Telegram выдаліў фэйкавы канал беларускага КДБ
З платформы месенджара Telegram быў выдалены несапраўдны канал КДБ «КГБ Беларуси» з нікам @kgb_kanal, паведамляюць беларускія каналы.

Выява зроблена БАЖ з дапамогай Gemini
Выдалены не толькі сам фэйкавы акаўнт, але і яго «люстэрка», і боты, — піша праўладны Telegram-канал «Народный антифейк».
Мяркуецца, што канал «КГБ Беларуси» быў створаны махлярамі. У верасні ў ім з’явілася «навіна» пра спыненне дзейнасці групы, якая рыхтавала дыверсію на адным са стратэгічных аб’ектаў Расіі, яе перадрукавалі вядучыя расійскія СМІ і інтэрнэт-выданні.
«Паводле наяўных звестак, каардынацыя ажыццяўлялася з тэрыторыі Украіны, а Беларусь планавалася выкарыстаць у якасці транзітнага маршруту для перадачы абсталявання, беспілотных лятальных апаратаў і сродкаў сувязі ўдзельнікам групы», — загадкава апісалі спецаперацыю ананімныя аўтары фэйкавага тг-канала.
У пастку тады трапілі «Ведомости», RT (Russia Today), «Вести», «Лента.ру», Life.ru, «Интерфакс» і дзясяткі іншых расійскіх СМІ. Услед за імі фэйк падхапілі і беларускія медыя.
@bajmedia