Экс-палітзняволеную журналістку Ірыну Слаўнікаву абвесцілі ў міждзяржаўны крымінальны вышук
Асабовыя звесткі Ірыны Слаўнікавай з’явіліся ў вышуковай базе РФ 23 лістапада 2026 года. Але інфармацыі пра тое, у сувязі з чым шукаюць журналістку, там няма — артыкул яе крымінальнай справы не ўказаны. Пазначана толькі, што пошук вядзецца на запыт структуры МУС Мінскай вобласці.

Ірына Слаўнікава. 18 верасня 2026 года, Вільня. Фота: БАЖ
Для Ірыны гэта стала ў пэўным сэнсе нечаканасцю, хаця такога ходу падзей яна не выключала.
«Рана ці позна было варта такога чакаць. Але ніякіх трывожных «званочкаў» напярэдадні не было — ніхто не прыходзіў да маіх бацькоў і не распытваў, дзе я зараз жыву.
Дакладней, іх пра мяне распытвалі, але ўжо даўно — год таму, праз які месяц пасля таго, як мяне вызвалілі і вывезлі з Беларусі. Спачатку даслалі позву на адрас, дзе я зарэгістраваная, што я павінна з’явіцца ў міліцыю і стаць на ўлік. Потым бацькам тэлефанавалі і пыталіся, чаму я не прыходжу. Яны тады сказалі, што мяне вывезлі без майго жадання і што стаць на ўлік я не магу фізічна. Міліцыянты, як аказалася, пра гэта не ведалі, запісалі ў свае паперы і больш бацькоў не турбавалі», — распавяла журналістка.
Ірына Слаўнікава не выключае, што ў Беларусі супраць яе маглі распачаць новую крымінальную справу за «садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці». Яна не хавае, што з 2021 года з’яўляецца намесніцай старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (абвешчанай КДБ «экстрэмісцкім фармаваннем» у лютым 2023 года), што нядаўна стала гендарнай упаўнаважанай БАЖ і што пасля зняволення за сваю журналісцкую дзейнасць і прымусовага вывазу з Беларусі вярнулася да працы ў медыя.
На сёння ў міждзяржаўную базу крымінальнага вышуку ўнесеныя імёны больш 130 беларускіх журналістаў і медыясупрацоўнікаў, якія ў выніку беспрэцэдэнтных рэпрэсій пасля пратэсных падзей 2020 года апынуліся ў вымушанай эміграцыі і супраць якіх распачатыя палітычна матываваныя крымінальныя справы.
Беларускія грамадзяне трапляюць у гэтую базу на запыт сілавых структур Беларусі. Гэта азначае, што людзей вышукваюць у Беларусі, Расіі, іншых краінах-удзельніцах СНД, а таксама могуць выдаць з «сяброўскіх» беларускаму рэжыму краін.
@bajmedia