• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: сайты SOVA, NEWSru.com, EU NEIGHBOURS east, акаўнты TUT.BY у «ВКонтакте»

    Міністэрства інфармацыі Беларусі 27 лістапада чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

    спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў

    Выва згенераваная Chat­G­PT, БАЖ.

    У яго ўключылі, у прыватнасці, некалькі замежных навінавых сайтаў. Гэта:

    • сайт SOVA (ідэнтыфікатар https://sovanews.tv), які з’яўляецца інтэрнэт-рэсурсам незалежнага выдання, заснаванага ў Тбілісі ў 2016 годзе. Сайт працуе на рускай мове і транслюе інфармацыю пра Грузію і сусветныя падзеі;
    • сайт NEWSru.com (ідэнтыфікатар https://www.newsru.com), ён з’яўляецца рэсурсам аднайменнага расійскага праекта. Прычым на сайце пазначана, што абнаўленні на ім спыненыя з 31 мая 2021 года, але архіў публікацый застаецца адкрытым і дасяжным;
    • сайт EU NEIGHBOURS east (ідэнтыфікатар https://www.euneighbourseast.eu). Гэты рэсурс размяшчае інфармацыю пра супрацоўніцтва ЕС з усходнімі партнёрамі — Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай;
    • сайт «Книжный клуб Бабук» (ідэнтыфікатар https://www.babook.org). «Мы — вольнае выдавецтва вольных аўтараў. А яшчэ мы і клуб найлепшых выдавецтваў, аб’яднаных любоўю да вольнай, непадцэнзурнай творчасці», — пішуць заснавальнікі.

    Усе чатыры згаданыя вышэй сайты прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі» 26 лістапада 2026 года судом Горацкага раёна Магілёўскай вобласці.

    Гэтаксама ў «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма ўключылі акаўнты «Новости Беларуси | TUT.BY» (ідэнтыфікатар https://vk.ru/tutbyofficial) і «AUTO.TUT.BY — портал, который рулит!» (ідэнтыфікатар https://vk.ru/autotutby) у сацсетцы «ВКонтакте».

    Першы з іх мае ўсяго 137 падпісчыкаў і быў створаны, падобна, прыхільнікамі вядомага беларускага партала TUT.BY, заблакаванага і ліквідаванага беларускімі ўладамі ў 2021–2022 гадах. Апошняе абнаўленне гэтага рэсурсу было ў 2021 годзе. Другі акаўнт мае 5,6 тысячы падпісчыкаў, на ім размешчаныя навіны партала TUT.BY, але апошні раз гэты рэсурс абнаўляўся ў 2017 годзе.

    Абедзьве старонкі прызнаныя «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» судом Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці 25 лістапада 2026 года.

    У Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў з’явіліся і звесткі пра прызнанне «экстрэмісцкімі» матэрыяламі сайта autogrodno.by і звязаных з ім сацсетак. Пра адпаведнае рашэнне суда Ленінскага раёна Гродна ад 24 лістапада 2026 года стала вядома на наступны дзень — з публікацыі на сайце дзяржаўнага гарадскога тэлеканала «Гродна Плюс» («Гродна+»). Ініцыятарам судовай справы быў пракурор горада Гродна.

    У «экстрэмісцкі» спіс на сайце ведамства ўключылі таксама YouTube-канал «Серый кот New» і старонку «Dzmit­ry» у сацсетцы «X» (ранейшы «Twit­ter»). Рашэнне лічыць іх «экстрэмісцкімі» матэрыяламі прыняў 20 лістапада суд Полацка і Полацкага раёна. Гэта інтэрнэт-рэсурсы Дзмітрыя Казлова — былога палітвязня, блогера з Аршаншчыны. Некалькі дзён раней той самы суд прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» ягоны Face­book-акаўнт.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.