У Вене затрымалі вядомага ўкраінскага журналіста-расследавальніка
У Вене затрымалі расследавальніка «Украінскай праўды» Міхаіла Ткача. У Аўстрыі ён шукаў генеральнага пракурора Руслана Краўчанку, які з’ехаў з Украіны.

Михаіл Ткач. Фота: Украінская праўда
Рэдакцыя «Украінскай праўды» паведаміла пра затрыманне кіраўніка аддзела журналісцкіх расследаванняў Міхаіла Ткача ўвечары 8 кастрычніка. У паведамленні гаварылася, што Ткач выконваў рэдакцыйнае заданне.
Заданне было звязана з пошукам генеральнага пракурора Украіны Руслана Краўчанкі, які пакінуў краіну пасля ператрусу, праведзенага ў яго антыкарупцыйнымі органамі ў пачатку верасня, распавёў Нацыянальны саюз журналістаў Украіны.
Прамой сувязі з затрыманым калегам рэдакцыя «Украінскай праўды» не мае. Паводле яе інфармацыі, Ткача даставілі ў месца ўтрымання пад вартай, з ім кантактуе адвакатка. Таксама з журанлістам змог пагаварыць украінскі консул. Прычыны затрымання невядомыя.
Міхаіл Ткач знаходзіўся ў Аўстрыі разам са сваім калегам Яраславам Бандарэнкам. Месцазнаходжанне Бандарэнкі на дадзены момант невядомае.
«Украінская праўда» лічыць затрыманне Міхаіла Ткача незаконным і патрабуе яго неадкладнага вызвалення і тлумачэнняў ад аўстрыйскіх праваахоўнікаў.
Рэдакцыя праінфармавала амбасады Украіны ў Аўстрыі і Аўстрыі ва Украіне, заклікала дыпламатаў дапамагчы журналістам, а міжнародныя журналісцкія і праваабарончыя арганізацыі — падтрымаць калег.
Пасольства Украіны ў Аўстрыі звярнулася да ўладаў краіны з запытам наконт затрымання Ткача.
Михаіл Ткач — ўкраінскі журналіст-расследавальнік, вядомы матэрыяламі, якія выкрываюць украінскіх чыноўнікаў, бізнесменаў і алігархаў як унутры краіны, так і за яе межамі. Лаўрэат шматлікіх узнагарод, у тым ліку ў 2026 годзе атрымаў міжнародную прэмію Free Media Awards разам з беларускім журналістам, былым палітвязнем Андрэем Аляксандравым.
@bajmedia