• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: сайты Today.ua, RTVI us, Salidarnast і рубрыка спецпраектаў сайта Дekoder

    Міністэрства інфармацыі Беларусі 24 лістапада чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

    Скрыншот сайта Dekoder.org

    У пералік забароненых да распаўсюду на тэрыторыі Беларусі інтэрнэт-рэсурсаў дадалі сайт Today.ua (ідэнтыфікатар https://www.today.ua). Гэта ўкраінскі навінавы партал, які спецыялізуецца на аператыўным асвятленні падзей ва Украіне і свеце. 20 лістапада 2026 года яго прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» суд Горацкага раёна Магілёўскай вобласці.

    Той самы суд у той самы дзень прызнаў «экстрэмісцкім» кантэнт яшчэ некалькіх інтэрнэт-рэсурсаў. У тым ліку рубрыку «Спецпраекты» на сайце Дekoder (ідэнтыфікатар https://www.specials.dekoder.org).

    Гэта нямецкі медыяпраект, які распачаў працу ў 2015 годзе.

    «Мы перакладаем тэксты з рускамоўных, беларускіх і ўкраінскіх незалежных СМІ і суправаджаем іх паглыбленым навуковым каментаром. Наша мэта — даць тым, хто чытае па-нямецку і цікавіцца Усходняй Еўропай, актуальнае і непавярхоўнае ўяўленне пра грамадска-палітычную дынаміку ўнутры рэгіёна і вакол яго», — так пішуць пра сваю місію стваральнікі медыяпраекта.

    Асобная яго частка прысвечана Беларусі і падзеям пасля грамадскіх пратэстаў пасля 2020 года.

    У адпаведнасці з рашэннем таго ж суда ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў быў уключаны сайт RTVI US (ідэнтыфікатар https://www.rtvi.us). Яго змест быў прызнаны «экстрэмісцкім» таксама 20 лістапада 2026 года судом Горацкага раёна Магілёўскай вобласці.

    RTVI.US — гэта інфармацыйны партал пра падзеі ў ЗША на рускай мове, які з’яўляецца амерыканскім падраздзяленнем медыяхолдынга. Сайт арыентаваны на рускамоўную аўдыторыю, якая жыве ў ЗША або цікавіцца амерыканскай палітыкай, эканомікай і жыццём у краіне.

    Суд Горацкага раёна Магілёўскай вобласці ўбачыў «экстрэмізм» і на сайце SALIDARNAST (ідэнтыфікатар https://www.salidarnast.info). Гэты інтэрнэт-рэсурс асацыяцыі «Салідарнасць», зарэгістраванай у Нямеччыне (Брэмен) і заснаванай прафсаюзнымі лідарамі і актывістамі з Беларусі, якія былі вымушаныя пакінуць краіну пасля ліквідацыі і рэпрэсій супраць дэмакратычных прафсаюзаў. «Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» ён быў таксама прызнаны 20 лістапада 2026 года.

    Усяго ў той дзень суд Горацкага раёна Магілёўскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» 5 інтэрнэт-рэсурсаў: апрача чатырох, згаданых вышэй, яшчэ і блог у Live­Jour­nal, які не адчыняецца па спасылцы yadocent.livejoumal.com, прыведзенай на сайце Міністэрства інфармацыі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.