Дакументальны фільм «Движ» атрымаў прыз на фестывалі ў Лодзі
Дакументальны фільм пра фанатаў Макса Каржа «Движ», які зняў беларускі рэжысёр Аляксандр Гарадко для «Белсату», атрымаў узнагароду імя Аляксандра Каміньскага на 36‑м Фестывалі медыяў «Чалавек у небяспецы».

Фільм Аляксандра Гарадка атрымаў прыз на фестывалі ў Лодзі. Фота: Януш Гаўрылюк
Фільм удзельнічаў у конкурсе, у межах якога былі паказаныя 12 найноўшых польскіх дакументальных фільмаў. Іх ацэньвала журы ў складзе Яцэка Пэтрыцкага, Рафала Лістопада, Мар’і Змарз-Качановіч, Марціна Радомскага і Эвы Пушчыньскай. Фільм расказвае пра феномен субкультуры «Движ», якая аб’ядноўвае прыхільнікаў беларускага рэпера Макса Каржа. На ягоны канцэрт у Варшаву прыехалі 70 тысяч чалавек з Украіны, Беларусі і Расеі. Іх аб’ядноўваюць дыстанцыя ад палітыкі, адмаўленне нацыянальных падзелаў і жаданне жыць момантам.
«За глыбокі партрэт маладых людзей з Украіны, Беларусі і Расеі, якія, нягледзячы на досвед вайны і дыктатуры, знаходзяць у мастацтве і музыцы прастору для дыялогу і ўзаемаразумення. За паказ сілы супольнасці, якая нараджаецца па-над палітычнымі падзеламі і заахвочвае задумацца над тым, што нас аб’ядноўвае», – гаворыцца ў абгрунтаванні журы конкурсу.
Сам аўтар стужкі так распавёў у размове з «Белсатам» пра тое, якія эмоцыі ён перажываў, знаходзячыся ў самым сэрцы руху, натхнёнага творчасцю Макса Каржа, і ці спрабаваў дзяліцца гэтымі пачуццямі з гледачом:
«Гэта хлусня, што дакументалістыка можа быць бесстаронняй і што гэта чыстая фіксацыя рэальнасці. Рэжысёр усё адно выбірае, што ён здымае і што пакідае падчас мантажу – дае сваю аўтарскую пазіцыю. І ў гэтым сэнсе «Движ» быў для мяне выключэннем – я імкнуўся да максімальнай нейтральнасці.
Менавіта таму, уласна кажучы, у фільме некалькі розных герояў, непадобных адно да аднаго, розныя галасы пакалення. Мне важна было стварыць шматгалоссе і абысціся без аўтарскай пазіцыі. Размаўляць з гледачом галасамі герояў…
Гэты фільм для мяне – спроба не выказацца, а найперш паказаць гэты велізарны рух і пласт людзей, якія зусім не навідавоку. Паказаць з’яву і не даваць уласнай ацэнкі».
«Движ» таксама ўдзельнічае ў конкурсе дакументальных фільмаў на кінафестывалі ў Шчэціне. Аўтары чакаюць адказаў яшчэ ад некалькіх фестываляў. Пасля фестывальнай гісторыі фільм змогуць пабачыць гледачы «Белсату».
«Вельмі рада першай узнагародзе «Движу»! – павіншавала аўтараў фільму галоўная рэдактарка «Белсату» Аліна Коўшык. – Мне важна, каб на «Белсаце» не толькі сачылі за падзеямі, але і знаходзілі жывыя тэмы, якія чапляюць, выклікаюць дыскусіі, прымушаюць задумацца. Мы не баімся амбітных праектаў і працуем з рэжысёрамі, якія маюць уласны погляд. «Движ» – якраз такі прыклад. На першы погляд фільм пра канцэрт Макса Каржа, а насамрэч – пра цэлае пакаленне, ягоныя супярэчнасці, пошукі свабоды і свайго месца ў свеце.
Асабліва хачу павіншаваць рэжысёра Аляксандра Гарадка і рэдактара Януша Гаўрылюка, які вельмі падтрымліваў гэты праект. Дзякуй усёй камандзе! «Белсат» – гэта месца, куды можна прыходзіць са смелымі ідэямі, спрабаваць новае і рабіць кіно, якое будзе цікавае гледачам і ў Беларусі, і за яе межамі. І я рада, што ў нас гэта атрымліваецца!»
«Я злавіў сябе на тым, што зацягвае і мяне». Як рэжысёр Аляксандр Гарадко нечакана для сябе зняў дакументалку пра фанатаў Макса Каржа
@bajmedia