• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Эксперт па бяспецы раіць беларусам не карыстацца расійскай Telega

    БАЖ папрасіў эксперта па бяспецы Мікалая Кванталіані пракаментаваць рэкламу новага расійскага месенджара Tel­ega, якая назойліва круціцца ў Telegram. Спойлер: новы месенджар збірае занадта многа ўразлівай інфармацыі, якая дазваляе ідэнтыфікаваць IP-адрас і месцазнаходжанне чалавека.

    Мікалай Кванталіані раіць беларусам не карыстацца расійскай Telega

    Мікалай Кванталіані на форуме «Бяспека ва ўмовах небяспекі: як дзейнічаць журналістам і СМІ». 2 траўня 2025 года. Фота: БАЖ

    «Telegram не дае магчымасці адключыць непажаданую рэкламу»

    Зараз у сацсетках можна пабачыць допісы, у якіх беларусы абураюцца, маўляў, бачым рэкламу Tel­ega ў акаўнтах айчынных незалежных медыя. Раз’юшаныя карыстальнікі мяркуюць, што згоду на піяр сумнеўнага расійскага прадукту даюць нашыя медыйшчыкі. А як насамрэч?

    — Рэкламныя банеры ў Telegram — гэта частка манетызацыі гэтай платформы.

    І змест рэкламных блокаў можа не залежыць ад самога медыя. На жаль, сам Telegram не дае магчымасці адключыць непажаданую рэкламу. Таму інфармацыя ў гэтых банерах можа быць якой заўгодна. Напрыклад, праграма вяртання дадому, што перыядычна ўсплывае ў банерах, размешчаных у акаўнтах недзяржаўных медыяў, — кажа Мікалай Кванталіані.

    Атрымліваецца такі ланцужок: рэдакцыя ставіць рэкламны модуль, які і трапляе на вочы чытачам, аднак не ўплывае на змест таго, што з’яўляецца ў гэтых аб’яўках. І тут востра паўстае пытанне, ці існуюць механізмы блакіроўкі непажаданых, сумнеўных банераў?

    Нагадаем, што ў прыкладзе, які мы разглядаем, заказчыкам рэкламы паўстае  Tel­ega, а вось выканаўцам з’яўляецца платформа, дзе тыя абвесткі павінны ўсплыць — то бок месенджар Telegram, а не ўладальнік Telegram-канала (роўна рэдакцыя). 

    — Заказчыкі могуць таргеціраваць рэкламу, напрыклад, на рускамоўную ці беларускамоўную аўдыторыю. Так як карыстальнікі ў сваіх профілях указваюць пэўныя геаграфічныя налады і ўзрост, то яны атрымліваюць больш такой інфармацыі.

    Паказ гэтых абвестак беларускай аўдыторыі звязаны і з тым, што ў Расійскай Федэрацыі ідзе блакіроўка рэсурсаў, а беларуска-расійскі сегмент інтэрнэта з пункту гледжання рэкламадаўцы можа выглядаць аднародным, — мяркуе эксперт па бяспецы.

    Законапраект аб змяненні КаАП: пагрозы для свабоды выказвання меркавання

    Даступнасць не азначае бяспеку

    Спадар Кванталіані падкрэслівае, што новае прыкладанне, запушчанае ў 2025 годзе,  па сутнасці не адрозніваецца ад любога іншага, якое дазваляе выкарыстоўваць інфраструктуру Telegram для падключэння. Tel­ega ўвогуле працуе як кліент Telegram, таму пры рэгістрацыі ў ёй вы адначасова ствараеце ўліковы запіс Telegram (калі яго раней не было).

    — Складанасць заключаецца ў тым, што фірма-распрацоўшчыца знаходзіцца ў Расійскай Федэрацыі, — тлумачыць ён. — Адпаведна, базавая праблема — ідэнтыфікацыя карыстальнікаў, бо па змоўчанні прыкладанне збірае ID-данныя ў звязцы з нумарамі тэлефонаў.

    Гэта азначае, што калі паступіць запыт ад праваабарончых органаў даць усю інфармацыю пра карыстальніка (нават пры ўмове адсутнасці доступу да зместа), без праблем можна ідэнтыфікаваць IP-адрас і месцазнаходжанне чалавека. 

    Расійскі мэсэнджэр Telega

    Месенджар Tel­ega. Выява: Telega.me

    Эксперт па бяспецы нагадвае, што калі мы гаворым пра прыватнасць, то, безумоўна, лепш шукаць іншыя інструменты камунікацыі.

    — Просты прыклад, вам трэба перадаць таемны пароль, як вы гэта зробіце? На жаль, мы фактычна не маем кантролю над Tel­ega. Патэнцыйна ў любое новае абнаўленне можна дадаць спосаб збіраць яшчэ больш інфармацыі пра карыстальніка, а мы пра гэта нават не даведаемся.

    Мікалай Кванталіані паспрабаваў знайсці «плюсы» новага месенджара. Адшукаўся толькі адзін — даступнасць рэкламаванай Tel­ega падчас блакіровак:

    — Калі ў Расіі адбываюцца блакіроўкі сэрвісаў, людзі маюць магчымасць камунікаваць. Умоўна кажучы, ты не робіш званок па тэлефоне, а праз месенджар. З іншага боку, існуюць месенджары, якія не блакуюцца ў Расійскай Федэрацыі. У цяперашняй сітуацыі карыстальнікам трэба выбіраць паміж даступнасцю і бяспекай.

    Сярод беларусаў набірае папулярнасць расійскі месенджар Мах. Што гэта такое, чым ён небяспечны і чым яго замяніць

    А вось «мінусаў» назбіралася значна больш. Па-першае, гэта вельмі малая колькасць карыстальнікаў — да 100 тысяч чалавек.

    — Ёсць патэнцыйная пагроза, што ў выпадку знаходжання нейкіх уразлівасцей у сэрвісе з пункту гледжання бяспекі, мы пра гэта даведаемся не так хутка, як хацелася б. Сэрвіс дэкларуе, што ён выкарыстоўвае структуру без доступу да зместу, але збіраецца вялікая колькасць метададзеных: Telegram ID карыстальніка, нумар тэлефона, IP-адрас, што дазваляе самому сэрвісу ідэнтыфікаваць карыстальніка.

    Таму базавая рэкамендацыя беларусам — не карыстацца Tel­ega, — кажа спадар Кванталіані. 

    Па-другое, новы месенджар не дазваляе вам званіць па-за Tel­ega, таму ўся камунікацыя праходзіць толькі праз гэты сэрвіс. 

    — Гэта змушае людзей спампоўваць яго, а не Telegram, — распавядае суразмоўца. — Пры ўсім спрэчным стаўленні да прадукту Дурава, мы не маем пацверджання, што месенджар Telegram выдаваў інфармацыю пра змест камунікацыі. Калі выбіраць паміж Tel­ega і Telegram, то апошняму спецыялісты давяраюць больш.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.