• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Адчапіцеся ад Дашы Лосік!» Што варта пісаць пра палітвязняў, а пра што лепш памаўчаць

    «Кейс Лосікаў» зноў актуалізаваў праблему: што варта пісаць пра палітвязняў, а про што лепш памаўчаць. БАЖ паспрабаваў разабрацца, што ж рабіць незалежным медыя ў такіх выпадках.

     

    Дар’я, Ігар і Паўлінка Лосікі. Калаж «Радыё Свабода»

    Навіна пра развод Дар’і і Ігара Лосікаў падзяліла беларускую грамадскасць на два лагеры: адны лічаць, што медыя правільна зрабілі, абнародаваўшы гэтую інфармацыю, іншыя катэгарычна супраць публікацыі падобных звестак.

    Гісторыя новая, а праблема старая: як незалежныя медыі павінны асвятляць падзеі з жыцця палітвязняў? З аднаго боку, усё, што адбываецца з людзьмі ў зняволенні — праблема грамадска значная, яе ніяк нельга замоўчваць. З іншага боку, развод — справа асабістая, нават за кратамі.

    І ўвогуле, многія напісалі пра развод, а зрэшты, што пра яго вядома?

    «Каб дзіця не заставалася сіратой пры жывых бацьках»

    Валярына Кустава, ментарка і вядоўца ТV-праектаў, адрэагавала эмацыйным і рэзкім допісам на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

    «Непапулярнае меркаванне выкажу.

    Адчапіцеся ад Дашы Лосік.

    Па-першае, мяркую, яна зрабіла гэта для таго, каб дзіця не заставалася сіратой пры жывых бацьках — і яе ўсё ж выпусцілі, а не накінулі новы тэрмін. І гэта было пад ціскам. Але.

    Па-другое, гэта сто разоў яе справа, а не чыясьці яшчэ. Калі Дашы так хоць у нечым лягчэй — то і не ваша справа. Яна дакладна робіць гэта не для таго, каб нашкодзіць Ігару (нагадаю, яе пасадзілі менавіта праз тое, што гучна і смела бараніла мужа). А з іншых памкненняў і матывацый. Выйдзе (дай Бог) — раскажа (калі палічыць патрэбным).

    Па-трэцяе, ведаю шэраг жонак палітвязняў, якія б і развяліся, і адчувалі сябе крышку вальней, калі б на іх так дзіка не ціснула грамадскасць. Маўляў, што мусяць быць гераічнымі гераінямі і мужна трываць. А калі не трываецца? Гэтая маральная опцыя павінна быць у іх не таму, што яны здраджваюць ці яшчэ нешта такое. А папросту, бо яны людзі. Не горшыя і не лепшыя ад разводаў. Дзяцей яны сваіх не кідаюць. А жыць самой гадамі ці дзесяцігоддзямі — цяжка. А ў іх па вялікім рахунку святая непублічная забарона нават на тое, каб завесці раман ці закахацца. Пры тым, што гэта (муж у турме) найчасцей не было нейкім сямейным выбарам. А часта — нават наадварот, жанчыны прасілі чалавека эвакуявацца своечасова. Яны гэта не выбіралі. Гэта акурат не пра Дашу. Але гэта таксама вялікі замоўчаны боль.

    Па-чацвертае, а вы хоць ведаеце, колькі мужоў разводзіцца з палітзняволенымі жанчынамі і рэпрэсаванымі жонкамі, колькі дзяцей не глядзяць. А я вось ведаю. Шмат.

    Адчапіцеся ад Дашы.

    Даша, усё, што ты робіш, правільна.

    Галоўнае, каб тваё дзіця цябе хутчэй пабачыла, бо яму найбольш трэба твая падтрымка.

    А дарослыя мужчыны не дурні — і самі ведаюць, што абставіны бываюць вельмі рознымі.

    Але, канечне, калі хочаце падтакнуць прапагандзе — абавязкова цкуйце Дашу. І гэта будзе значыць, што прапаганда дасягнула мэты».

    Аляксандр Кабанаў: Лосіка хочуць альбо давесці да суіцыду, або давесці да вар’яцтва

    Блогер, былы палітвязень Аляксандр Кабанаў, які першым абнародаваў інфармацыю пра развод Лосікаў, сцвярджае, што меў сур’ёзныя падставы для такога кроку.

    — Інфармацыя абнародаваная таму, што гаворка ідзе пра бяспеку Ігара Лосіка, якога, па маіх звестках, хочуць альбо давесці да суіцыду, або давесці да вар’яцтва. Чаму гэтую інфармацыю неабходна было апублічыць? У калоніі разумеюць, што інфармацыя выходзіць адтуль, а значыць, можа спыніць тое бязмежжа, якое там творыцца. Прычым не толькі ў адносінах да Лосіка.

    Аляксандр Кабанаў. Фота: «Радыё Свабода»

    Аўтар youtube-канала «Народны рэпарцёр», прэс-сакратар ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, Аляксандр Кабанаў сам адседзеў тры гады зняволення па абвінавачанні ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу) і знявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (арт. 369 КК). 14 снежня 2021 года яму змянілі рэжым адбывання пакарання на строгі турэмны і 21 снежня 2021 перавялі з наваполацкай ПК‑1 (там жа адбывае тэрмін зняволення і Ігар Лосік) у магілёўскую турму № 4. Палітвязень цалкам адбыў тэрмін і 17 снежня 2022 года выйшаў на волю і з’ехаў з Беларусі.

    — Асноўны крытэр пры асвятленні кейсаў палітвязняў — бяспека і інфарматара, і самога палітвязня. Любая інфармацыя, якая не нанясе шкоду палітвязні — ні з боку «зэкаў», ні з боку адміністрацыі — павінна быць абнародаваная, — мяркуе Аляксандр Кабанаў.

    Ірына Сідорская: Пакуль муж і жонка знаходзяцца ў турме, мы не маем права іх асуджаць

    Былая загадчыца факультэта журналістыкі БДУ, медыяэкспертка Ірына Сідорская прыводзіць два аргументы супраць з’яўлення падобных публікацый.

    — Для мяне гэта дрэнны ўзор журналісцкай працы. Я маю два аргументы, чаму, з майго пункту гледжання, не трэба было пісаць пра развод Лосікаў.

    Ирина Сидорская. Фото: из личного архива

    Па-першае, я не бачу ў гэтым факце грамадскай значнасці. Безумоўна: усё, што адбываецца з палітвязнямі, трэба асвятляць і ведаць. Але ёсць нейкая асабістая інфармацыя. Мы наогул не ведаем, ці давалі Ігар Лосік і Дар’я Лосік дазвол на публікацыю гэтай інфармацыі. Хто жаніўся, хто развёўся — гэта асабістая інфармацыя, і калі журналісты пішуць пра гэта без дазволу, то гэта ўжо ёсць парушэнне.

    Другі мой аргумент — няма кантэксту ў гэтай навіне, няма бэкграўнда. Калі чалавек не вельмі арыентуецца ў тэме, то што ён можа прачытаць? Што дрэнная жонка кінула мужа ў цяжкай сітуацыі? Але ж мы нават ведаем, як за кратамі ціснуць на палітвязняў, праз што ім даводзіцца прайсці, каб проста выйсці з‑за кратаў у прызначаны тэрмін. Можа, Дар’ю Лосік запужалі, што дадуць новы тэрмін і яна не пабачыць сваё дзіця, або зробяць яе жыццё невыносным? Сама навіна без кантэксту – гэта ўжо парушэнне стандартаў журналісцкай дзейнасці. Ёсць стандарт — паўната інфармацыі, згодна з якім інфармацыя мусіць быць поўнай, а гэта значыць, мусіць быць бэкграўнд.

    Мне здаецца, пакуль абое — і муж, і жонка — знаходзяцца ў турме, мы не маем права іх абмяркоўваць, а тым больш даваць ацэнкі іхнім дзеянням.

    — Але чаму публіка так дружна ўзялася абмяркоўваць чалавечую трагедыю?

    — Магчыма, я жыву ва ўласнай інфармацыйнай бурбалцы, але абсалютная большасць маіх фрэндаў вельмі адмоўна ўспрынялі гэтую навіну, як і сам факт, што гэтая інфармацыя ўвогуле з’явілася ў публічнай прасторы. А людзей, якія б абмяркоўвалі гэтую гісторыю без кантэксту, у маім коле, дзякуй богу, зусім няма.

    На жаль, негатыўныя эмоцыі больш прыцягальныя, чым пазітыўныя: на фоне чужых праблем уласнае жыццё можа здавацца досыць добрым. Мне здаецца, гэта якраз той выпадак, калі спрацаваў агульны закон, паводле якога аўдыторыя аддае перавагу негатыўным навінам, а не пазітыўным.

    Але, паўтаруся, па-першае, незалежныя медыя не павінны парушаць таямніцу прыватнага жыцця людзей, а па-другое, даваць навіну без кантэксту. Насамрэч мы вельмі многа інфармацыі не ведаем, а ў такім выпадку як мы можам ацаніць голы факт? У палітвязняў і так вельмі цяжкае жыццё, яны не заслугоўваюць яшчэ і публічнага абмеркавання ды асуджэння.

    — На ваш погляд, якія крытэрыямі трэба кіравацца пры асвятленні праблемы палітвязняў?

    — Напэўна, у цэнтры павінен знаходзіцца грамадскі інтарэс, але тут я не бачу ніякай актуальнасці для грамадства. Давайце дачакаемся, калі выйдзе Дар’я, калі выйдзе Ігар — тады і зробім рэфлексію, патлумачым, чаму людзі прымалі такое рашэнне.

    Незалежныя медыі павінны пісаць пра ўмовы ўтрымання палітвязняў, пра тое, у якім стане яны знаходзяцца, па якіх правілах яны жывуць за кратамі — пра гэта, безумоўна, трэба пісаць. Бываюць розныя сітуацыі, але ў асвятленні гэтай гісторыі я не бачу плюсаў адназначна.

    Трагедыя Лосікаў

    Кансультанта Беларускай службы «Радыё Свабода» і адміністратара Telegram-канала«Беларусь галаўнога мозгу» Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасля вобшуку ў ягоным доме ў Баранавічах. Увечары таго ж дня стала вядома, што супраць яго завялі крымінальную справу паводле  артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх).

    Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Ігара Лосіка палітычным вязнем.

    Пасля ўтрымання цягам некалькіх дзён у ізалятары на Акрэсціна ў Мінску Ігара Лосіка змясцілі пад варту ў мінскі СІЗА № 1, пазней — у СІЗА Жодзіна. Яго пераводзілі ў розныя месцы прымусовага ўтрымання яшчэ некалькі разоў, тым часам следства звінаваціла яго яшчэ і паводле часткі 1 артыкула 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў). Пратэстуючы супраць высунутых абвінавачанняў, Ігар Лосік некалькі месяцаў трымаў галадоўку, якую на знак салідарнасці падтрымала і ягоная жонка  Дар’я Лосік.

    14 снежня 2021 года Ігар Лосік асуджаны на 15 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго вінавацяць у здзяйсненні злачынстваў паводле ч. 1 арт. 293 КК і ч. 3 арт. 130 КК.

    У красавіку 2022 года Ігар Лосік упершыню за 22 месяцы пабачыў сваю дачку.

    У чэрвені 2022 года журналіста этапавалі з СІЗА‑3 у наваполацкую ПК № 1.

    18 кастрычніка 2022 года затрымалі ягоную жонку Дар’ю Лосік, якую ў студзені 2023 года асудзілі да двух гадоў калоніі. За каментар тэлеканалу Белсат.

    На волі засталася малалетняя дачка Лосікаў — Паўліна, якой апякуюцца бацькі палітвязняў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.