Беларускі ПЭН абвяшчае прыём заявак на прэмію імя Францішка Аляхновіча (дэдлайн — 20 студзеня)
15 лістапада, у Дзень зняволенага пісьменніка, Беларускі ПЭН абвяшчае пачатак прыёму заявак на прэмію імя Францішка Аляхновіча – літаратурную ўзнагароду за творы, напісаныя ў зняволенні (у тым ліку ўзноўленыя аўтарамі пасля знішчэння або канфіскацыі рукапісаў) або на тэму зазнанага аўтарам зняволення.

Сёлета прэмія пераходзіць на новы каляндар. Раней прэміяльны сезон доўжыўся з кастрычніка да кастрычніка, а пераможцаў традыцыйна абвяшчалі 15 лістапада – у Дзень зняволенага пісьменніка. Цяпер прэмія Аляхновіча будзе праводзіцца паводле каляндарнага прынцыпу, які выкарыстоўваецца і ў іншых літаратурных прэміях: творы, створаныя на працягу вызначанага перыяду, будуць разглядацца журы ў наступным годзе.
Пераходны сезон ахопіць творы, напісаныя з 1 кастрычніка 2025 года да 31 снежня 2026 года. Прыём заявак пачынаецца 15 лістапада 2026 года, а абвяшчэнне пераможцы адбудзецца ў лістападзе 2027 года.
Новы каляндар прэміі дасць журы дастаткова часу для грунтоўнага чытання, абмеркавання і ацэнкі ўсіх пададзеных твораў.
Упершыню ў прэміяльным працэсе будзе прадугледжана магчымасць фармавання доўгага і кароткага спісаў намінантаў, калі журы палічыць гэта мэтазгодным. Такі падыход дазволіць прыцягнуць дадатковую ўвагу не толькі да пераможцы, але і да іншых значных твораў, што ўдзельнічаюць у конкурсе.
Яшчэ адным важным змяненнем стане ўвядзенне грашовай узнагароды. У 2027 годзе пераможца прэміі імя Францішка Аляхновіча атрымае грашовы прыз, памер якога будзе вызначаны арганізатарам.
Да гэтага часу прэмія не прадугледжвала грашовай узнагароды. Беларускі ПЭН імкнецца да таго, каб літаратурнае прызнанне суправаджалася і матэрыяльнай падтрымкай аўтараў, якія пасля зняволення часта вымушаны нанова наладжваць сваё жыццё і вяртацца да прафесійнай і творчай дзейнасці. Хоць пакуль няма ўпэўненасці, што магчымасць грашовага ўзнагароджання захаваецца ў наступныя гады, Беларускі ПЭН будзе імкнуцца зрабіць яго сталай часткай прэміі Аляхновіча.
Прыём заявак і ўмовы ўдзелу
На прэмію могуць быць вылучаны арыгінальныя дакументальныя і мастацкія творы ў розных літаратурных жанрах (проза, паэзія, драматургія і інш.), напісаныя ў зняволенні (у тым ліку ўзноўленыя аўтарамі пасля знішчэння або канфіскацыі рукапісаў) або на тэму зазнанага аўтарам зняволення. Да ўдзелу прымаюцца як апублікаваныя, так і неапублікаваныя творы на беларускай і рускай мовах. Абмежаванняў паводле ўзросту, грамадзянства і месца жыхарства аўтараў няма. У конкурсе могуць удзельнічаць пераможцы і лаўрэаты папярэдніх гадоў.
Прыём заявак пачынаецца 15 лістапада 2026 года і працягнецца да 20 студзеня 2027 года.
Заяўкі прымаюцца праз электронную форму.
З поўнымі ўмовамі ўдзелу можна азнаёміцца ў статуце і рэгламенце прэміі.
Пераможца прэміі за творы, напісаныя ў перыяд з 1 кастрычніка 2025 года да 31 снежня 2026 года, будзе абвешчаны ў лістападзе 2027 года.
Прэмія імя Францішка Аляхновіча – літаратурная ўзнагарода, заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭНам сумесна з беларускай службай «Радыё Свабода». Яна носіць імя беларускага драматурга, пісьменніка і журналіста Францішка Аляхновіча, які сам прайшоў праз зняволенне і апісаў свой досвед у кнізе «У капцюрох ГПУ».
Часта задаваныя пытанні пра прэмію
Калі мой твор напісаны ўжо не ў турме, я магу падацца?
Так, бо прымаюцца творы або напісаныя ў зняволенні, або ўзноўленыя пасля зняволення, або прысвечаныя зазнанаму аўтарам зняволенню.
Калі я пішу па-руску?
Вы можаце ўдзельнічаць, бо на разгляд прымаюцца дакументальныя і мастацкія творы на беларускай і рускай мовах. Адсутнічаюць абмежаванні і паводле ўзросту, грамадзянства, месца жыхарства аўтараў і месца публікацыі твораў.
Калі мой твор нідзе не надрукаваны?
Мы прымаем як апублікаваныя творы, так і неапублікаваныя. Аднак калі вы плануеце выдаць свой твор асобнай кнігай у найбліжэйшы час, мы раім разгледзець магчымасць падаць яго на прэмію ўжо пасля выдання. Удзел у конкурсе, у тым ліку магчымае траплянне ў доўгі ці кароткі спіс намінантаў, можа прыцягнуць дадатковую ўвагу да кнігі, паспрыяць яе прасоўванню і продажам.
У конкурсе можа ўдзельнічаць любая колькасць твораў аднаго аўтара.
Калі мая кніга яшчэ толькі плануецца да выдання ў 2026‑м?
Вы таксама можаце падаць яе на прэмію! Хоць прыём заявак пачынаецца 15 лістапада 2026 года, ён працягнецца да 20 студзеня 2027 года. Таму, калі ваша кніга выйдзе да 31 снежня 2026 года, вы зможаце падаць яе на конкурс на пачатку студзеня.
Ці магу я ўдзельнічаць зашыфравана?
Так, калі маеце абгрунтаваныя прычыны. Факт намінацыі, перамога, імёны і прозвішчы аўтараў могуць зашыфроўвацца і не раскрывацца публічна. Прозвішчы будуць абвешчаны толькі пасля таго, як гэта стане бяспечна для аўтараў.
Ці магу я падаць заяўку за сваіх блізкіх, якія знаходзяцца ў зняволенні?
Так, гэта могуць зрабіць блізкія сваякі аўтара або іншыя ўпаўнаважаныя асобы. Але твор можа ўдзельнічаць у конкурсе толькі са згоды аўтара (усяго аўтарскага калектыву ці яго асобных чальцоў).
Ці магу я намінавацца зноў пасля перамогі ў мінулыя гады?
Так, пераможцы і лаўрэаты прэміі могуць быць намінантамі ў наступных сезонах.
@bajmedia