• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дакументальны фільм пра Беларусь намінаваны на нямецкую кінапрэмію ў галіне правоў чалавека

    Дакументальны фільм Black­box Belarus: Wenn die Frei­heit stirbt («Чорная скрыня: Беларусь. Калі памірае свабода») нямецкай рэжысёркі Ірэне Лангеман увайшоў у шорт-ліст Deutsch­er Men­schen­rechts-Film­preis 2026 — нямецкай прэміі ў галіне правоў чалавека ў кіно.

    фільм Blackbox Belarus намінаваны на нямецкую кінапрэмію

    Кадр з фільма «Black­box Belarus: Wenn die Frei­heit stirbt». © WDR / Licht­film

    Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце прэміі.

    Фільм Black­box Belarus: Wenn die Frei­heit stirbt выйшаў у 2025 годзе і расказвае пра Беларусь праз галасы людзей, якія апынуліся ў эміграцыі, і іх асабісты досвед — пра страх, палітычны пераслед, разрыў сямейных сувязяў, страту звыклага жыцця і існаванне ва ўмовах новай рэальнасці.

    Назва Black­box Belarus адсылае да ўсё большай закрытасці Беларусі для знешняга свету і цяжкасцяў з атрыманнем інфармацыі пра тое, што адбываецца ўнутры краіны.

    «За апошнія некалькі гадоў Беларусь усё больш ператваралася ў black box — чорную скрыню. Незалежная журналістыка і свабоднае асвятленне падзей унутры краіны сталі практычна немагчымымі, а колькасць выяваў і сведчанняў, якія могуць бесперашкодна трапіць за яе межы, рэзка скарацілася», — гаворыцца ў прэс-рэлізе ад каманды Black­box Belarus.

    Адметна, што ў афіцыйных тытрах няма імёнаў беларускіх удзельнікаў здымачнай групы. Гэта было свядомае рашэнне, прадыктаванае меркаваннямі бяспекі людзей, якія ўдзельнічалі ў стварэнні фільма.

    Стужка Black­box Belarus здымалася нямецкай рэжысёркай Ірэне Лангеман для тэлеканала WDR ў супрацы з кінакампаніяй Licht­film. Лангеман шмат гадоў працуе з тэмай Усходняй Еўропы, постсавецкай прасторы, палітычных зменаў і чалавечых лёсаў. У 2022 годзе яна зняла дакументальны фільм Belarus – Ein kurz­er Traum von Frei­heit («Беларусь — кароткі сон пра свабоду»), прысвечаны падзеям пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і беларускім пратэстам.

    Deutsch­er Men­schen­rechts-Film­preis — гэта нямецкая кінапрэмія, якая адзначае фільмы і відэаматэрыялы, прысвечаныя правам чалавека. Яе ўручаюць раз на два гады, пачынаючы з 1998 года.

    Сёлета на конкурс паступіла 371 праца. Black­box Belarus удзельнічае ў намінацыі Kurz­film — для прафесійных фільмаў працягласцю да 45 хвілін. Лаўрэатаў абвесцяць 10 лістапада. Пераможцы ў кожнай з катэгорый атрымаюць 2 500 еўра і адмысловую статуэтку.

    Фільм Андрэя Куцілы «Лісты» пра рэпрэсіі ў Беларусі атрымаў прэмію на Венецыянскім кінафестывалі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.