Вы з’ехалі ад КДБ, але ваш тэлефон — не. Як журналісту ў Еўропе не выдаць сябе і сваю крыніцу. Практычны гайд
Журналіст пераехаў у Еўрасаюз, завёў мясцовую сім-карту і размаўляе з крыніцамі праз Signal. Ці азначае гэта, што КДБ іх больш не ўбачыць? Сабралі галоўныя парады з міжнароднага журналісцкага форуму Breakwater Festival у Гданьску — з рэальнымі кейсамі, карыснымі інструментамі і тлумачэннем, дзе заканчваецца бяспека Signal.

Ян Цыбулка і Зузана Шотава падчас міжнароднага журналісцкага форуму Breakwater Festival у Гданьску. Верасень, 2026. фота: аўтаркі
Пераезд беларускага журналіста ў ЕС змяншае для яго рызыкі. Але яго крыніца можа па-ранейшаму жыць у краіне, дзе аднаго выяўленага кантакту з незалежным медыя дастаткова для крымінальнай справы. Таму абараняць трэба і змест гутаркі, і сам факт, што яна адбылася.
Нават калі размова зашыфраваная, тэлефон працягвае пакідаць сляды: дзе вы былі, калі выйшлі на сувязь і як часта кантактавалі з пэўным чалавекам.
Суддзю знайшлі без праслухоўвання
Былы чэшскі суддзя Каміл Кыдалка любіць матацыклы, рок-музыку і фарбуе пазногці ў чорны і белы колеры. Цяпер яго абвінавачваюць у тым, што ён перадаў журналістам судовае рашэнне па справе Андрэя Бабіша. Следчыя ўзялі гісторыю камунікацыі журналіста за папярэднія месяцы і паглядзелі, з кім ён звязваўся перад выхадам матэрыялу. Дэталізацыю званкоў і электроннай пошты супаставілі з журналамі судовай інфармацыйнай сістэмы, адкуль быў спампаваны дакумент.
Журналіст і суддзя карысталіся асабістай поштай і тэлефанавалі па звычайнай мабільнай сувязі.
«Паліцыя не мела праслухоўвання ці фізічных доказаў. Асноўным доказам сталі метададзеныя», — расказаў на Breakwater Festival дата-журналіст чэшскага грамадскага радыё iROZHLAS Ян Цыбулка.
Пазней суд можа прызнаць атрыманне гэтых звестак незаконным. Суддзя можа атрымаць кампенсацыю, журналіст — выйграць працэс. Але галоўнае ўжо адбылося.
«Крыніца раскрытая», — заўважыла рэдактарка-расследавальніца Investigace.cz Зузана Шотава.
Гэтая гісторыя датычыць і беларускіх журналістаў у выгнанні. Рэпарцёр можа знаходзіцца ў Вільні, Варшаве або Празе, дзе яму не пагражае ранішні візіт ГУБАЗіК. Яго крыніца застаецца ў Беларусі — і адзін няправільны кантакт можа каштаваць ёй працы або свабоды.
Што зрабіць сёння
Калі няма часу вывучаць увесь гайд, пачніце з сямі дзеянняў:
- Абнавіце сістэму і праграмы на тэлефоне і камп’ютары.
- Пастаўце доўгі код доступу замест чатырохзначнага PIN.
- Уключыце двухфактарную аўтэнтыфікацыю на пошце, у Apple- або Google-акаўнце.
- Завядзіце Signal-юзернэйм і давайце крыніцам яго замест звычайнага нумара.
- Праверце, якія кантакты, фота, нататкі і рэзервовыя копіі трапляюць у воблака. Выключыце непатрэбную сінхранізацыю кантактаў і фота.
- Выдаліце з тэлефона тое, што вам не патрэбна ў штодзённай працы.
- Захавайце кантакт Digital Security Helpline ад Access Now на іншай прыладзе або на паперы.
- Google/Apple: праверце актыўныя сесіі і падключаныя прылады.
- Android: адключыце 2G, калі мадэль і версія сістэмы гэта дазваляюць.
Гэтыя крокі не зробяць чалавека нябачным, але істотна зменшаць колькасць інфармацыі, якую атрымае нападнік.
А цяпер больш падрабязна.
Беражыце першы кантакт
Адзін з самых небяспечных момантаў — першае паведамленне або званок вашай крыніцы.
Чалавек тэлефануе вам са сваёй беларускай сім-карты і кажа: «Я магу вам нешта расказаць». Журналіст прапануе працягнуць у Signal. Далейшая размова ўжо зашыфраваная, аднак першы званок застаўся ў гісторыі мабільнага аператара.
Праз некалькі месяцаў следчыя могуць убачыць: супрацоўнік дзяржаўнага прадпрыемства званіў за мяжу ці канкрэтна на ваш нумар, а праз тыдзень выйшла расследаванне пра гэтае прадпрыемства.
Цыбулка раіць прадумаць бяспечны канал камунікацыі з вамі і рэдакцыяй. Напрыклад, публікаваць Signal-юзернэйм і кароткую інструкцыю для бяспечнага кантакту. Юзернэйм нельга выпадкова набраць як звычайны нумар.
Інструкцыя павінна быць зразумелай чалавеку без тэхнічных ведаў. Калі крыніцы прапануюць спампаваць Tor, усталяваць невядомую праграму і выканаць дзесяць пунктаў, яна можа памыліцца ў працэсе ці наогул адмовіцца ад кантакту з вамі.
«Трэба зрабіць усё настолькі проста, каб чалавек фізічна не мог памыліцца», — кажа Шотава.

Ян Цыбулка і Зузана Шотава падчас міжнароднага журналісцкага форуму Breakwater Festival у Гданьску. Верасень, 2026. фота: аўтаркі
Не пачынайце адразу абмяркоўваць дакументы, імёны і абставіны. Дайце чалавеку свой Signal-юзернэйм і растлумачце, што першы кантакт ужо мог пакінуць след.
Пасля пераходу ў Signal разам ацаніце:
- ці бяспечна працягваць размову з гэтага тэлефона (калі тэлефон, напрыклад, пабываў у сілавікоў, то ён можа быць небяспечным);
- хто мае да яе фізічны доступ;
- ці можна звязаць акаўнт з сапраўдным імем;
- што рабіць, калі крыніца раптоўна перастане адказваць;
- праз які канал можна бяспечна аднавіць сувязь.
Прагаварыце з крыніцай усе правілы бяспечнай камунікацыі, пастаўце аўтаматычнае выдаленне паведамленняў. Не збірайце асабістыя звесткі «на ўсялякі выпадак». Інфармацыя, якой няма ў журналіста, не можа быць скрадзеная з яго тэлефона.
Карыстайцеся Signal, разумеючы яго межы
Signal шыфруе паведамленні і званкі так, што іх не можа прачытаць нават сам сэрвіс. У адказах на судовыя патрабаванні кампанія магла паведаміць толькі час рэгістрацыі акаўнта і дату апошняга падключэння. Яна не мела доступу да паведамленняў, кантактаў, спісу размоў і груп карыстальніка.
Аператар мабільнай сувязі пры гэтым бачыць, што тэлефон знаходзіцца ў сетцы і падключаецца да канкрэтных вышак. Інтэрнэт-правайдар можа зафіксаваць злучэнне з серверамі Signal, хоць не ведае, з кім і пра што размаўляе чалавек.
Калі ў тэлефон ужо пранікла шпіёнская праграма, яна здольная прачытаць паведамленне непасрэдна на экране пасля расшыфроўкі.
Signal добра абараняе змест падчас перадачы. Астатнія рызыкі застаюцца: заражаная або канфіскаваная прылада, небяспечная воблачная копія, гісторыя перамяшчэнняў і сляды першага кантакту.
Наладзьце ў Signal:
- юзернэйм і абмежаванне бачнасці нумара;
- знікаючыя паведамленні для адчувальных размоў;
- блакаванне праграмы;
- PIN для дадатковай абароны акаўнта;
- праверку нумара бяспекі суразмоўцы, калі ёсць рызыка падмены.
Signal: Налады → Прыватнасць → Знікаючыя паведамленні; заблакаваць рэгістрацыю PIN-кодам; схаваць нумар і выкарыстоўваць юзернэйм.
Знікаючыя паведамленні не ратуюць ад скрыншотаў, фота экрана і заражанага тэлефона. Яны проста змяншаюць колькасць старой перапіскі, якая захоўваецца на прыладах.
Ведайце, што бачыць мабільная сетка
Метададзеныя — гэта інфармацыя вакол размовы:
- хто з кім звязваўся;
- час і частата кантактаў;
- працягласць званка;
- факт адпраўкі SMS;
- IP-адрас;
- ідэнтыфікатары сім-карты і тэлефона;
- прыкладнае месцазнаходжанне.
Тэлефон рэгулярна падключаецца да сотавых вышак. Па гэтых звестках можна вызначыць, хто знаходзіўся каля пэўнага будынка, якія людзі рэгулярна сустракаюцца і чые маршруты супадаюць.
Уявім, што журналіст прыехаў у Варшаву на сустрэчу з беларускім дыпламатам. Абодва паклалі тэлефоны ў кішэні і дзве гадзіны размаўлялі ў кавярні. Запісу размовы няма, але гісторыя падключэнняў паказвае, што дзве прылады адначасова апынуліся ў адным месцы. Калі такая сустрэча паўтарылася некалькі разоў, супадзенне перастае выглядаць выпадковым.
Суд ЕС неаднаразова абмяжоўваў усеагульнае і невыбіральнае захоўванне трафіку і геалакацыі. Пры гэтым ён дапускае мэтавае захоўванне, тэрміновае замарожванне ўжо наяўных даных і, пры пэўных умовах, захаванне IP-адрасоў і звестак пра абанентаў. Таму тэрміны, аб’ём інфармацыі і парадак доступу адрозніваюцца паміж краінамі.
Як журналісту не згарэць ад навін, працы і жыцця ў эміграцыі: чэк-ліст ад БАЖ
У Еўропе тэлефон таксама могуць праслухоўваць
Пераезд у Еўрасаюз дае значна больш прававой абароны. Тэхнічна сачэнне за тэлефонам застаецца магчымым. Ёсць тры асноўныя механізмы.
Захаванне метададзеных. Аператар назапашвае інфармацыю пра званкі, SMS, IP-адрасы і падключэнні да вышак. Пазней следчыя могуць аднавіць мінулую актыўнасць чалавека.
Перахоп у рэальным часе. Падчас крымінальнага расследавання паліцыя можа атрымаць дазвол на праслухоўванне звычайных тэлефонных размоў, чытанне SMS або назіранне за пэўным нумарам. Парадак вызначае заканадаўства канкрэтнай краіны. Звычайна патрабуюцца сур’ёзныя падставы і санкцыя суда або іншага незалежнага органа.
Сачэнне спецслужбаў у інтарэсах нацыянальнай бяспекі. Гэта самая закрытая частка сістэмы. Паўнамоцтвы і кантроль у краінах ЕС адрозніваюцца. Спецслужбы могуць выкарыстоўваць інфармацыю аператараў, перахоп сувязі і аналіз вялікіх масіваў трафіку ў межах нацыянальнага заканадаўства.
Еўрапейскі акт аб свабодзе медыя забараняе сачыць за журналістам, праводзіць ператрус або ўсталёўваць шпіёнскае ПЗ дзеля раскрыцця крыніцы. Выключэнні магчымыя ў канкрэтных справах і павінны мець прававую падставу, важную грамадскую мэту, незалежную санкцыю і быць прапарцыйнымі. Для выкарыстання шпіёнскага ПЗ вызначаныя яшчэ больш строгія ўмовы, звязаныя з расследаваннем цяжкіх злачынстваў.
Прафесійная таямніца не стварае вакол смартфона тэхнічны купал. Журналіст можа выпадкова трапіць у матэрыялы назірання, калі сілавікі сочаць за іншым чалавекам, які аказаўся яго крыніцай.
Беларускія і расійскія спецслужбы не маюць прамога законнага доступу да баз еўрапейскіх аператараў. Афіцыйны запыт павінен прайсці прававую працэдуру і праверку еўрапейскага боку. У выпадку палітычнага пераследу такая перадача супярэчыла б фундаментальным гарантыям.
Больш рэалістычныя шляхі — узламаць тэлефон, атрымаць доступ да воблачнага акаўнта, заразіць прыладу крыніцы ў Беларусі, выкарыстаць уцечку або выманіць пароль.
Таму карэктная формула гучыць так: у Еўропе сачэнне таксама магчымае, але яно павінна мець прававую падставу і праходзіць незалежны кантроль. Гэтыя гарантыі не адмяняюць патрэбы самастойна абараняць крыніцу.
Не спадзявайцеся на «ананімную» сім-карту
Танны тэлефон і новая сім-карта выглядаюць як надзейны спосаб знікнуць з радараў. Але ваша ананімнасць можа скончыцца ў першую ж ноч.
Вы прыносіце апарат дадому. Побач ляжыць асабісты смартфон. Абодва гадзінамі падключаюцца да адных вышак. Раніцай вы бераце іх на працу — маршруты зноў супадаюць.
Праз некалькі дзён становіцца зразумела, што дзве прылады належаць аднаму чалавеку.
Мабільная сетка бачыць і IMEI — ідэнтыфікатар самога апарата. Калі ўставіць новую сім-карту ў стары тэлефон, звязаць іх будзе лёгка.
«Ананімная сім-карта — гэта плацэба», — падсумаваў Цыбулка.
Асобны тэлефон працуе толькі тады, калі ён сапраўды жыве асобным жыццём. У яго не варта ўстаўляць асабістую сім-карту, уваходзіць праз звычайны Google- ці Apple-акаўнт, пераносіць сваю адрасную кнігу і насіць паўсюль побач з асноўным смартфонам.
Другі апарат мае сэнс па іншай прычыне: ён памяншае шкоду пры ўзломе, страце або канфіскацыі.
Калі ў працоўным тэлефоне няма сямейных фота, банкаўскіх праграм, асабістай пошты, перапіскі з сябрамі і кантактаў за апошнія дзесяць гадоў, нападнік атрымае значна менш інфармацыі.
Threads стаў небяспечным для скаргаў на жыццё ў Беларусі. Як не трапіцца сілавікам?
На такой прыладзе варта пакінуць толькі патрэбныя для працы праграмы і кантакты. Яшчэ лепей — не захоўваць крыніцу пад імем, пасадай і назвай установы. Запіс «Іван — МУС — сакрэтная крыніца» не пакідае следчаму складанай загадкі.
Асобны тэлефон асабліва карысны:
- для працы над адчувальным расследаваннем;
- у паездках у краіны з падвышанай рызыкай;
- на мяжы;
- падчас сустрэч, дзе магчымая канфіскацыя;
- для адкрыцця падазроных спасылак.
Камітэт абароны журналістаў раіць для працы з варожымі або патэнцыйна небяспечнымі суразмоўцамі выкарыстоўваць асобны тэлефон, сім-карту ці віртуальны нумар.
Праверце воблака і іншыя прылады
Нават калі перапіска абароненая, імя крыніцы можа захоўвацца ў кантактах і аўтаматычна сінхранізавацца з Google або iCloud. Там жа могуць апынуцца фота, нататкі, каляндар, рэзервовыя копіі і гісторыя месцазнаходжанняў.
Крыніца можа выдаліць паведамленне ў мэсэнджары, але застацца:
- у запісной кніжцы;
- у гісторыі выклікаў;
- у календары пад назвай сустрэчы;
- у подпісе да файла;
- на фота з геалакацыяй;
- у аўтаматычнай рэзервовай копіі;
- на другой прыладзе з тым жа акаўнтам.
Перад адчувальнай працай варта праверыць, якія праграмы маюць доступ да кантактаў, фота, мікрафона, камеры і геалакацыі. Непатрэбную сінхранізацыю лепей адключыць. Для iCloud ёсць Advanced Data Protection – пашыраная абарона, якая выкарыстоўвае скразное шыфраванне для большай колькасці катэгорый даных.
Асобна праверце старыя ноўтбукі і планшэты. Добра абаронены новы тэлефон не дапаможа, калі ўся перапіска адкрываецца на планшэце, які ляжыць без пароля.
Фота і дакументы таксама могуць выдаць крыніцу. У файле часам захоўваюцца імя аўтара, назва арганізацыі, час стварэння, мадэль прылады і гісторыя рэдагавання. Фота можа ўтрымліваць геалакацыю, а скрыншот – імя акаўнта, час, мову сістэмы і іншыя дэталі.
Перад публікацыяй або перадачай файла праверце яго метададзеныя. Арыгінал захавайце асобна, калі ён можа спатрэбіцца для пацвярджэння сапраўднасці.
Хутка разраджаецца батарэя — гэта яшчэ не Pegasus
Батарэя хутка разраджаецца, корпус награваецца, падчас размовы чуваць трэск. Усё гэта часта называюць прыкметамі ўзлому. Але тыя ж сімптомы ўзнікаюць праз старую батарэю, дрэнную сувязь, абнаўленне сістэмы або праграму з памылкай. Сучаснае шпіёнскае ПЗ ствараецца так, каб не выдаваць сябе.
Больш сур’ёзныя сігналы:
- папярэджанне Apple або іншага тэхналагічнага сэрвісу пра мэтанакіраваную атаку;
- падазроная спасылка ў паведамленні ці лісце;
- паведамленне ад невядомага чалавека з прапановай дакументаў;
- уцечка інфармацыі, якая захоўвалася толькі на тэлефоне;
- паведамленні, адпраўленыя ад вашага імя;
- знаходжанне разблакаванай прылады ў чужых руках.

Журналіст-расследавальнік BIRN Serbia Алекса Тэшыч падчас міжнароднага журналісцкага форуму Breakwater Festival у Гданьску. Верасень, 2026. фота: аўтаркі
Алекса Тэшыч, журналіст-расследавальнік BIRN Serbia, расказваў пра калег, якія атрымалі ў Signal аднолькавыя паведамленні: «У мяне ёсць інфармацыя. Як думаеце, гэта важна?» Спасылка капіявала старонку вядомага сербскага медыя. Праверка паказала, што яна была звязаная са шпіёнскай атакай. Самая небяспечная прынада для журналіста часта выглядае як эксклюзіў.
Pegasus і падобныя сістэмы могуць выкарыстоўваць zero-click атакі, калі чалавеку не трэба адкрываць спасылку ці файл. Таму аргумент «я нічога не націскаў» не выключае заражэння.
Правярайце папярэджанні і тэлефон правільна
Apple дасылае спецыяльныя папярэджанні людзям, якіх маглі мэтанакіравана атакаваць камерцыйным шпіёнскім ПЗ. Кампанія лічыць такія паведамленні сігналамі высокай надзейнасці і раіць успрымаць іх сур’ёзна.
Аднак ліст ад Apple можна падрабіць. Сапраўднае папярэджанне не патрабуе адкрыць укладанне, паведаміць пароль або перадаць код.
Праверыць яго можна так:
- Не націскайце спасылкі ў лісце.
- Самастойна адкрыйце account.apple.com.
- Увайдзіце ў акаўнт.
- Калі папярэджанне сапраўднае, яно будзе паказана ўверсе старонкі.
Для тэхнічнай праверкі Алекса Тэшыч раіў Mobile Verification Toolkit — адкрыты інструмент, створаны Amnesty International Security Lab. MVT аналізуе рэзервовыя копіі і сістэмныя журналы, шукае вядомыя сляды заражэння і параўноўвае іх з індыкатарамі кампраметацыі.
Аднак для карэктнага выкарыстання MVT патрэбныя тэхнічныя веды. Асабліва складаная экспертыза Android: гэтая сістэма пакідае менш даступных слядоў, таму адсутнасць знаходак не гарантуе, што атакі не было.
Асцярожна трэба ставіцца і да камерцыйных праграм, якія за некалькі хвілін выдаюць паведамленне «Ваш тэлефон чысты». Звычайна гэта азначае толькі, што праграма не знайшла нічога са свайго абмежаванага спісу вядомых пагроз.
Журналісты, актывісты і праваабаронцы могуць бясплатна звярнуцца ў Digital Security Helpline арганізацыі Access Now. Яна працуе кругласутачна і дапамагае ацаніць пагрозу, праверыць прыладу і спланаваць далейшыя дзеянні.
Пры падазрэнні на ўзлом не пачынайце са скіду
Першае жаданне — выдаліць усё і вярнуць тэлефон да заводскіх налад. Разам са шпіёнскай праграмай могуць знікнуць доказы атакі.
Калі няма непасрэднай пагрозы жыццю:
- Перастаць абмяркоўваць з гэтай прылады адчувальныя тэмы.
- Не пішыце з гэтай прылады: «Мяне, здаецца, узламалі».
- Звяжыцеся з рэдактарам або спецыялістам з іншай надзейнай прылады.
- Не выдаляйце падазроныя паведамленні і спасылкі.
- Зафіксуйце час і абставіны іх атрымання.
- Зрабіце крыміналістычную копію пад кіраўніцтвам спецыяліста.
- Вызначце, якія крыніцы маглі трапіць пад пагрозу.
Калі небяспека непасрэдная, галоўнае — людзі. Спыніце кантакт праз скампраметаваны канал і папярэдзьце крыніцу загадзя ўзгодненым спосабам.
Пасля таго як разблакаваны тэлефон пабыў у руках сілавікоў або невядомых людзей, не працягвайце адчувальную працу як звычайна. Лічыце прыладу патэнцыйна скампраметаванай, пакуль спецыяліст не ацэніць сітуацыю.
Перазагружайце тэлефон, але не лічыце гэта лячэннем
Некаторыя версіі мабільнага шпіёнскага ПЗ не перажываюць поўнага выключэння і ўключэння. Перазагрузка абрывае іх працу і прымушае нападніка заражаць прыладу зноў. Таму рэгулярная перазагрузка мае сэнс і ўваходзіць у рэкамендацыі Камітэта абароны журналістаў. Праўда, яна не вяртае скрадзеныя даныя, не выдаляе ўсе віды шпіёнскага ПЗ і не перашкаджае паўторнай атацы.
Карысная камбінацыя выглядае так: рэгулярная перазагрузка, свежыя абнаўленні, мінімум непатрэбных праграм і хуткая рэакцыя на падазроныя паведамленні.

Даследчыкі лічбавых пагроз. Вядучыя праваабарончыя арганізацыі і аналітычныя цэнтры, чыя дзейнасць сфакусаваная на выяўленні шпіёнскага софту і абароне канфідэнцыйнасці карыстальнікаў мабільных прылад
Уключыце рэжым ізаляцыі, калі ваша праца сапраўды рызыкоўная
На iPhone, iPad і Mac ёсць Lockdown Mode — рэжым для людзей, якія могуць стаць мішэнню дарагой мэтанакіраванай атакі.
Ён абмяжоўвае небяспечныя ўкладанні, папярэдні прагляд спасылак, некаторыя складаныя вэб-тэхналогіі і падключэнні да прылады. На новых версіях сістэмы таксама адключаецца падтрымка старых сетак 2G і 3G. Частка сайтаў і функцый можа працаваць горш — гэта плата за памяншэнне колькасці шляхоў для атакі.
Уключыць яго можна праз: Налады → Прыватнасць і бяспека → Lockdown Mode.
Apple раіць спачатку абнавіць усе прылады, а затым актываваць рэжым на кожнай з іх. Калі ўключыць яго толькі на тэлефоне, але пакінуць уразлівым Mac з тым жа Apple-акаўнтам, абарона будзе няпоўнай.
Для большасці людзей Lockdown Mode не патрэбны. Але ён можа быць апраўданы, калі журналіст працуе з крыніцамі ў Беларусі, вайной, карупцыяй высокапастаўленых чыноўнікаў або крыніцамі, выкрыццё якіх пагражае ім турмой.
Тры ўзроўні абароны
Не кожнаму журналісту патрэбны асобны тэлефон і Lockdown Mode. Меры павінны адпавядаць рэальнай пагрозе.
Базавы ўзровень – для ўсіх журналістаў:
- абноўленая сістэма;
- доўгі пароль доступу;
- двухфактарная аўтэнтыфікацыя;
- Signal для адчувальных размоў;
- юзернэйм замест публічнага нумара;
- праверка воблачнай сінхранізацыі;
- мінімум старой перапіскі і непатрэбных даных.
Павышаны ўзровень — для адчувальных тэм
Ён патрэбны для працы з крыніцамі ў Беларусі, у справах, за якія пагражае крымінальны пераслед.
Дадайце:
- асобную працоўную прыладу;
- мінімальную адрасную кнігу;
- Lockdown Mode;
- загадзя ўзгоднены рэзервовы канал;
- асобнае бяспечнае сховішча для дакументаў;
- сустрэчы без тэлефонаў, калі важна схаваць сам факт кантакту;
- праверку файлаў і фота перад публікацыяй.
Крытычны ўзровень — калі атака ўжо магчымая:
- спыніце працу з падазронай прылады;
- перайдзіце на загадзя ўзгоднены і падрыхтаваны канал;
- не скідайце тэлефон да завадскіх наладак да кансультацыі;
- захавайце доказы атакі;
- звярніцеся да спецыяліста па бяспецы;
- ацаніце небяспеку для сваіх крыніц;
- падрыхтуйце план на выпадак затрымання, ператрусу або страты сувязі.

Журналіст-расследавальнік BIRN Serbia Алекса Тэшыч падчас міжнароднага журналісцкага форуму Breakwater Festival у Гданьску. Верасень, 2026. фота: аўтаркі
Ваша крыніца едзе за мяжу
Перад перасячэннем мяжы крыніца павінна:
- прыбраць перапіску, якая можа быць небяспечнай;
- выйсці з лішніх акаўнтаў;
- праверыць спампаваныя файлы і тэчку з фота;
- адключыць паказ зместу паведамленняў на заблакаваным экране;
- запісаць важныя кантакты асобна;
- паведаміць надзейным людзям маршрут і час выхаду на сувязь;
- падумаць, ці можна пакінуць асноўны тэлефон дома.
Біяметрыя зручная ў паўсядзённым жыцці. Пры рызыцы прымусовага разблакавання надзейней доўгі код. На iPhone біяметрыю можна хутка часова адключыць, заціснуўшы бакавую кнопку разам з адной з кнопак гучнасці да з’яўлення экрана экстраннага выкліку. Пасля гэтага для ўваходу спатрэбіцца код.
Бяспека павінна быць выканальнай
Немагчыма працаваць, калі кожную размову праводзіць з аднаразовага тэлефона ў лесе, а пасля спальваць сім-карту. Можна купіць тры тэлефоны, усталяваць пяць мэсэнджараў і скласці інструкцыю на дваццаць старонак. Калі журналіст і крыніца не могуць выконваць яе штодня, сістэма разваліцца ў самы важны момант.
Перад пачаткам гісторыі варта адказаць на чатыры пытанні:
- Каго мы абараняем? Журналіста ў Вільні ці крыніцу ў Беларусі?
- Ад каго? Ад махляра, беларускай міліцыі або спецслужбы з дарагім шпіёнскім ПЗ?
- Што здарыцца пры правале? Непрыемная размова, страта працы, крымінальная справа ці пагроза жыццю?
- Якія меры чалавек сапраўды зможа выконваць?
Для адной гісторыі будзе дастаткова Signal, абноўленага тэлефона і асцярожнага першага кантакту. Для другой спатрэбяцца асобная прылада, адключаная сінхранізацыя, сустрэчы без смартфонаў і кансультацыя спецыяліста.
@bajmedia