• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Першая беларуская сацсетка. Як «Наша Ніва» запусціла нацыянальную рэвалюцыю

    У сваёй калонцы на сайце БАЖ журналіст Дзмітрый Гурневіч разважае, што мы прывыклі лічыць сацыяльныя сеткі вынаходствам XXI стагоддзя, але 120 гадоў таму беларусы ўжо мелі нешта вельмі падобнае. Газету, якая не толькі гаварыла з чытачамі, але і давала ім магчымасць гаварыць паміж сабой.

    Дзмітрый Гурневіч

    Дзмітрый Гурневіч. Фота: з асабістага архіва калумніста

    120 гадоў таму ў Вільні пачала выходзіць газета «Наша Ніва». Звычайна пра яе пішуць як пра выданне, якое адыграла выключную ролю ў беларускім нацыянальным адраджэнні. Згадваюць Купалу, Коласа, Багдановіча, станаўленне літаратурнай мовы, фармаванне нацыянальнай свядомасці. Усё гэта праўда. Але ў пачатку мінулага стагоддзя «Наша Ніва» выконвала для беларусаў ролю сацыяльнай сеткі. Яна звязвала людзей, якія раней не ведалі пра існаванне адзін аднаго.

    Селянін з‑пад Горадні мог прачытаць ліст селяніна з‑пад Магілёва. Настаўнік з Мінска даведваўся, што думаюць пра школу ў Вільні. Малады чалавек, які спрабаваў пісаць вершы па-беларуску, бачыў, што ёсць іншыя людзі, якія робяць тое самае. Беларусы даведваліся, што яны не адны. Гэтае веданне можа змяніць паводзіны чалавека. Для беларусаў гэта стала ключавым фактарам для іх аб’яднання і афармлення палітычных задач.

    Калі ты адзін, то твая ідэя можа здавацца дзівацтвам. Ажно пакуль не знаходзяцца сотні людзей, якія могуць пачаць нешта рабіць разам. «Наша Ніва» стварала менавіта такія сувязі. І ў гэтым сэнсе яна была не столькі сродкам масавай інфармацыі, колькі інстытуцыяй. Месцам, вакол якога ўзнікала супольнасць.

    Вось мая любімая гісторыя пра тое, як гэта працавала. Аднойчы будучы рэдактар «Нашай Нівы» Аляксандр Уласаў ехаў цягніком і разгаварыўся з плытнікамі з Мікалаеўшчыны. Пачаў чытаць ім беларускія вершы. А тыя сказалі: «А ў нас адзін настаўнік смешна чытае па-нашаму!» Гэтым настаўнікам быў будучы Якуб Колас. І неўзабаве Колас, дязкуючы Уласаву, дэбютаваў у прэсе. І ў выніку беларуская літаратура атрымала Якуба Коласа. Наш класік Максім Гарэцкі спачатку пісаў кароткія допісы ў «Нашу Ніву» пра жыццё ў правінцыі. У студзені 1913 году ён даслаў нататку пра шалёную котку, якая пакусала дзяцей. У тым жа годзе ён выслаў у рэдакцыю сваё першае апавяданне. Вось так працуе асяроддзе.

    За першыя тры гады «Наша Ніва» надрукавала 960 карэспандэнцый амаль з 500 вёсак і мястэчак. І гэта без ганарараў. Людзі самі браліся за пяро, пісалі ў рэдакцыю, адпраўлялі лісты. Навошта? Бо ўпершыню з’явілася месца, дзе іх хацелі пачуць. Уявіце, які гэта быў пералом для чалавека, які ўсё жыццё чуў, што ягоная мова ні для чаго сур’ёзнага не прыдатная. А тут ён не проста чытач. Ён сам становіцца аўтарам. Ягоны голас чуюць у іншых вёсках і гарадах. Ён ужо не толькі спажывае інфармацыю, а ўдзельнічае ў стварэнні агульнай беларускай прасторы.

    Беларусы не мелі сваёй дзяржавы, якая падтрымлівала б нацыянальную культуру. Тое, што ў нармальных умовах часткова ствараюць дзяржаўныя інстытуцыі: літаратурнае асяроддзе, публічная дыскусія, сувязі паміж адукаванымі людзьмі, пляцоўка для новых ідэяў, паступова ўзнікала вакол «Нашай Нівы».  

    Мне здаецца, гэтая гісторыя шмат што тлумачыць і ў сённяшняй Беларусі. Чаму ўлады так настойліва знішчаюць незалежныя грамадскія арганізацыі, закрываюць культурныя ініцыятывы, пераследуюць выдаўцоў, ліквідуюць адукацыйныя праекты?

    Бо людзі, якія знаходзяць адзін аднаго, рана ці позна пачынаюць нешта рабіць разам. Прычым зусім не абавязкова палітычнае. Яны могуць выдаваць кнігі, ладзіць канцэрты, ствараць школы, дапамагаць суседзям. Але ўжо сам факт, што яны могуць арганізавацца без дазволу начальства, змяняе адносіны паміж чалавекам і дзяржавай.

    120 гадоў таму «Наша Ніва» дала беларусам уяўленне пра сябе як пра супольнасць, здольную дзейнічаць. Узнікла газета, пачалі выдаваць кнігі і наступствам сталі беларускія партыі, жаданне мець сваю дзяржаву. Антон Луцкевіч спачатку быў рэдактарам «Нашай Нівы», яе вядучым публіцыстам, а пасля ствараў Беларускую Народную Рэспубліку.

    У Вільні пакажуць раструшчаны сілавікамі бюст Івана Луцкевіча. Да 120‑годдзя «НН» Беларускі музей адкрывае выставу з унікальнымі экспанатамі

    Беларусь сёння існуе як дзяржава, беларусы маюць досвед незалежнасці, сваю сучасную культуру, літаратуру, медыя. Ня трэба пачынаць усё з нуля. Але адна праблема вельмі падобная. Як захаваць сувязі паміж людзьмі, калі іх спрабуюць ізаляваць адзін ад аднаго?

    «Наша Ніва» не зрабіла беларусаў беларусамі. Яны існавалі і да яе. Але яна дапамагла ім убачыць адзін аднаго, пазнаць сябе ў чужых гісторыях, адчуць, што іхная мова і культура могуць мець будучыню. І гэта стала адным з імпульсаў для таго вялікага руху, які разгарнуўся ў наступныя гады.

    Сто дваццаць гадоў таму беларусы стварылі сабе дом з газеты. І з яго выйшла значна больш, чым маглі ўявіць людзі, якія рыхтавалі першы нумар. У гэтым і ёсць галоўная сіла незалежнай журналістыкі. Яна не можа гарантаваць пераменаў. Але можа дапамагчы людзям знайсці адзін аднаго.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.