• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    OSINT: асаблівасці беларускай выведкі паводле адкрытых крыніцаў

    Для тых, хто мроіць пра фігуры найвышэйшага расследвальніцкага пілатажу, але не ведае, з чаго пачынаць і якімі інструментамі карыстацца, БАЖ арганізаваў варкшоп «Асаблівасці беларускага OSINT». Сваім досведам і прыёмамі працы з інструментамі OSINT  з удзельнікамі падзяліўся журналіст-расследвальнік Андрэй Шаўлюга.

    Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Lara Jame­son для Pexels.com

    OSINT (Open-Source Intel­li­gence — «выведка паводле адкрытых крыніцаў») — гэта здабыццё, аналіз, супастаўленне і праверка звестак, дакументаў і сведчанняў з агульнадасяжных крыніцаў для таго, каб вырашыць расследвальніцкую задачу.

    З чаго пачынаць?

    1. З маральнай падрыхтоўкі да беларускай спецыфікі. Галавакружныя аб’ёмы назапашанай big data і статыстыкі, шчодра раскіданай па шматлікіх сусветных агрэгатарах інфармацыі, якімі карыстаюцца замежныя расследвальнікі — хутчэй за ўсё не ваш інструмент. Паглядзіце, напрыклад, на мапу пакрыцця Еўропы сервісам Google Street View (папулярны інструмент, частка Google Maps, з панарамнымі фотаздымкамі вуліц і дарог).

    Скрыншот з sv-map.netlify.app

    Вось і з беларускімі данымі сітуацыя прыкладна такая самая. Некаторыя дзяржаўныя даныя і статыстыка, нават зусім на першы погляд бязвінныя, закрытыя. Некаторыя відавочна скажоныя і няпоўныя. А працаваць з усім гэтым давядзецца з‑за мяжы без магчымасці праверкі на месцы.

    І сітуацыя не стаіць на месцы, а штодня пагаршаецца. Крыніцы інфармацыі знікаюць. Карысныя сайты ўсё часцей не даюць доступ для замежных IP. Чыноўнікі і кіраўнікі прадпрыемстваў усё радзей ідуць на кантакт, асабліва калі тэлефанаваць з‑за мяжы — давядзецца выдумляць легенду і дапасоўваць яе да этычных стандартаў працы. Патэнцыйных рэспандэнтаў будзе адпалохваць экстрэмісцкі статус (хутчэй за ўсё вашая рэдакцыя ім надзеленая), а выказванні беларусаў у сацсетках тым стэрыльнейшыя, чым больш вострая тэма.

    Праз такую нішчымніцу вышукваць інфармацыю давядзецца нават у сюжэтах дзяржаўнай прапаганды. З дзяжурных справаздачаў пра паходы школьнікаў на экскурсіі ў вайсковыя часці часам можна здабыць у разы болей інфармацыі, чым параўноўваючы матэрыялы з сайтаў профільных і сумежных міністэрстваў і ведамстваў.

    2. Завядзіце звычку рабіць фактчэкінг. Навязлівая праверка фактаў мусіць зрабіцца трывалай рысай вашага характару і сваім маштабам засланяць нават апантанасць пошукам звестак. Кожны факт, дакумент, фота- і відэаматэрыял мусяць быць правераныя на праўдзівасць. Пераход да кожнага новага этапу расследавання мусіць суправаджацца пераправеркай зробленага папярэдне. Пераправерцы падлягаюць нават вашы трывалыя фонавыя веды, якімі вы не задумваючыся доўгія гады аперуеце ў паўсядзённым жыцці.

    Правярайце звесткі нават калі давяраеце крыніцы. Высвятляйце, адкуль крыніца інфармацыю ведае і чаму ёй дзеліцца. Не паддавайцеся спакусе выдаць нават самую пераканаўчую гіпотэзу за факт і сумнявайцеся ва ўласных высновах.

    Памятайце, што апублічаны непраўдзівы факт, хай сабе і зусім дробны на фоне маштабу ўсяго расследавання, катастрафічна адаб’ецца як на даверы грамадства да вынікаў, гэтак і на рэпутацыі расследвальнікаў.

    3. Засвойце інструменты верыфікацыі фотаздымкаў і пошук па фота. Правярайце фотаздымкі на арыгінальнасць. Дашуквайцеся, хто ёсць першакрыніцай фота, дзе і калі, а галоўнае — навошта яно было знята і навошта ім падзяліліся.

    Шукайце на фота сляды AI-генерацыі. Уважліва вывучайце дэталі на фотаздымках, звяртайце ўвагу на дзіўныя літары і словы, скажэнні перспектывы, ненатуральную фізіку і геаметрыю аб’ектаў на выявах. Часам паведамленне пра тое, што выява згенераваная, забываюцца прыбраць з сігнатураў у інтэрнэт-спасылцы або з метаданых.

    4. Завядзіце звычку архіваваць інфармацыю. Захоўваць усе, што падаецца вартым увагі для расследавання. Як з дапамогай адмысловых сервісаў —archive.org, archive.today, — гэтак і лакальна. Тамсама, дарэчы, можна паглядзець, як выглядалі папярэднія версіі сайтаў. Рабіце скрыншоты. Здаралася, што на спадарожнікавай мапе на месцы вайсковай часці за ноч вырастаў непралазны лес.

    5. Дакладна сфармулюйце задачу расследавання. Добрае расследаванне — гэта ў першую чаргу навіна, то-бок паўнавартасная гісторыя на вузкую, грамадска значную тэму, якая ўтрымлівае ўнікальную інфармацыю, на падставе якой зроблена абгрунтаваная выснова.

    Вынікам вашай працы мусіць быць не апублічванне фактаў, якія ўжо і так ёсць у адкрытых крыніцах, а невідавочная выснова з іх, якая выкрывае дастаткова маштабныя і важныя для грамадства з’явы — злоўжыванні ўладай, нямэтавае выкарыстанне бюджэту, пагрозы грамадскай бяспецы і да т.п.

    Якімі інструментамі карыстацца?

    1. Пачніце з Google. Агульнадаступны інструмент з бясплатным убудаваным ШІ, які дае спасылкі на крыніцы і, што важна, дазваляе на самым пачатку праверыць унікальнасць абранай тэмы расследавання. Навучыцеся карыстацца пошукавымі аператарамі і іншымі наладамі, якія дазваляюць кіраваць фокусам пошуку і сартаваць вынікі выдачы.

    Не абмінайце ўвагай і іншыя пошукавікі (Yan­dex, Bing, Baidu, Sogou) — усе яны даюць розныя вынікі.

    Выява: pixabay.com

    2. VPN з магчымасцю карыстацца беларускім IP. Дзяржаўных сайтаў, базаў і рэестраў, якія пускаюць да сябе з‑за мяжы, штодня менее. Без гэтага інструмента ваша расследаванне захрасне літаральна на першых кроках. Таму — Pro­ton VPN, Express VPN, Cyber­host VPN…

    3. Тэлефон. Для доступу да некаторых сэрвісаў вам cпатрэбяцца або беларуская сім-карта, або адмысловыя сервісы, якія дазваляюць арандаваць беларускі нумар.

    Звычка званіць да чыноўнікаў, кіраўніцтва і адміністрацыі прадпрыемстваў, а таксама іншых адказных асобаў, пры належным падыходзе можа быць магутнай расследвальніцкай зброяй. Адказныя персоны, дэзарыентаваныя беларускай адміністрацыйнай амбівалентнасцю, могуць як сыходзіць у глухую абарону, ігнаруючы нават званкі на гарачыя лініі для грамадзянаў, гэтак і знянацку пачынаць рапартаваць пра сапраўдны стан рэчаў у слухаўку, даючы больш інфармацыі, чым можна было спадзявацца.

    Званіць, вядома, лепей на гарадскія нумары — тады меней шанцаў, што ваш нумар будзе вызначаны як замежны.

    4. Беларуская банкаўская картка з грашыма. Некаторыя беларускія рэестры, базы і агрэгатары інфармацыі — платныя. І гэта далёка не найгоршы варыянт, бо існуюць яшчэ і такія, дзе інфармацыю выдаюць толькі на паперцы, па якую трэба асабіста прыходзіць.

    5. ШI. Усім знаёмыя Chat­G­PT, Claude, Gem­i­ni. Дапамагаюць шукаць інфармацыю, аўтаматызоўваць працэсы (напрыклад, адсочваць абнаўленні ў базах), аналізаваць даныя і яшчэ шмат чаго.

    Галоўнае ў працы са штучным інтэлектам — рабіць фактчэкінг з патройнай сілай.

    6. Прафесійныя расследвальніцкія тулкіты і дапаможнікі. Доступ да некаторых з іх для журналістаў бясплатны.

    • Ever­law — сістэматызуе і аналізуе велізарныя масівы загружаных неструктураваных матэрыялаў і дакументаў (у тым ліку электронную пошту, PDF-файлы, перапіскі ў мэсэнджэрах, метаданыя і аўдыязапісы).
    • Belling­cat’s Online Inves­ti­ga­tion Toolk­it — дапамагае знаходзіць, правяраць і правільна выкарыстоўваць лічбавыя сервісы.
    • GIJN Resource Cen­ter — дапамагае знаходзіць крыніцы, правяраць факты і забяспечваць лічбавую бяспеку.
    • Expos­ing the Invis­i­ble: The Kit — практычны дапаможнік для навучання метадам журналісцкіх расследаванняў, прафесійным тэхнікам пошуку, праверкі даных і збору доказаў.

    Дзе шукаць інфармацыю?

    1. У беларускіх афіцыйных базах і рэестрах. Што з імі робім:

    Эталон

    Скрыншот

    Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Pexels.com

    2. У замежных базах. Яны патрэбныя, каб адсочваць, да прыкладу, схемы абыходу санкцыяў, у прыватнасці, даследаваць беларускі экспарт праз замежны імпарт. Доступ да некаторых з іх для журналістаў бясплатны.

    Што з імі робім:

    • OCCRP Aleph — шукаем згадкі людзей і кампаній у дакументах і наборах даных, супастаўляем сувязі.
    • North­Da­ta — выяўляем схаваныя сувязі паміж еўрапейскімі кампаніямі і іх кіраўніцтвам, а таксама аналізуем карпаратыўныя структуры.
    • Open­Sanc­tions — правяраем людзей, кампаніі, марскія судны і крыптакашалькі на наяўнасць міжнародніх абмежаванняў і карупцыйныя рызыкі. Шукаем таксама сваякоў чыноўнікаў і каштоўныя паперы.
    • Import­Ge­nius — адсочваем ланцужкі паставак, выяўляем схемы абыходу санкцый і правяраем сувязі паміж кампаніямі.
    • Open­Cor­porаtes — верыфікуем кампаніі, шукаем дырэктараў і выяўляем трансгранічныя карпаратыўныя сеткі.
    • ICIJ Off­shore Leаks — шукаем афшорныя структуры і звязаных з імі асобаў.
    • YouCon­trol (пошук па Украіне) — расследуем карпаратыўныя сувязі, правяраем фізічных асобаў і адсочваем санкцыйныя і ваенныя рызыкі. Візуалізуем яўныя і схаваныя сувязі паміж кампаніямі, бенефіцыярамі, кіраўнікамі, адрасамі, тэлефонамі і гістарычнымі ўладальнікамі, выяўляем карпаратыўныя групы і наміналаў. Правяраем грамадзянаў: наяўнасць статусу ФАП, удзел у статутных капіталах кампаній, судовыя справы, даўгі, вышук, санкцыі і дэкларацы чыноўнікаў.
    • Cat­a­logue of Research Data­bas­es — шукаем першакрыніцы для праверкі кампній, марскіх суднаў і дзяржзакупак.
    • Euro­stat і UN Com­trade — аналізуем гандлёвыя патокі і анамаліі, якія могуць стаць падставай для далейшай праверкі.
    • ted.europa.eu — адсочваем буйныя бюджэтныя кантракты ў Еўропе, выяўляем бенефіцыяраў і аналізуем актыўнасць еўрапейскіх кампаній і ведамстваў.
    • find-and-update.com­pa­ny-infor­ma­tion.ser­vice.gov.uk — расследуем карпаратыўныя структуры, бенефіцыяраў, дірэктараў і фінансавыя сувязі ў брытанскай юрысдыкцыі.

    3. На сайтах арганізацый і ў медыя. Трэба сачыць за навінамі, разглядаць фотаздымкі, чытаць выкладзенныя дакументы і справаздачы, адсочваць кантакты.

    4. Геалакацыя, мапы і спадарожнікавыя здымкі. Апошнія дазваляюць даследаваць месцы падзей, адсочваць разбурэнні ў зонах канфлікту, назіраць за пабудовай вайсковых аб’ектаў і рэзідэнцый, адсочваць змены ў начным асвятленні і выяўляць змены ў навакольным асяроддзі. Дадамо да гэтага магчымасць некаторых сервісаў паказваць здымкі, знятыя ў не бачных воку спектрах (інфрачырвонае, мікрахвалёвае) і апрацаваныя адмысловымі алгарытмамі (мапы вільготнасці, асветленасці ў цёмны час сутак, азелянення і г.д.), і можа падацца, што магчымасці такога інструмента абмежаваныя толькі фантазіяй расследвальніка.

    Але памятайце, што спадарожнікавы здымак — гэта проста фота, то бок усяго толькі адна крыніца інфармацыі, якая мусіць быць не толькі слушна праінтэрпрэтаваная, але і пацверджаная іншай крыніцай.

    Перш чым давяраць спадарожнікаваму здымку, варта высветліць, хто пастаўшчык і першапачатковы кантэкст, даведацца, калі здымак быў зроблены, затым трэба незалежна пацвердзіць месцазнаходжанне аб’екта і параўнаць яго са здымкамі ад іншых пастаўшчыкоў і здымкамі за іншыя даты.

    • Google Earth — шмат бясплатных здымкаў высокай якасці, якія абнаўляюцца з нізкай перыядычнасцю.
    • Coper­ni­cus brows­er — вялікая колькасць бясплатных здымкаў, але большасць з іх мае вельмі нізкае разрозненне.
    • Камерцыйныя спадарожнікавыя кампаніі (Maxar, Plan­et Labs) — вельмі якасныя здымкі, якія часта абнаўляюцца.

    Таксама спадарожнікавыя здымкі трэба супастаўляць з мапамі (Google Maps, «Яндекс Карты», Apple Maps, 2GIS, Microsoft Bing, Open Street Map, Wikimapia). З тых жа мапаў можна даведацца нейкія назвы, нумары будынкаў і інфармацыю ў пазнаках ад карыстальнікаў, часам вельмі карысную.

    Існуюць і больш экзатычныя сервісы:

    • Sun­Calc — дазваляе адсочваць сонечны рух, фазы асветленасці і даўжыню ценяў у любым пункце Зямлі для абранай даты і часу.
    • Nasa Firms — картаграфічная платформа, якая ў рэжыме, блізкім да рэальнага часу, адсочвае актыўныя паажры і цеплавыя анамаліі па ўсім свеце.
    • Time­and­date.com — даведкавы рэсурс, прысвечаны дакладнаму часу, часавым паясам, календарам, астранамічным з’явам і прагнозам надвор’я.

    Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Pexels.com

    5. Сацыяльныя сеткі і да т.п. Insta­gram, Face­book, VK, OK, Linkedin і г.д. Россып самай рознай інфармацыі: уласна самі аб’екты расследавання, публікацыі (іх і пра іх), сведчанні, каментары, сяброўскія і сямейныя сувязі, нікнэймы, часам электронныя адрасы і тэлефоны, асабісты транспарт, зацікаўленні, геалакацыя.

    Каб не перабіраць сувязі цікавай персоны сваімі рукамі, можна скарыстацца адмысловымі інструментамі:

    • Lampyre — збірае разрозненыя лічбавыя сляды і будуе графы расследавання.
    • OSINT Indus­tries — будуе лічбавы партрэт чалавека па адным ідэнтыфікатары.
    • Osin­tK­it — шукае звесткі пра фізічных асобаў і транспартныя сродкі па базах даных і «выцечках».

    У сацсетках людзі выкладаюць таксама масу фотаздымкаў і відэазапісаў. На іх часам трапляюць цікавыя для расследавання персоны і розныя ракурсы важных аб’ектаў архітэктуры. Пры належным падыходзе і выкарыстанні інструментару сацсетак, напрыклад, геалакацыі, хэштэгаў і да т.п., можна назіраць за тым, як змяняюцца аб’екты ў часе, даведвацца пра маршруты перасоўвання асобаў і г.д.

    Поле для творчасці нічым не абмежаванае. Пра падазроную будоўлю пасярод горада, якая зачапіла вас на спутнікавым здымку, неўзабаве пачнуць бурчаць у сацсетках, выказваючы версіі, а яшчэ камусьці яна трапіць на фота, зробленае падчас шпацыру. Няўдалае фота з абсалютна не звязанага дзяржаўнага мерапрыемства ў суседнім будынку дазволіць уважліва вывучыць дэталі, а калі яшчэ пакапацца ў базах дзяржаўных закупак…

    6. Непасрэдна самі людзі. Навукоўцы, даследчыкі, НДА і іншыя арганізацыі, якія змогуць вас пракансультаваць па спецыфічных пытаннях, дапамагчы прааналізаваць анамаліі ў даных або проста падзяліцца экспертнай інфармацыяй. Замежныя калегі-журналісты могуць прасцей за вас атрымаць і падзяліцца нейкімі мясцовымі звесткамі.

    Але ўсё, што ад іх пачуеце, як вы памятаеце, трэба ўважліва пераправерыць.

    7. Шэрая зона. Злівы і выцечкі персанальных звестак. Выцечкі могуць даць зачэпкі для расследавання, але патрабуюць асобнай праверкі сапраўднасці і актуальнасці дадзеных. Магчымасць іх выкарыстання і публікацыі трэба ацэньваць з улікам грамадскай значнасці, прыватнасці, бяспекі людзей, заканадаўства і рэдакцыйных стандартаў. Нельга аўтаматычна лічыць усе звесткі ва ўцечцы дакладнымі або публікаваць увесь масіў персанальных даных

    Варта памятаць, што, карыстаючыся тэлеграм-ботамі, вы рызыкуеце «падзяліцца» з імі гісторыяй пошуку, ID і нумарам тэлефона.

    • Intel­li­genceX — пошук лічбавых слядоў, скампраметаваных даных і выдаленага кантэнта.
    • Have I Been Pwned — выяўленне зацікаўленняў і сервісаў асобы па email.
    • «Глаз Бога» (glaz-boga1.bot) — пошук лічбавых слядоў, дэананімізацыя акаўнтаў і пошук сувязяў паміж аб’ектамі.
    • Uni­ver­salSearch­Bot (@UniversalSearchBot) — пошук прывязаных сервісаў.
    • Sher­lock Bot OSINT (sherlock1.pro) — дэананімізацыя карыстальнікаў і праверка ідэнтыфікатараў.
    • Himera Search (@HimeraSearch_bot) — дасье на фізічных і юрыдычных асобаў.
    • vek­bot.is — дасье па персанальных і транспартных ідэнтыфікатарах.

    Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Oguz Kagan Cevik для Pexels.com

    Калі да такога дойдзе, перад пачаткам працы «ў шэрым» пераканайцеся, што не парушаеце крымінальны закон краіны, у якой знаходзіцеся, самім фактам карыстання падобнымі рэсурсамі.

    Кароткая выснова

    Нават калі вы не займаецеся непасрэдна расследаваннямі, а робіце іншую журналісцкую працу, валоданне інструментамі OSINT усе адно можа вам спатрэбіцца і палепшыць вынік працы.

    1. Для верыфікацыі:

    • знайсці першакрыніцу інфармацыі;
    • пацвердзіць або зняпраўдзіць сцверджанне ці гіпотэзу;
    • праверыць факты (фота, відэа, дакументы).

    2. Для ідэнтыфікацыі:

    • ідэнтыфікаваць асобу ці арганізацыю, вызначыць месца іх знаходжання;
    • знайсці сувязі, заканамернасці і выбудаваць схемы паміж імі.

    3. Для лепшага разумення кантэксту:

    • узмацніць наяўныя доказы;
    • дадаць штосьці важнае для кантэксту гісторыі;
    • зрабіць партрэт героя больш аб’ёмным.
    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.