі СМІ і пашырала кантроль мясцовых выканкамаў над раённымі і абласнымі газетамі. З 10 студзеня таго ж года журналістаў незалежных СМІ перасталі пускаць на пасяджэнні Вярхоўнага Савета.
У чэрвені 1996 года ў закон аб друку былі ўнесеныя папраўкі, якія замацавалі абавязковую трансляцыю дзяржаўных тэле- і радыёкампаніямі заяў вышэйшых службовых асобаў.
10 лютага 1997 года стралялі ў кабінет рэдактара газеты “Свабода“ Ігара Герменчука. Яму пашанцавала не апынуцца ў памяшканні.
Улада і прэса. 30 гадоў вайны, якая скончыцца разам з Лукашэнкам
Хто з журналістаў памёр не сваёй смерцю пры Лукашэнку
Адной з першых дзіўных смерцяў журналістаў у перыяд кіравання Лукашэнкі стала гібель 37-гадовага Анатоля Майсені.
Кіраўнік Нацыянальнага Цэнтра стратэгічных ініцыятыў “Усход — Захад” Майсеня крытыкаваў новую ўладу, выступаў супраць рэферэндуму аб значным пашырэнні паўнамоцтваў прэзідэнта. У верасні 1996-га ён апублікаваў рэзанансны артыкул “Беларусь у імгле“ з жорсткімі ацэнкамі рэжыму і папярэджаннем пра пагрозу аўтарытарызму.
Раніцай 12 лістапада, за 12 дзён да рэферэндуму, аўтамабіль Майсені сутыкнуўся з грузавіком на трасе Брэст — Мінск. Паводле афіцыйнай інфармацыі, журналіст заснуў за стырном пасля працяглай паездкі.
Існавала неафіцыйная версія аб забойстве, якую, як паведамлялі СМІ, дапускаў былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка. Крымінальная справа па факце гібелі Майсени не ўзбуджалася.
7 ліпеня 2000 года знік аператар расійскага тэлеканала ОРТ Дзмітрый Завадскі. Ён накіроўваўся ў менскі аэрапорт, каб сустрэць калегу Паўла Шарамета. Аўтамабіль журналіста пазней знайшлі каля аэрапорта, але самога Завадскага больш ніхто не бачыў.

Дзмітрый Завадскі і Павел Шарамет у Ашмянскім судзе падчас працэсу па справе аб незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы. 1998 год.
14 сакавіка 2002 года Мінскі абласны суд прызнаў былых байцоў спецпадраздзялення МУС “Алмаз“ Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка вінаватымі ў выкраданні Завадскага і незаконным пазбаўленні яго волі. Забойства судом даказана не было, хоць, паводле паведамлення газеты “Народная воля”, У аўтамабілі Ігнатовіча была выяўленая рыдлёўка са слядамі крыві Завадскага.
Заяўлялася, што матывам выкрадання аператара была помста — ён нібыта распаўсюдзіў інфармацыю аб удзеле Ігнатовіча ў чачэнскай вайне на баку сепаратыстаў.
20 кастрычніка 2004 года ў сваёй мінскай кватэры была забітая журналістка Вераніка Чаркасава. Яна працавала ў незалежных выданнях, пісала на грамадска-палітычныя тэмы і займалася расследаваннямі. На яе целе было выяўлена 43 нажавых раненні.
Следства спачатку разглядала бытавую версію і падазравала ў забойстве айчыма і непаўналетняга сына журналісткі. Падазрэнні афіцыйна былі знятыя праз паўгода, але сям’ю не пакідалі ў спакоі яшчэ 12 гадоў. Іншых падазраваных у справе так і не з’явілася. Айчым Чаркасавай памёр у 2019 годзе, маці — у 2024‑м.
18 кастрычніка 2005 года ў Заслаўі было знойдзенае цела аўтара “Народнай волі“ Васіля Гроднікава. Экспертыза ўстанавіла, што прычынай смерці стала чэрапна-мазгавая траўма, аднак пракуратура не стала ўзбуджаць крымінальную справу, палічыўшы, што смерць не насіла гвалтоўнага характару.
Пракуратура адмовіла ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, выказаўшы здагадку, што траўма, якая прывяла да смерці, узнікла ў выніку ўласных неасцярожных дзеянняў журналіста. Сваякі і калегі сумняваліся ў афіцыйнай трактоўцы.
3 верасня 2010 года, за тры месяцы да прэзідэнцкіх выбараў, на лецішчы ў Дзяржынскім раёне было знойдзенае цела Алега Бябеніна — заснавальніка і кіраўніка сайта “Хартыя’97”. Пракуратура прыйшла да высновы пра самагубства. Многія калегі не паверылі ў гэтую версію: незадоўга да смерці Бябенін вярнуўся з адпачынку, будаваў планы і збіраўся ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі былога намесніка міністра замежных спраў Андрэя Саннікава.
20 ліпеня 2016 года ў Кіеве загінуў Павел Шарамет. У аўтамабілі, на якім журналіст ехаў на працу, спрацавала выбуховае прыстасаванне. Шарамет быў вядомы як крытык Лукашэнкі, працаваў у Беларусі, Расіі і Украіне.
10 гадоў таму забілі журналіста Паўла Шарамета. Заказчыкі дагэтуль не знойдзеныя
У студзені 2021 года даследчыцкі праект “Беларускі народны трыбунал” і выданне EUobserver апублікавалі аўдыёзапіс, які меркавана быў зроблены 11 красавіка 2012 года падчас нарады ў кабінеце тагачаснага старшыні КДБ Вадзіма Зайцава. На ёй, як сцвярджалася, абмяркоўвалі аперацыі па ліквідацыі палітычных апанентаў беларускіх уладаў за мяжой. Сярод магчымых мэтаў называўся Шарамет, які ў той час жыў у Маскве.
На запісы чалавек, якога ідэнтыфікавалі як Зайцава, кажа пра неабходнасць арганізаваць забойства журналіста з дапамогай выбухоўкі. У прыватнасці, гучыць фраза “прэзідэнт чакае гэтых аперацый”.
Які маштаб набылі рэпрэсіі ў медыясектары пасля 2020 года
Пасля прэзідэнцкіх выбараў жніўня 2020 года ціск на незалежныя СМІ стаў беспрэцэдэнтным.
Журналістаў затрымлівалі падчас пратэстаў, збівалі, пазбаўлялі прафесійнай тэхнікі, судзілі па адміністрацыйных і крымінальных справах. Рэдакцыі абшуквалі, тэхніку канфіскоўвалі, сайты блакавалі. Яшчэ 9 ліпеня 2020 года, за месяц да выбараў, Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі падкантрольных СМІ заявіў: “Свабода слова ў любой дзяржаве абмежаваная законам. Таму тут мы навядзем парадак”.
У 2020 годзе фонд “Справядлівасць для журналістаў”* зафіксаваў у Беларусі 1.558 нападаў і пагроз у дачыненні да журналістаў, блогераў, работнікаў СМІ і рэдакцый.
18 траўня 2021 года ўлады правялі арышты супрацоўнікаў найбуйнейшага незалежнага інтэрнэт-партала краіны tut.by, роўна праз тры месяцы — прыйшлі граміць недзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН.

У офісе БелаПАН пасля ператрусу 18 жніўня 2021 года. Фота: «Позірк»
30 ліпеня таго ж года Лукашэнка прыраўняў непадкантрольнае слова да экстрэмізму: “Проста свабода слова, якую мы абараняем канстытуцыйна, сёння перарасла ў экстрэмісцкую дзейнасць. І супраць гэтага мы будзем змагацца жорстка і рашуча. Мы не адступім”. Пры гэтым Лукашэнка сцвярджаў, што ўлады не змагаюцца з іншадумствам і рознымі меркаваннямі.
5 траўня 2022 года падчас інтэрв’ю журналіст Associated Press Ен Філіпс спытаў у Лукашэнкі, колькі журналістаў знаходзіцца ў зняволенні. Той адказаў, што не ведае дакладнай лічбы, а пасля заявіў: “У нас калі людзі парушаюць закон і трапляюць пад следства — яны ўсе становяцца журналістамі ці ж сябрамі прафзвязаў незалежных“.
* Заснаваны ў Вялікабрытаніі расійскімі прадпрымальнікамі-эмігрантамі Міхаілам Хадаркоўскім і Леанідам Неўзліным пасля забойства ў 2018 годзе ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы трох журналістаў з РФ, якія расследавалі дзейнасць ПВК “Вагнер“.
МФЖ і ЕФЖ патрабуюць спыніць пераслед беларускіх журналістаў, які цягнецца ўжо шэсць гадоў
Чаму эміграцыя не гарантуе бяспекі
Масавыя рэпрэсіі вымусілі многіх журналістаў пакінуць Беларусь. Паводле ацэнкі арганізацыі “Рэпарцёры без межаў” (RSF), з 2020 года гэта зрабіла ад 500 да 600 прадстаўнікоў СМІ. Многія рэдакцыі працягнулі працу з‑за мяжы, але і там іх дыстанцыйна пераследуюць беларускія ўлады (з’ява атрымала назву “трансгранічныя рэпрэсіі“).
На журналістаў, якія знаходзяцца за мяжой, заводзяць крымінальныя справы, іх абвяшчаюць у міждзяржаўны вышук (вядома больш за 130 імёнаў), над імі праводзяць завочныя працэсы, інфармацыя прызнаецца “экстрэмісцкімі матэрыяламі“, рэдакцыі — “экстрэмісцкімі фарміраваннямі“, часам — не па адным разе. Справы размяркоўваюцца па заштатных раённых судах, каб паменшыць нагрузку на сталічных “служыцеляў Феміды“. Распаўсюджанай практыкай стала запалохванне сваякоў. Для тых, хто застаецца ў краіне, захоўваецца рызыка крымінальнага пераследу. Маўчанне ратуе не заўсёды — прыходзяць караць за працу журналістам у ранейшыя гады.
Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяпер у зняволенні ўтрымліваецца не менш за 16 работнікаў СМІ.
Як выглядае Беларусь у Індэксе свабоды прэсы?
У Сусветным індэксе свабоды прэсы Беларусь нязменна ўнізе. У 2026 годзе яна на 165‑м месцы са 180. Арганізацыя“Рэпарцёры без межаў”, якая складае спіс, адзначае вельмі цяжкае становішча незалежных СМІ і журналістаў у краіне.
@bajmedia