• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Улады расказалі, у якім выпадку блогерам TikTok не трэба плаціць падаткі

    У Міністэрстве падаткаў і збораў Беларусі патлумачылі, як ападаткоўваюць дзейнасць блогераў, якія атрымліваюць віртуальныя падарункі ад гледачоў падчас стрымаў на платформе Tik­Tok.

    калі блогерам TikTok не трэба плаціць падаткі

    Ілюстрацыйнае фота: Nataliya Vaitke­vich / pexels.com

    «Гэта не падарунак. Грошы, выведзеныя з Tik­Tok, паступаюць ад замежнай кампаніі (уладальніка плятформы), а не ад фізычнай асобы. Таму льготы на падарункі (артыкул 208 Падатковага кодэксу) тут не працуюць», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

    Паводле ведамства, даходы ад дзейнасьці на Tik­Tok разглядаюцца як даходы з‑за мяжы і на іх налічваецца падаходны падатак у 13%.

    «Блогер — падатковы рэзыдэнт Рэспублікі Беларусі павінен самастойна падаць падатковую дэклярацыю і заплаціць 13% ад усяго заробку», — падкрэсьлілі ў міністэрстве.

    Пры гэтым падатковікі зьвярнулі асобную ўвагу на тое, што толькі ў адным выпадку блогер можа не плаціць падатак: калі грошы пералічваюцца наўпрост на банкаўскую карту блогера без паслугаў унутранай сыстэмы Tik­Tok. «Гэта лічыцца падарункам ад фізычнай асобы. На такія сумы льготы дзейнічаюць, і падатак сплачваць ня трэба», — дадалі ў ведамстве.

    Чаму гэта важна

    Праект дзяржаўнага бюджэту Беларусі на 2027 год прадугледжвае даходы ад падаткаў у 43,508 мільярда рублёў. Падаткі фізычных асобаў ідуць у мясцовыя бюджэты, а іх агульная сума, якую плянуюць на наступны год, стане вядомая толькі пасьля канчатковага ўхваленьня мясцовых і нацыянальнага бюджэтаў. Апошні ў двух чытаньнях ухваліла Палата прадстаўнікоў і перадала на разгляд Савету рэспублікі. Пасьля гэтага рэспубліканскі бюджэт мае падпісаць Аляксандар Лукашэнка.

    Падатковыя органы ня раз заяўлялі, што блогеры не даплачваюць падаткі, аднак у адкрытых крыніцах няма інфармацыі аб адміністрацыйных ці крымінальных справах супраць іх за нясплату падаткаў.

    Вядома, што падатковікі пэрыядычна ладзяць праверкі, найбольшая зь якіх адбылася два гады таму, калі блогеры нібыта не даплацілі «сотні тысяч рублёў падаткаў». Іх выклікалі ў падатковыя інспэкцыі і налічвалі дадатковыя складкі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.