• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Барысаўскія міліцыянты зноў шукалі журналіста Змітра Панкаўца, які з’ехаў з Беларусі амаль пяць гадоў таму

    Да сваякоў Змітра Панкаўца сілавікі з’явіліся 15 кастрычніка а 6‑й вечара, калі ўжо цямнела. Ператрусу не рабілі, але шмат распытвалі і папрасілі кантакт журналіста ў Telegram.

    Зміцер Панкавец

    Зміцер Панкавец. Фота з фэйсбука

    «Візіт быў пад самы вечар, міліцыянты яшчэ апраўдваліся, маўляў, працуем у дзве змены. Распытвалі, ці я не вярнуўся ў Беларусь (як быццам бы гэта не было б зафіксавана на мяжы), ці, можа, планую. Астатняе стандартна: дзе жыву, на што жыву, дзе працую. Нагадалі, што супраць мяне ў Беларусі заведзена крымінальная справа. Артыкул сваякі дакладна не запомнілі, толькі лік 361, і я мяркую, што гэта, найхутчэй, артыкул 361–1 Крымінальнага кодэкса — удзел у экстрэмісцкім фармаванні. Яшчэ запісалі мой кантакт у Telegram, але пакуль не тэлефанавалі і не пісалі», — распавёў БАЖ Зміцер Панкавец.

    Зміцер прыгадаў, што з тымі ж самымі роспытамі да ягоных сваякоў міліцыя прыходзіла яшчэ летам 2024 года. І ўжо тады паведамілі, што супраць яго заведзена крымінальная справа. З тае пары было яшчэ некалькі візітаў.

    «Чаму зноў прыйшлі менавіта зараз, не маю ніякага ўяўлення. Нічога новага, здаецца, не рабіў, нават у сацсетках не вельмі актыўны», — дадаў Зміцер.

    Ужо некалькі гадоў журналіст жыве за мяжой, у снежні 2021 года ён выехаў з Беларусі, асцерагаючыся пераследу за прафесійную дзейнасць. Да таго Зміцер Панкавец амаль 20 гадоў працаваў у незалежнай журналістыцы, супрацоўнічаў з «Нашай Нівай» і «Радыё Свабода», неаднаразова быў лаўрэатам творчага конкурсу БАЖ «Вольнае слова».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.