• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ігар Тышкевіч: супрацоўнікі КДБ затрымалі палітолага і медыяэкспертку Вольгу Харламаву «з другой спробы»

    Вольгу Харламаву на закрытым судовым працэсе прызналі вінаватай па артыкуле 356 Крымінальнага кодэкса — «Здрада дзяржаве». Прысуд 20 лістапада 2026 года агучыў Мінскі абласны суд.

    Вольга Харламава

    Вольга Харламова ў траўні 2021 года. Скрыншот: youtube.com/@SmartpressBY

    Акрамя пазбаўлення волі на 10 гадоў з адбыццём у калоніі ва ўмовах  агульнага рэжыму суд прызначыў ёй буйны штраф памерам 1500 базавых велічынь (67 500 рублёў).

    Вольга Харламава — палітолаг, публіцыстка і медыяаналітык, экспертка ў галіне міжнароднай палітыкі і бяспекі. Яна каментавала падзеі ў Беларусі і свеце для беларускіх і замежных медыя, была аўтаркай «Белорусского ежегодника» і іншых выданняў.

    25 сакавіка 2026 года беларускія праваабаронцы прызналі Харламаву палітычнай зняволенай.

    21 лістапада яе муж — палітычны аналітык Ігар Тышкевіч, які жыве і працуе ва Украіне, распавёў у Face­book пра акалічнасці крымінальнага пераследу жонкі.

    Паводле слоў Тышкевіча, супрацоўнікі КДБ затрымалі Вольгу Харламаву «з другой спробы» 26 чэрвеня 2025 года.

    «Праз 2 гадзіны па затрыманні яе «папрасілі» набраць мяне. Далей была амаль трохгадзінная спроба вярбоўкі і шантажу. Дзе шантажавалі «будущим вашей супруги и состоянием её мамы». Тут варта адзначыць, што маці Вольгі цяжка хворая і гэта быў адзін з асноўных «якароў» які трымаў яе ў Беларусі», — піша Тышкевіч.

    Паводле аналітыка, КДБ цікавіла інфармацыя пра беларусаў, што ваююць на баку Украіны, «але найбольш, мае кантакты ва ўкраінскай палітыцы, дзяржорганах і структурах якія сёння ёсць часткай Сіл Абароны Украіны».

    «І мой аналіз. Размова мною была запісаная і наступнай раніцы перададзеная на вывучэнне супрацоўнікам СБУ. І мая пазіцыя і пазіцыя Вольгі, якая (як прадчувала) напярэдадні ўзяла з мяне слова, што ў разе калі будзе «шантаж ёю», я на такі не паддамся», — напісаў Тышкевіч.

    Крымінальныя артыкулы ў справе Харламавай, паводле Тышкевіча, «актыўна мяняліся», яе спрабавалі «псіхалагічна ламаць»:

    «У выніку тры артыкулы абвінавачання, асноўны з якіх «здрада дзяржаве». Далей суд, які пачаўся ў жніўні і пасяджэнні працягваліся да ўчора. (…) На дадзеным этапе ёсць прысуд. І будзе працяг гісторыі», — паведаміў Ігар Тышкевіч.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.