Андрэй Бастунец: Наша стратэгія — супрацьдзеянне хаосу
15 беларускіх журналістаў дагэтуль знаходзяцца за кратамі ў Беларусі, сотні вымушаныя былі выехаць у эміграцыю. Наколькі сур’ёзнай стала праблема сыходу журналістаў з прафесіі? Як будзе выглядаць беларускі медыясектар праз пяць гадоў? Пра будучыню беларускай журналістыкі Юлія Сівец паразмаўляла са старшынёй Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэем Бастунцом.

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец
РР: Для незалежнай беларускай журналістыкі сёння існуе шмат выклікаў. Якая ў гэтай сітуацыі стратэгія БАЖ на бліжэйшы год?
Андрэй Бастунец: Стратэгія БАЖ разлічаная да канца 2027 года. Па вялікім рахунку, я не вельмі люблю само слова «стратэгія». У сённяшні час, калі шмат што залежыць не ад нас і мы не можам планаваць сваю дзейнасць нават на некалькі месяцаў наперад, цяжка казаць пра доўгатэрміновыя планы. Невялікі гарызонт планавання ў нас існуе.
Але, з іншага боку, я падумаў, што стратэгія — гэта своеасаблівае супрацьдзеянне хаосу. У сённяшнія хаатычныя часы стратэгія становіцца фіксацыяй, спробай стварыць пэўную рамку дзейнасці, навесці парадак у хаосе.
Стратэгія была распрацаваная летась. У гэтым працэсе ўдзельнічалі некалькі дзясяткаў журналістаў. Сустрэчы адбываліся ў розных гарадах і розных супольнасцях. Урэшце быў выпрацаваны агульны погляд на тое, чым БАЖ мусіць займацца на працягу бліжэйшых трох гадоў.
БАЖ зацвердзіў стратэгію працы арганізацыі на 2025–2027 гады
РР: Наколькі атрымліваецца прытрымлівацца гэтай стратэгіі?
Андрэй Бастунец: Стратэгія вызначае агульныя рамкі. Каб рэалізаваць яе, трэба ў гэтых рамках выпрацоўваць канкрэтныя планы дзейнасці. Літаральна сёння ў нас адбываецца крэатыўная лабараторыя, дзе тры дзясяткі журналістаў і супрацоўнікаў медыя абмяркоўваюць ідэі, якія могуць стаць падмуркам нашай працы ў наступным годзе.
Мы паспрабуем усё гэта рэалізаваць. Для гэтага патрэбныя рэсурсы — і матэрыяльныя, і, найперш, чалавечыя, крэатыўныя. Якраз гэтым мы цяпер і займаемся.
РР: Вы згадалі пра чалавечыя і матэрыяльныя рэсурсы. Наколькі сур’ёзнай насамрэч стала праблема сыходу журналістаў з прафесіі?
Андрэй Бастунец: Я б сказаў, што тут ёсць некалькі праблем. Летась і напачатку гэтага года БАЖ праводзіў даследаванне патрэбаў журналістаў.
Сярод асноўных праблемаў выявілася частковая страта заробкаў: некаторыя журналісты ўжо не могуць забяспечваць сябе выключна журналісцкай працай і мусяць шукаць іншыя заняткі.
У тых жа, хто захаваў магчымасць працаваць у медыя, нагрузка значна павялічылася. Не сакрэт, што пасля скарачэння фінансавання з боку амерыканскіх донараў летась частка рэдакцый была вымушаная скараціць свае штаты.
Даследаванне БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара», 2026
Таму можна вылучыць некалькі праблемаў.
Першая — скарачэнне штатаў, якое ўжо адбылося і можа працягвацца праз недахоп рэсурсаў у медыяарганізацый.
Другая — заробкі і ганарары журналістаў не заўсёды дазваляюць задаволіць нават самыя неабходныя патрэбы, таму людзям даводзіцца шукаць дадатковую працу.
Трэцяя — перагрузка тых, хто застаецца працаваць у медыя. Яны выконваюць працу і за сябе, і за тых калегаў, якія былі звольненыя.
І чацвёртая — мы мусім памятаць пра нашых калегаў, якія выходзяць на волю пасля зняволення. Яны адбылі па пяць-шэсць гадоў за кратамі і цяпер апынуліся ў свеце, дзе за гэты час шмат што змянілася. Ім таксама патрэбная наша дапамога. Пра гэта мы ўвесь час гаворым.
Цалкам гутарку слухайце на сайце Радыё Рацыя
@bajmedia