• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Праваабаронцы паведамляюць пра пераслед медыяспецыяліста і ЛГБТК+ актывіста Яўгена Базюка

    Супраць медыяспецыяліста і ЛГБТК+ актывіста Яўгена Базюка ў Беларусі распачалі крымінальную справу, абвясцілі ў міждзяржаўны вышук, а да яго бацькоў у Брэсце прыходзілі з вобшукам. Гэта адбылося пасля адной анлайн-лекцыі актывіста для праваабарончай ініцыятывы Heta Baza, паведамляе «Вясна».

    Пераслед медыяспецыяліста і ЛГБТК+ актывіста Яўгена Базюка

    Яўген Базюк. Фота з асабістага архіва

    Яўген Базюк родам з Брэста, пэўны час жыў у Мінску. З 2023 па 2025 год ён працаваў у незалежным медыя «ДазХiп», якое піша пра гендар і сексуальнасць, дзе займаўся стварэннем і мантажом відэакантэнту. Акрамя таго, актывіст супрацоўнічаў з шэрагам праваабарончых і ЛГБТК+ ініцыятыў: выступаў як запрошаны эксперт у «Прызматыцы», здымаў відэа для Respect-Pro­tect-Ful­fill, а таксама стварае кантэнт для сацсетак арганізацыі «Іншыя». З 2024 года жыве ў Літве.

    Паводле ПЦ «Вясна», Яўгена Базюка залічылі ва ўдзельнікі ініцыятывы Heta Baza, якую КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем». Як распавёў актывіст, яго супрацоўніцтва з гэтай арганізацыяй абмежавалася адной анлайн-лекцыяй на тэму лідарства ў ЛГБТК+ супольнасці.

    Лекцыя адбылася 24 лютага 2026 года ў межах праваабарончай праграмы ініцыятывы Heta Baza. Як сцвярджае актывіст, да і пасля гэтага ён з ініцыятывай ніяк не супрацоўнічаў.

    У пачатку красавіка 2026 года КДБ Беларусі прызнаў Heta Baza «экстрэмісцкім фармаваннем», а імя Яўгена аказалася ў спісе яго ўдзельнікаў — разам з імёнамі іншых спікераў той жа самай адукацыйнай праграмы.

    13 красавіка асабісты Insta­gram-акаўнт актывіста прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

    10 ліпеня 2026 года супрацоўнікі КДБ прыйшлі з вобшукам у дом бацькоў Яўгена ў Брэсце. Сілавікоў цікавіла праваабарончая дзейнасць сына і яго сувязі з недзяржаўнымі арганізацыямі. Пры гэтым яны не патлумачылі, у межах якой справы і па якім артыкуле яны дзейнічаюць. Супрацоўнікі КДБ папрасілі бацькоў перадаць сыну папярэджанне, каб ён «сядзеў ціха і спакойна», спыніў сваю актыўнасць, інакш яны могуць прыйсці з вобшукам зноў.

    23 кастрычніка 2026 года Яўген Базюк выявіў, што яго абвясцілі ў вышук па ініцыятыве МУС Беларусі.

    Сам актывіст звязвае цікавасць сілавікоў са сваёй публічнай асветніцкай дзейнасцю ў ЛГБТК+ сферы і працай у якасці вядучага сацсетак шэрагу арганізацый, прызнаных беларускімі ўладамі «экстрэмісцкімі».

    Па якім канкрэтна крымінальным артыкуле супраць яго распачатая справа, пакуль невядома.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.