«Чарговы крок супраць незалежнага асвятлення падзей» — дekoder адрэагаваў на прызнанне праекта «экстрэмісцкім»
Рэдакцыя дekoder´а выступіла з заявай у сувязі з прызнаннем «экстрэмісцкімі матэрыяламі» рубрыкі «Спецпраекты» на сваім сайце. Яна назвала гэтае рашэнне беларускіх уладаў часткай трансгранічных рэпрэсій, якія ўсё больш пашыраюцца.

Вокладкі спецпраектаў дekoder´а. Скрыншот: БАЖ
«Улады Беларусі зрабілі чарговы крок супраць незалежнага асвятлення падзей у краіне», — гаворыцца ў заяве дekoder´а.
«Гэтае рашэнне зноў паказвае, што беларускія чыноўнікі сочаць за працай СМІ за мяжой, імкнучыся крыміналізаваць стварэнне крытычных і непадкантрольных інфармацыйных прадуктаў», — дадаюць стваральнікі медыя.
У сваёй заяве дekoder падкрэслівае, што рэпрэсіўнае рашэнне беларускіх уладаў можа прывесці да штрафаў і арыштаў людзей у Беларусі, якія ўзаемадзейнічаюць з кантэнтам медыя. Рэдакцыя лічыць гэта дадатковым доказам таго, што «мінскі рэжым сістэматычна шукае і знаходзіць новыя спосабы абмежаваць доступ да незалежнай інфармацыі і разарваць сувязь паміж той часткай грамадства, якая па-ранейшаму жыве ў Беларусі, і незалежнай журналістыкай і свабоднай навукай за мяжой».
«Мы ў dекoder´е зробім усё, што ад нас залежыць, каб абараніць тых, хто з намі працуе», — заявілі ў рэдакцыі.
декoder — гэта нямецкі медыяпраект, які распачаў працу ў 2015 годзе. Ён мае на мэце стварыць базу ведаў пра гісторыю, палітыку і грамадства Беларусі, звязаць журналісцкую працу з навуковай экспертызай.
Прызнаныя «экстрэмісцкімі» спецпраекты дekoder´а ў 2021 годзе былі ўдастоены прэстыжнай нямецкай журналісцкай прэміі Grimme-Online-Award. Сярод іх мноства публікацый, прысвечаных менавіта Беларусі — напрыклад, праект «Гэта Беларусь, дзетка!» пра пратэсты 2020 года.
Нагадаем, У Беларусі абвінавачанні ў эксрэмізме выкарыстоўваюцца як спосаб барацьбы з крытыкай уладаў і іншадумствам.
Ад Voxeurop да Euronews: якія замежныя медыя Беларусь прызнала «экстрэмісцкімі» летам 2026 года
@bajmedia