Кіраўніца аддзела SMM Святлана Ніла сыходзіць з «Белсата»
«Мой дазор скончаны. У гэтыя дні я закрываю 17-гадовы важны этап майго жыцця і сыходжу з «Белсата», — паведаміла журналістка. Прычынай, паводле Нілы, стала выгаранне. Неўзабаве журналістка плануе развіваць відэааддзел Centrum Europy.

Святлана Ніла. Фота: з асабістага архіва
Святлана Ніла зазначае ў допісе:
«Белсат» стаў месцам спаўнення маёй мары. Я з дзяцінства марыла стаць журналістам і спяваць. Журналістам я пабыла нядоўга і ў 2012 сышла ў SMM. Там я навучылася здабываць нашу галоўную валюту — увагу. І любоў. «Прадаваць» белмоўны кантэнт беларусам, якія яшчэ не тое каб хацелі белмоўны кантэнт.
Мне падабалася наколькі розныя задачы трэба было вырашаць. Мне падабалася Місія, да якой я ставілася сур’ёзна ў справе і іранічна на словах. Мне падабаўся адрэналін на вастрыні гісторыі, праца «да апошняга чалавека на вуліцах» у 2020‑м. Хоць «траўма сведкі» пэўна і забрала некалькі гадоў жыцця ды пакінула незагойныя раны».
Святлана Ніла: «Шмат людзей сышло з прафесіі. Яны проста ратавалі сябе»
Святлана Ніла падкрэслівае: «Хочацца верыць, што мая праца дапамагла сілам дабра».
«Для мяне маім галоўным начальнікам заўсёды быў глядач і чытач. Так жа я настройвала працаваць і каманду. Спадзяюся, што па той бок экрану гэта адчувалася», — дадае яна.
У каментары БАЖ Святлана Ніла паведаміла, што прычынай сыходу з каналу, дзе адпрацавала 17 гадоў, стала «моцнае выгаранне».
«Сыходжу ў Centrum Europy, польскае медыя, што распавядае пра наш рэгіён. Буду кіраўніцай відэааддзелу, плануецца развіваць гэты сегмент у Centrum Europy», — сказала Святлана Ніла.
@bajmedia