У юбілей «Нашай Нівы» пачаў працу архіў беларускіх незалежных медыя BELIMA
23 лістапада, у дзень 120-годдзя «Нашай Нівы», тэхналагічная платформа Kronika адкрыла сайт праекта BELIMA (Belarusian Independent Media Archive). Ініцыятыва створаная для захавання публікацый беларускіх незалежных выданняў ад 1990‑х гадоў да нашых дзён. Архівы медыя сёння знікаюць праз блакаванні, закрыццё рэдакцый і эміграцыю.

Скрыншот сайта BELIMA
Першымі партнёрамі праекта сталі «Наша Ніва», «Еўрарадыё», Buro Media, KYKY.org і The Village Беларусь. Сайт belima.media працуе на беларускай, рускай і англійскай мовах, паўнавартасны запуск архіўнай бібліятэкі запланаваны на 2027 год.
Платформу Kronika заснавалі амерыканскі Bard College і праваабарончая арганізацыя PEN America для абароны журналістыкі ад лічбавага забыцця.
«Мы хочам вярнуць тое, што знікла, захаваць тое, што знаходзіцца пад пагрозай знікнення, і знайсці тое, што было страчана, — падкрэсліваюць стваральнікі архіва. — У эпоху лічбавага забыцця нават тое, што некалі было апублікавана ў інтэрнэце, можа знікнуць без следу. Медыя зачыняюцца, трапляюць пад кібератакі, губляюць фінансавую падтрымку, перастаюць абнаўляцца ці аплачваць хостынг, а разам з імі страчваюцца гады працы. BELIMA захоўвае памяць і галасы, якія не павінны змаўкаць назаўжды».
Чаму важна?
«Можна па-рознаму інтэрпрэтаваць мінулае. Але сучаснасць не прапануе розначытанняў: на сёння ў Беларусі фактычна не засталося незалежных медыя, якія адкрыта прапануюць альтэрнатыву афіцыйнаму погляду. Незалежная журналістыка не знікла, але была вымушаная пакінуць Беларусь», — нагадваюць стваральнікі.
Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў і JX Fund, больш за 60 беларускіх медыяструктур абвешчаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі і арганізацыямі»; больш за 400 журналістаў і медыяпрацаўнікоў былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі; больш за 100 навінавых і медыйных сайтаў заблакаваныя ў Беларусі ў 2020–2021 гадах; больш за 40 незалежных беларускіх медыя працягваюць працаваць у выгнанні; нуль незалежных грамадска-палітычных медыя могуць свабодна працаваць у Беларусі, прапануючы чытачам альтэрнатыву афіцыйнай пазіцыі.
Захаваць — не значыць зрабіць бачным
«Бяспека для нас важнейшая за ўсё. Мы размаўляем з беларускім журналісцкім кам’юніці і разам распрацоўваем стандарты бяспекі, якія будуць пастаянна абнаўляцца, — распавядаюць стваральнікі архіва. — Некаторыя матэрыялы, якія мы захаваем, могуць стаць публічнымі толькі праз нейкі час, і гэта нармальна. Нашая мэта — зберагчы тое, што знаходзіцца пад пагрозай, і зрабіць даступным тады, калі пад пагрозай не будзе ніхто».
Зараз архіў падзяляецца на некалькі слаёў:
— публічны — алічбаваныя папяровыя і лічбавыя матэрыялы, адкрытыя кожнаму і даступныя для пошуку на сайце архіва;
— даследчы — матэрыялы, даступныя верыфікаваным даследчыкам, акадэмікам і журналістам;
— зачынены — бяспечна захаваныя матэрыялы, не бачныя нікому;
— адкрыты ў будучыні — калі гэта стане бяспечным, BELIMA ператворыцца ў жывы, пастаянна абнаўляльны архіў/пошукавы індэкс, заснаваны на беларускім кантэксце.
Для каго
Для журналістаў і рэдактараў, якія хочуць захаваць вынікі сваёй працы і не апынуцца ў сітуацыі, дзе прафесійная біяграфія ператвараецца ў «прывіднае партфоліа» з мёртвых спасылак.
Для даследчыкаў, гісторыкаў, выкладчыкаў і студэнтаў, якія вывучаюць Беларусь.
Для журналістаў-расследавальнікаў і аўтараў, якія шукаюць факты.
Для ўсіх, хто піша пра Беларусь і хоча атрымліваць інфармацыю з першакрыніц.
Для саміх беларусаў — тых, хто памятае, чытаў, спрачаўся, удзельнічаў, і тых, хто толькі пачынае адкрываць для сябе ўласную гісторыю.
Як далучыцца
Цяпер каманда BELIMA збірае калекцыі і шукае рэдактараў, журналістаў і чытачоў, у якіх захаваліся папяровыя або лічбавыя архівы выданняў. Перадаць матэрыялы або зрабіць бяспечную рэзервовую копію можна праз форму на сайце belima.media.
3 снежня а 18:00 CET адбудзецца бясплатная анлайн-сустрэча «На памяць / By Heart», дзе вядомыя беларусы раскажуць пра зніклыя публікацыі і вокладкі, якія паўплывалі на іх жыццё і гісторыю краіны. Рэгістрацыя ўжо адкрытая на сайце праекта.
@bajmedia