• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У 2027 годзе дзяржаўныя беларускія СМІ атрымаюць з бюджэту амаль 222 мільёны рублёў

    Амаль 70 мільёнаў еўра на тры дзясяткі дзяржаўных СМІ — гэта каля 0,5% выдаткаў рэспубліканскага бюджэту. Доля пры тым штогод паступова зніжаецца, але з 2022 года на СМІ штогод выдаткоўваюць з іншых бюджэтных крыніц — і часам вельмі істотна.

    Фота: Look­By­Media

    Ва ўхваленым 17 лістапада Палатай прадстаўнікоў дзяржаўным бюджэце на 2027 год на графу «Спорт, культура і СМІ» запланавана больш 1,1 млрд рублёў.

    На дзяржаўныя СМІ з гэтай сумы прадугледжваецца 221,7 млн.

    З іх — 177,7 млн рублёў пойдуць на тэлебачанне і радыё, 7,75 млн — на друкаваныя СМІ і выдавецтвы, яшчэ 36,3 млн — «на іншыя пытанні» ў медыясферы. У параўнанні з гэтым годам у наступным фінансаванне вырасце на 12%.

    У 2026‑м на СМІ прадугледжвалася 198,1 млн рублёў (тэлебачанне і радыёвяшчанне — 164 млн, на друкаваныя СМІ і выдавецтвы — 7,41 млн, на іншыя пытанні СМІ — 26,7 млн рублёў).

    Спіс друкаваных СМІ, якім аказваецца падтрымка з дзяржаўнага бюджэту, штогод вызначае Савет міністраў. У 2026 годзе ў спіс патрапіла 21 выданне, сярод іх «Алеся», «Беларускі гістарычны часопіс», «Бярозка», «Звязда», «Знамя юности», «Літаратура і мастацтва», «Маладосць», «Мастацтва», «Народная газета», «Нёман», «Полымя», «Родная прырода», «СБ. Беларусь сегодня», «Рэспубліка».

    Артыкул расходаў «на іншыя пытанні СМІ» ў розныя гады вагаўся ад 18 да 33% ад агульнага бюджэту на медыя.

    Цяперашні бюджэт на СМІ, нягледзечы на сціплую працэнтную долю ў агульным, усё ж амаль удвая перавышае выдаткі на дзяржаўныя медыя ў гады да 2020-га. Так, у 2018‑м на дзяржаўную прэсу і эфір пайшло ўсяго толькі 48 млн еўра.

    У рэальнасці лічбы могуць быць зусім іншымі. Так, у 2025 годзе Мінінфарм атрымаў у пяць разоў больш запланаваных 21,84 млн рублёў —амаль 104,8 млн. Амаль усё пайшло на дадатковае фінансаванне дзяржаўных СМІ — 104,7 млн рублёў.

    Яшчэ ёсць мясцовыя бюджэты, рэзервовыя фонды і збор з рэкламы на карысць дзяржСМІ. Напрыклад, бюджэт Мінска ў 2026 годзе дадае 17,6 млн рублёў на дзяржаўныя медыя.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.