Таццяна Заміроўская: «У нас яшчэ ў 1996 быў свой New Musical Express з сайтам!»
9 кастрычніка 1996 года ў Мінску выйшаў першы нумар «Музыкальной газеты» — штодзённага выдання, якое цалкам было прысвечанае музыцы і шоў-бізнесу. Медыя хутка набыло статус культавага, а яго асобнікі прадаваліся не толькі ў Беларусі, але і ў суседніх краінах.

Першы нумар «Музыкальной газеты». Фота са старонкі ў Facebook Дзмітрыя Безкаравайнага
Колішняя аўтарка «Музыкальной газеты», журналістка, пісьменніца Таццяна Заміроўская падкрэслівае:
магчыма, гэтае беларускае медыя было першым рускамоўным штодзённікам пра сусветную поп-музыку.
««Музыкалка», як яе звалі, з’явілася ў 1996 году, калі ў СНД яшчэ толкам не было менавіта ўсебаковых музычных выданняў, тым больш штотыднёвых — таму нядзіўна, што яна прадавалася і на Гарбушцы (знакаміты ў 90‑х рынак у Маскве — БАЖ) , і ў Піцеры, і наогул паўсюль — асабліва ў блаславёныя даінтэрнэтныя часы.
Фактычна, яна і была маім інтэрнэтам: як цяпер памятаю, як крута было купіць у 10‑м класе нумар з маім любімым гуртом KULA SHAKER на вокладцы (аўтар абложанага матэрыялу быў Nikolai Sapounov) і ашаломлена зразумець, што іх ведаю і слухаю не толькі я і мае сябры. Афігець, зразумела я, у нас ёсць свой NME і Q Magazine, мы наперадзе ўсіх!
Я да гэтага часу памятаю нумар, у якім было напісана пра OK Computer — альбом яшчэ не выйшаў, а там ужо была рэцэнзія і велізарны артыкул аб падрыхтоўцы рэлізу, і ох як жа я яго чакала тым летам!», — успамінае спадарыня Заміроўская.

Вокладка аднаго з нумароў «Музыкальной газеты». Фота са старонкі колішняй журналісткі выдання Таццяны Заміроўскай
«Музыкальная газета» была заснаваная выдаўцом Анатолем Кірушкіным. Да 2003 года газета выходзіла ў каляровым фармаце і расказвала як пра заходнюю, так і пра беларускую і рускую музыку. У лепшыя гады тыраж вар’іраваўся ад 7 000 экзэмпляраў да 19 500.

Першы артыкул Таццяны Заміроўскай у «Музыкальной газете». Фота са старонкі колішняй журналісткі выдання Таццяны Заміроўскай
«Я брала інтэрв’ю ў замежных музыкаў па тэлефоне… Я сядзела дзе-небудзь у кутку і гадзінамі гутарыла, напрыклад, з Эндзі Кэйнзам з Therapy?, Эрыкам Бердонам з Animals або Джымам Капальдзі з групы Traffic, распавядаючы яму ўсё сваё жыццё ў адказ на ўсё яго жыццё (часта гэтыя гутаркі перарасталі ў псіхатэрапеўтычныя сесіі і сяброўства па перапісцы). [Рэдактар] Алег Клімаў тэлефанаваў мне познімі вечарамі з дзікімі запытамі накшталт:
— Заміроўская! ТУТ ТАБЕ ТОЛЬКІ ШТО ПЕРАЗВОНЬВАЎ ROGER DALTREY З THE WHO! Ён кажа, што вы не дагаварылі, і хоча пагутарыць яшчэ! Што мне яму адказаць, АААА?
Увогуле, гэта было дзіка крута і прэстыжна. Напрыклад, здаецца, я была першай рускамоўнай журналісткай, якая ўзяла інтэрв’ю ў Сафі Эліс Бэкстар — яшчэ калі пра яе ніхто не ведаў», — узгадвала ў пяпярэдні юбілей выдання журналістка.

Аляксей Аляксандраў — вёрстка (1996–2001); Алег Клімаў — журналіст (1996–1997), загадчык усходнім сектарам (1997–1999), шэф-рэдактар (1999–2008); Аляксандр Качалаў — менеджэр па рабоце з лэйбламі (1998–1999); Андрэй Бараноўскі — журналіст (1996–1999); Дзмітрый Безкаравайны — журналіст (1996–1997), загадчык заходнім сектарам (1997–1999); Сяргей Чарвякоў — дызайн, вокладкі (1996–2008). Фота: Яўген Ярчак
З 2003 года газета перайшла на асвятленне падзей выключна ў свеце беларускай музыкі. Паступова выданне пачало губляць свае пазіцыі. Тыраж рэзка абваліўся, давялося скараціць колькасць старонак (з шаснаццаці да васьмі) і аддаць перавагу чорна-беламу друку.
Апошні — 491‑й — нумар выйшаў у снежні 2007 года тыражом 2514 экзэмпляраў. У якасці прычыны рэдакцыя спасылалася на нязручныя эканамічныя ўмовы «Белсаюздруку»: прадпрыемства прапанавала павысіць кошт «Музыкальной газеты» ў два разы, у той час як Камітэт па цэнаўтварэнні Мінгарвыканкама дазваляў павышаць кошт толькі на 0,5% у месяц.

Вокладка аднаго з нумароў «Музыкальной газеты». Фота са старонкі ў Facebook колішняга дызайнера выдання Сяргея Чарвякова
У 2023‑м годзе з’явілася PDF-версія кнігі колішніх журналістаў «Музыкальной газеты» Дзмітрыя Бурбуця і Анастасіі Самотыя «Хроники “Нестора”». У ёй стваральнікі паспрабавалі як мага вычарпальна распавесці пра гісторыю стварэння і заняпаду выдання, што было ў свой час флагманам на рынку музычнай прэсы Беларусі.

Вокладка аднаго з нумароў «Музыкальной газеты». Фота са старонкі ў Facebook колішняга дызайнера выдання Сяргея Чарвякова
«Флагманамі не па якасці паліграфіі (хоць і гэта таксама), але па якасці матэрыялаў, якія рыхтаваліся сапраўды высокапрафесійнымі людзьмі. Ну ці, прынамсі, людзьмі, якія рэальна гарэлі за сваю справу», — тлумачылі аўтары.
@bajmedia