Бітва за мяккі знак: 100 гадоў таму адбылася моўная канферэнцыя, якая прывяла да кардынальных зменаў у беларускім правапісе
У лістападзе 1926 года ў Мінску адбылася падзея, якая стала адной з найважнейшых старонак у гісторыі беларускага мовазнаўства. З 14 па 21 лістапада тут праходзіла Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі.
Яна сабрала мовазнаўцаў і грамадскіх дзеячаў не толькі з Савецкай Беларусі, але і з Заходняй Беларусі, а таксама з блізкага і далёкага замежжа. Праз сто гадоў гэтая сустрэча застаецца важнай не толькі як спроба ўнармаваць беларускую мову, але і як сведчанне таго, наколькі рознымі маглі быць шляхі яе далейшага развіцця.
Хто выступіў за скасаванне ўжывання мяккага знака паміж зычнымі, а хто супраць? Якія яшчэ пытанні ўзняла канферэнцыя, і як склаўся лёс яе ўдзельнікаў? Расказвае Budzma.org.

Нататка з беларускай прэсы 1926 года аб адкрыцці канферэнцыі. Фота з Фэйсбука
Беларусізацыя і амбіцыі Менска
Канферэнцыя адбывалася ў самы разгар беларусізацыі — перыяду, калі ў БССР разгарнулася маштабная праца па стварэнні нацыянальных культурных і навуковых інстытуцый. Выдаваліся кнігі беларускіх пісьменнікаў, выходзілі газеты і часопісы, працавалі тэатры і музеі, развіваліся навуковыя ўстановы, рабіліся першыя крокі ў нацыянальным кінематографе. Беларуская мова ўсё часцей гучала не толькі ў літаратуры, але і ў адукацыі, дзяржаўным кіраванні, навуцы.
У такіх абставінах правядзенне канферэнцыі мела адразу некалькі задач. Найперш трэба было вырашыць цалкам практычную праблему: беларускі правапіс па-ранейшаму заставаўся недастаткова ўнармаваным, а сярод мовазнаўцаў не было адзінага погляду на шэраг ягоных прынцыповых пытанняў.
Аднак за навуковай мэтай стаяла і палітычная. Менск імкнуўся прадэманстраваць дасягненні Савецкай Беларусі, пераканаць беларускую эміграцыю, што менавіта тут фармуецца галоўны цэнтр нацыянальнага культурнага, эканамічнага і грамадскага жыцця.
Першапачатковыя планы арганізатараў былі значна шырэйшыя за моўную канферэнцыю. Увосень 1925 года гаворка ішла пра правядзенне «беларускага навуковага кангрэса», які павінен быў стаць сапраўднай міжнароднай падзеяй. Намеры былі настолькі сур’ёзныя, што ў беларускім друку з’явілася паведамленне пра льготны праезд для магчымых удзельнікаў з ЗША.
Планавалася таксама арганізаваць вялікую выставу, якая прадставіла б розныя бакі беларускай культуры. Праўда, у самім Менску адпаведных матэрыялаў не хапала, таму даследчыкі разглядалі магчымасць запазычыць рарытэты з расійскіх музеяў. Ад першапачатковай ідэі ўрэшце адмовіліся, але да прыезду гасцей ужо ў 1926 годзе ўсё ж падрыхтавалі некалькі экспазіцый. Так у Беларускім дзяржаўным музеі можна было пабачыць археалагічныя знаходкі, якія былі зробленыя на працягу 1926 года, а таксама выставу кніжных старадрукаў.
Навуковая падзея міжнароднага маштабу
Падрыхтоўкай канферэнцыі займаліся вядомыя беларускія навукоўцы і грамадскія дзеячы. Сярод тых, хто кіраваў яе арганізацыяй і працай, былі Сцяпан Некрашэвіч і Усевалад Ігнатоўскі. У прэзідыум таксама ўвайшлі Язэп Лёсік, Аркадзь Смоліч, Аляксандр Цвікевіч і Антон Баліцкі.

Беларускія пісьменнікі разам з Янам Райнісам. Сядзяць (злева направа): Змітрок Бядуля, Ян Райніс, Янка Купала, Кандрат Крапіва. Стаяць: Язэп Пушча, Адам Бабарэка, Уладзімер Дубоўка, Пятро Глебка, Кузьма Чорны. Менск, 1926 год. Фота з Вікіпедыі
Міжнародны склад удзельнікаў адпавядаў першапачатковым амбіцыям арганізатараў. Менск імкнуўся прадставіць сябе не толькі перад беларускай дыяспарай, але і перад замежнай навуковай супольнасцю. Сярод гасцей быў, напрыклад, латвійскі паэт Ян Райніс — даўні сябра беларускіх дзеячаў і прыхільнік нашага нацыянальнага адраджэння.
Канферэнцыя праходзіла на фоне іншых важных падзей у культурным жыцці Беларусі. У 1926 годзе адзначалася дваццацігоддзе літаратурнай дзейнасці Якуба Коласа. Юбілей святкавалі з вялікім размахам, а сам Колас і ягоны паплечнік Янка Купала ўжо мелі статус нацыянальных класікаў.
Такім чынам, у Менску сабралася асяроддзе, у якім перасякаліся розныя пакаленні, погляды і ўяўленні пра будучыню беларускай культуры. Аднак найбольш важныя дыскусіі разгарнуліся вакол самой мовы.
Бітва за мяккі знак
Да 1926 года ў беларускім мовазнаўстве назапасілася нямала пытанняў, якія патрабавалі сістэмнага абмеркавання. Адным з найбольш вострых стала праблема ўжывання мяккага знака. Якуб Колас, Язэп Лёсік і ягоны брат Антон прапаноўвалі адмовіцца ад мяккага знака паміж зычнымі «ва ўсіх пазіцыях». І гэта была не проста тэхнічная змена: прапанова закранала адзін з найбольш прыкметных элементаў беларускай арфаграфічнай традыцыі.
Менавіта мяккі знак і сёння застаецца адной з візуальных прыкмет, паводле якіх можна лёгка адрозніць тэкст, напісаны класічным правапісам — тарашкевіцай, ад тэксту ў наркамаўцы. Таму спрэчка вакол яго мела значна шырэйшы сэнс, чым здавалася на першы погляд.
Яшчэ да пачатку канферэнцыі браты Лёсікі апублікавалі тры брашуры, у якіх выклалі свае прапановы і бачанне далейшага развіцця беларускай мовы. Такім чынам, на абмеркаванне выносілася не асобная арфаграфічная папраўка, а цэлая праграма моўных змен.

Нататка з газеты «Звязда» аб прапановах Язэпа Лёсіка
Аднак гэтыя ідэі сустрэлі сур’ёзнае супраціўленне. Катэгарычна супраць выступілі Янка Купала і Вацлаў Ластоўскі. Купала да таго часу ўжо атрымаў званне народнага паэта Беларусі і прыжыццёвую пенсію. Ластоўскі ж на працягу некалькіх гадоў жыў у Коўне — часовай сталіцы Літвы. Да 1923 года ён актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці, быў старшынёй Рады міністраў БНР, але пасля адышоў ад палітыкі і засяродзіўся на навуковай ды культурнай працы.
Супраць прапанаваных змен таксама выступіла і Беларускае навуковае таварыства ў Вільні. Ягоны старшыня Антон Луцкевіч, аўтар першай беларускай граматыкі, публічна выказаўся супраць скасавання мяккага знака. Сам ён у Менск не прыехаў, але ягоная пазіцыя стала часткай шырэйшай дыскусіі пра тое, ці можна змяняць беларускі правапіс без уліку меркаванняў навуковых і культурных колаў Заходняй Беларусі.
Такім чынам, канферэнцыя выявіла не толькі розныя погляды на канкрэтныя правілы, але і больш глыбокую праблему: хто павінен вызначаць моўную норму і наколькі агульнабеларускай мусіць быць такая праца.
Ад навуковай дыскусіі да рэпрэсій
У другой палове 1920‑х гадоў пытанне рэформы беларускай мовы заставалася прадметам актыўнай навуковай працы. Канферэнцыя 1926 года не паставіла кропку ў дыскусіі, а, наадварот, выявіла неабходнасць далейшага вывучэння і ўнармавання правапісу.
У 1930 годзе Правапісная камісія пад кіраўніцтвам Сцяпана Некрашэвіча падрыхтавала грунтоўны праект моўнай рэформы. Ён мусіў стаць вынікам працяглай навуковай працы і абмеркаванняў, якія пачаліся яшчэ ў перыяд беларусізацыі. Аднак рэалізаваць гэты праект не ўдалося.
На змену нацыянальнай культурнай палітыцы прыйшлі рэпрэсіі. Аднымі з першых па справе так званага «Саюза вызвалення Беларусі» былі арыштаваныя вядучыя беларускія мовазнаўцы — Язэп Лёсік, Сцяпан Некрашэвіч, Мікола Байкоў, Вацлаў Ластоўскі і іншыя. Іх абвінавачвалі ў «нацдэмаўшчыне», а таксама ў тым, што яны нібыта імкнуліся дэрусіфікаваць і паланізаваць беларускую мову.
Рэпрэсіі фактычна знішчылі тую навуковую супольнасць, якая магла б працягваць дыскусію пра будучыню беларускай мовы. Значная частка ўдзельнікаў канферэнцыі з беларускага боку была арыштаваная, сасланая або расстраляная.
У гэтых умовах у 1933 годзе Савет народных камісараў БССР правёў моўную рэформу, якая кардынальна змяніла правапіс у бок збліжэння з расейскай мовай. Адметныя асаблівасці беларускай фанетыкі і граматыкі адышлі на другі план, а новыя нормы фактычна замацавалі русіфікацыйны кірунак моўнай палітыкі. Правапіс, уведзены рэформай 1933 года, атрымаў назву «наркамаўка» і дагэтуль ляжыць у аснове афіцыйнай беларускай арфаграфіі.
У гэтым сэнсе лёс канферэнцыі 1926 года асабліва паказальны. Яна стала сведчаннем таго, што ў Беларусі існавала асяроддзе навукоўцаў, здольных весці самастойную дыскусію пра моўныя нормы і прапаноўваць уласныя праекты развіцця нацыянальнай мовы. Аднак палітычныя абставіны не дазволілі гэтай працы атрымаць натуральны працяг.
Дакументы, якія захавалі гісторыю
Сёння аднавіць ход канферэнцыі і пазнаёміцца з аргументамі яе ўдзельнікаў можна дзякуючы захаваным дакументам. Найважнейшым сярод іх з’яўляецца зборнік «Працы Акадэмічнае канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі», выдадзены ў Менску ў 1927 годзе. У ім былі апублікаваныя даклады, матэрыялы абмеркаванняў і вынікі працы навуковай сустрэчы.

Вокладка зборніка «Працы Акадэмічнае канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі», Менск, 1927. Крыніца: knihi.com
Гэты зборнік дазваляе ўбачыць, наколькі шырокім было кола пытанняў, што хвалявалі беларускіх мовазнаўцаў сто гадоў таму. Іх цікавіла не толькі тое, як пісаць асобныя словы ці ўжываць пэўныя знакі, але і тое, якім шляхам павінна развівацца беларуская мова, на якіх навуковых прынцыпах мусіць грунтавацца яе ўнармаванне і хто мае права вызначаць гэтыя нормы.
Акадэмічная канферэнцыя 1926 года засталася ў гісторыі не як завяршэнне моўнай рэформы, а як адзін з найбольш значных этапаў яе абмеркавання. Яна засведчыла існаванне жывой навуковай дыскусіі і магчымасць самастойнага развіцця беларускага мовазнаўства. Тое, што адбылося з яе ўдзельнікамі і з самой беларускай мовай у наступнае дзесяцігоддзе, надае гэтай падзеі асабліва трагічнае гучанне.
Сто гадоў таму беларускія навукоўцы зацята спрачаліся пра будучыню роднай мовы, не ведаючы, што многім з іх неўзабаве ўжо не дадуць магчымасці працягнуць гэтую дыскусію.
@bajmedia