Канал «Newsmax Україна» раз на тыдзень будзе распавядаць пра Беларусь
Тэлеканал «Newsmax Україна» — прадстаўніцтва амерыканскага медыя Newsmax TV, якое належыць кампаніі Newsmax Media. Апошняя ёсць адной з уплывовых кансерватыўных медыягігантаў ЗША, Newsmax TV лічыцца «голасам MAGA» і адным з улюбёных тэлеканалаў Дональда Трампа. Пакуль ва Украіне канал «Newsmax Україна» працуе ў тэставым рэжыме.

Ігар Тышкевіч з гасцямі перадачы. Фота: Facebook
Штотыдзень на канале выходзіць перадача, прысвечаная падзеям у Беларусі ды вакол яе. Вядзе перадачу аналітык Ігар Тышкевіч. Пра гэта ён распавёў на сваёй старонцы ў Facebook.
«Беларусы ў Беларусі — вось патэнцыйная частка мэтавай групы. Іншыя — гледачы з Украіны ды суседніх краінаў. Задача — даць максімальна шырокі зрэз па падзеях. Прымусіць думаць самім, а не прапанаваць генеральную лінію партыі», — піша Ігар Тышкевіч.
У першым выпуску гасцямі Тышкевіча сталі Зміцер Шчыгельскі і Валер Кавалеўскі.
Беларускай мовы ў перадачы пакуль не будзе. Вядоўца размаўляе па-ўкраінску, а госці — па-ўкраінску, па-расейску ці па-ангельску.
Паводле Тышкевіча, прычына выключна тэхнічная:
«Кожны запіс праграмы пасля выхаду на нармальны (а не тэставы) эфір будзе перакладацца на 4–5 моваў для вяшчання ў рэгіёне. На жаль, перакладу з/на беларускую фірма, што надае такія паслугі, пакуль не забяспечвае».
Тышкевіч спадзяецца, што рашэнне гэтай праблемы ў будучыні знойдзецца.
«Наконт «Трампізму» і маёй працы з каналам. Каб былі хоць намёкі на самацэнзуру — я бы не размаўляў. Мне зрабілі прапанову цудоўна ведаючы маю пазыцыю. (…) Шмат каго з аналітыкаў, палітыкаў і проста цікавых людзей зь цікавымі ідэямі запрашацьму. Адно, паўтару, не на «цёплую ванну» эфіру, а на досыць жорсткую спрэчку. Што спадзяюся, будзе цікава і самім і беларусам унутры краіны», — кажа Тышкевіч.
Апошні па часе выпуск прысвечаны «варыянтам для Беларусі, Лукашэнкі і Ціханоўскай» у кантэксце «вайны і міру ва Украіне».
Што за праект?
Праект «Newsmax Україна» грунтуецца на ліцэнзійным пагадненні з амерыканскім Newsmax TV. Кампанія, якой належыць тэлеканал, знаходзіцца пад кіраўніцтвам Крыстафера Радзі, сябра Дональда Трампа, які таксама супрацоўнічае з кампаніяй Trump Media and Technology Group, што займаецца распрацоўкай сацыяльнай сеткі Трампа Truth Social.
Заяўленая мэта стварэння канала — узмацненне інфармацыйных сувязяў паміж Украінай і ЗША.
2 лістапада тэлеканал «Newsmax Україна» пачаў тэставае вяшчанне.
Генеральная прадзюсарка канала — журналістка Людміла Нямыра, былая рэжысёрка інтэрнэт-канала Ukrlife.TV, аўтарка інтэрнэт-канала NemyriaLIVE.
Людміла Нямыра — жонка народнага дэпутата ад партыі «Батьківщина» і былога віцэ-прэм’ера па пытаннях еўрапейскай інтэграцыі Рыгора Нямыры.
Асноўным бенефіцыярам «Newsmax Україна» з’яўляецца грамадзянін Латвіі Раман Варламаўс — 85% статутнага капіталу, астатнія 15% — у Людмілы Нямыры.
Пакуль украінская медыякрытыка не заўважае «трампіскага» ўплыву на змест эфіру. «Пісаць нешта пра палітычную афарбоўку канала пакуль занадта рана — пяці дзён тэставага рэжыму відавочна недастаткова для такіх высноў. Скажу толькі, што Дональда Трампа цалкам сабе нармальна крытыкавалі адразу некалькі спікераў», — зазначае ўкраінская медыяаглядальніца Лена Чычэніна.
«Пакуль тэлеканал «Newsmax Україна» можна глядзець з карысцю і задавальненнем хіба што выбарачна, — крытыкуе медыяэкспертка тэставае вяшчанне. — Класічна лічыцца, што інфармацыйнае радыё ці тэлебачанне ўключаеш на 15 хвілін — і табе лаканічна тлумачаць, што актуальнага адбываецца. Тут жа часам гэтага не ўдаецца зразумець нават за цэлы дзень. Пакуль няма навінавых студый, тых самых дайджэстаў і трансляцый украінскіх навін, уключэнняў, сюжэтаў, карэспандэнтаў і ўсяго астатняга. То-бок усё зусім па-хатняму».
@bajmedia